Кнігі — з пісьменніцкіх вандровак.

Калі знаёмлюся з літаратурнай поштай “НГ”, каб падрыхтаваць чарговую “Альтанку”, міжволі адзначаю, што яна разнастайная не толькі па творах, якія прысылаюцца ў рэдакцыю, але і па адрасах...

Вершы, кароткія апавяданні, абразкі, а апошнім часам і легенды на конкурс “Краіна таемных адкрыццяў” прысылаюцца адусюль, з самых розных мясцін нашага краю, і вядома ж гэта не можа не радаваць! Што і казаць, таленавіты наш народ, прыгожы сваім духам і чуйны да мастацкага слова. Шмат хто з нашых людзей носіць у сабе жаданне дакрануцца да чароўнай магіі прыўкраснага слова. Гэта кідаецца ў вочы і тым людзям, што ўпершыню аказваюцца ў Беларусі...

Помню, яшчэ ў пачатку дзевяностых самы першы пасол Расійскай Федэрацыі ў нашай рэспубліцы на пытанне, што найбольш уражвае ў Беларусі, не задумваючыся, адказаў: “Колькасць літаратурных твораў, безліч імёнаў! Якое выданне ні адкрыеш, абавязкова вершы, вершы!...” А як можа ўразіць любога чалавека, хто захоча пазнаёміцца з нашай краінай, краязнаўчы даведнік “Літаратурныя мясціны Беларусі” шаноўнага прафесара Адама Мальдзіса, над складаннем якога разам з ім працавалі і вядомыя навукоўцы Лідзія Кулажанка і Дзмітрый Крывашэй. Гэты даведнік ужо некалькі гадоў друкуецца на старонках часопіса “Маладосць” і, безумоўна, пабачыць свет асобным выданнем. І гэтае выданне будзе ўнікальным! Якое багацце зямлі беларускай праз яго адкрыецца свету!

А тым часам і кожны з нас не-не, ды нечакана, як бы неўспадзеў,  нешта адкрые для сябе важнае... І не проста адкрые, а, зразумела, і захопіцца! Прызнаюся, з вялікай цікавасцю знаёмілася з кнігамі “Астравецкай зямлі галасы” і “Барысаў — горад славуты, горад старажытны”, якія атрымала ў падарунак падчас пісьменніцкай вандроўкі для ўдзелу ў Рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам, чытаем па-беларуску”. Гэтыя кніжкі рыхтаваліся і выдаваліся да друку з рознай нагоды. Першая, якую так рупліва ўклала пісьменніца, галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна Рыбік, — да 540-годдзя гарадскога пасёлка Астравец у 2008 годзе. І як прыгожа яна напісала ў сваёй прадмове: “...гэтую кнігу аб’ядноўвае тое, што менавіта Астравеччына дала крылы талентам усіх сабраных пад адной вокладкай аўтараў.” Другая была выдадзена да Дня беларускага пісьменства, што святкаваўся ў Барысаве, таксама ў тым жа 2008 годзе. А вось і радкі з прадмовы да яе Валянціны Шутко, намесніка старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта: “Выдаючы гэты зборнік, мы падтрымліваем нашых таленавітых землякоў у іх творчых пачынаннях і спадзяемся на з’яўленне новых твораў, якія абуджаюць пашану і любоў да роднай зямлі”. У нейкай ступені гэтыя кніжкі — кнігі-сёстры, іх аб’ядноўвае і родніць найперш бязмежная любоў да сваёй самай блізкай, самай дарагой мясціны, да тых хатак і хат, з якіх выходзілі ў свет, у сваё дарослае жыццё. Шкада, што такія кніжкі не разыходзяцца па ўсёй Беларусі, што іх тыраж разлічаны на пэўную мясцовасць ці як падарунак тым ці іншым гасцям. Што, прынамсі, таксама добра. Як і тое, што ёсць “Народная газета”, ёсць штомесячная “Літаратурная альтанка”, праз якую пра такія таленавітыя і вельмі патрэбныя кніжкі можна расказаць жыхарам усёй нашай краіны. Каб мы ўсе яшчэ больш яскрава маглі ўявіць, якая ж яна прыгожая, мілая наша Беларусь!

Сёлетняе свята “Дзень беларускага пісьменства” будзе праводзіцца ў Глыбокім, на азёрнай Віцебшчыне. І хаця да верасня яшчэ даволі далёка, але кніжкі кшталту “Літаратурная Глыбоччына”, напэўна, ужо складаюцца. Вельмі хацелася б творам такой кнігі прысвяціць адну з “Літаратурных альтанак”, што ў далейшым стала б добрай традыцыяй: кожная такая кніжка хай сабе некалькімі творамі, але выпрабоўвае сябе на чытачах “НГ”, раскрываючы перад імі ўсё хараство родных мясцін. Такім чынам, “Альтанка” чакае літаратурных твораў з Глыбоччыны!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter