Кнігі на любы густ

Больш за 20 краін удзельнічалі ў Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы
На беларускіх стэндах — тысячы новых кнігУ моры друкаваным, што гуло і пералівалася ў Нацыянальным выставачным центры “БЕЛэкспа” па вуліцы Янкі Купалы, кожны з тысяч наведвальнікаў мог знайсці свой “астравок” – кнігу па душы. Я назіраў, як сівыя салідныя мужчыны ўдумліва гарталі тоўстыя тамы: акадэмік Капіца, Канфуцый, вынаходнік Тэсла… Маладыя людзі з жартамі запаўнялі невялічкія лісткі: выдавецтва “Энцыклапедыкс”, вядомае выпускам серыі кнігаў “Хто ёсць хто ў Беларусі”, распачало праект “Нашчадкі беларускай шляхты”. Кожны можа цяпер даведацца, наколькі старажытны мае радавод. Хтосьці набываў прыгожыя кніжкі для дзяцей. Іншыя паглыбляліся ў таямніцы філасофіі, паэзіі, рукадзелля, кухонныя сакрэты розных краін і народаў…

Зрэшты, сярод кніжнага шматгалосся, якое ўтварылі каля 600 экспанентаў, не ўсе аўтары прамаўлялі словамі. Каля аднаго стэнда прыцягнула ўвагу кніга “Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі” Юрася Малаша. “Гэта наш смелы праект: раней падобныя кнігі ў краіне не выдаваліся, а гісторыі еўрапейскага наіўнага мастацтва — за сто гадоў”, — патлумачыў дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” Алесь Карлюкевіч. Больш, аднак, ля гэтага стэнда куплялі кнігу “Сто асоб беларускай гісторыі” журналіста Анатоля Мяснікова.

Спыняюся непадалек ад стэнда маскоўскага выдавецтва “Время”, бачу, як расступаецца народ, прапускаючы невысокую пажылую жанчыну ў чорным берэце. У руках чалавека, што ідзе ёй насустрач, тамы Васіля Быкава. “Жонка Быкава” — чую прыцішаныя галасы. Генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак (які, дарэчы, з Мінска родам і тут пачынаў сваю кар’еру) перадае іх у дар Ірыне Міхайлаўне, удаве пісьменніка. Пазней у расійскім павільёне выстаўкі з удзелам вядомых пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі прайшла і прэзентацыя Збору твораў Васіля Быкава. Падзея: 14 тамоў пісьменніка ўпершыню выдаюцца ў Расіі, прычым на беларускай мове.

Вядома ж, беларускіх выдаўцоў было ў павільёне найбольш — іх выданні шчыльна запоўнілі звыш 400 стэндаў. А ганаровым госцем выстаўкі-ярмаркі на гэты раз стала Дзяржава Ізраіль. З друкаванымі скарбамі, вырабленымі як у ізраільскіх, так і ў яўрэйскіх выдавецтвах у Расіі, Беларусі, грамадскасць знаёмілася ўпершыню. Прычым — з вялікай цікавасцю. “Речица. История еврейского местечка Юго-Восточной Белоруссии”. Пагадзіцеся, ёсць сэнс патрымаць у руках такую кнігу Альберта Кагановіча. Хаця б дзеля таго, каб зразумець: у бязмежным, як гавораць, кніжным моры нас чакае яшчэ нямала адкрыццяў…

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter