Чаму і па сённяшні дзень не перавяліся ўнікальныя іванаўскія бондары

Клёпкі з характарам

КАЛІ гутарка заходзіць пра бондараў, у Іванаўскім раёне найперш успамінаюць пра майстроў з вёскі Рылавічы, слава пра якіх калісьці ішла на сотні (калі не на тысячы) кіламетраў ад гэтых мясцін. І тут жа прыгадваюць сучасны адрас: дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая вось ужо 17 гадоў дзейнічае ў райцэнтры. Яна і рыхтуе бондараў, чые ўменні ў рэгіёне ўсё больш запатрабаваны. Што неабходна для таго, каб стаць сапраўдным майстрам, якія перспектывы чакаюць навучэнцаў пасля заканчэння ўнікальнай установы? На гэтыя пытанні нам ахвотна адказалі самі дзеці і іх выкладчыкі.


– ШКОЛА бондарства працуе з 2000 года, — робіць кароткі экскурс у гісторыю дырэктар Наталля Гацэвіч. — Каля яе вытокаў стаялі загадчык (на той час) аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шаляговіч і таленавіты майстар, архітэктар па адукацыі Васіль Голік. Апошні тады і ўзначаліў школу. Пасля справу працягвала яго жонка Тамара Іванаўна. На ўсю краіну калектыў праславіўся ў 2009 годзе, калі атрымаў Спецыяльную прэмію Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” за захаванне і папулярызацыю старажытных народных рамёстваў. Пасля гэтай прыемнай падзеі навучэнцаў у нас стала яшчэ больш. Зараз, напрыклад, у розных узроставых групах займаюцца 89 чалавек.

Умелымі рукамі выкладчыкаў і іх выхаванцаў зроблена мноства “біянак”-маслабоек, кухляў, кумганаў, анкераў і іншых прадметаў. Кожны з навучэнцаў без ваганняў скажа, што ёмістасць для напояў называецца барылам (калі яно невялічкае, то барыльца). Квас ці піва захоўваюцца ў кумганах або кухлях. Для бутэлек з віном патрэбны бар-кумган...


Усё гэта ўмеюць вырабляць у Іванаўскай школе бондараў. І не проста вырабляць, а пераймаць лепшыя традыцыі славутых майстроў менавіта з вёскі Рылавічы, якая знаходзіцца непадалёку ад райцэнтра. Гістарычны факт: у XVI стагоддзі рылавіцкія бондары рабілі посуд нават для каралеўскага двара.

Слава пра мясцовых майстроў выходзіла далёка за межы вёскі. Яшчэ 30—40 гадоў назад да іх ехалі за драўляным посудам. Але паступова старажытнае рамяство аказалася ў заняпадзе. Не так даўно пайшоў з жыцця апошні бондар з Рылавічаў Сяргей Свірэпа. Гэта ён дапамагаў рабіць інструменты для юных вучняў, калі стваралі школу. А пасля яго нашчадкі прыйшлі сюды займацца. Сёння, напрыклад, няпростую прафесію бондара асвойвае Аляксандр Свірэпа, унук Сяргея Міхайлавіча.

Акрамя вучняў з Іванава, заняткі ў школе ахвотна наведваюць хлопцы з Рудска, Снітава, Сухога і іншых навакольных вёсак. Бяруць на вучобу толькі з сёмага класа. Выкладчыкі тлумачаць гэта тым, што ў малодшых не хапае сіл трымаць у руках сякеру. Раней не набіралі ў групы і дзяўчат. Але жадаючых было так многа, што нядаўна для іх адкрылі асобны клас.

Дырэктар Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці Наталля ГАЦЭВІЧ і вучні Мікалай БАЛЮК, Мікіта ДАЎБНЮК і Станіслаў БОНДІЧ.

— Як вучацца дзяўчынкі? — цікаўлюся ў Наталлі Гацэвіч.

— Не менш старанна, чым хлопцы. Галоўнае, што старажытная прафесія ім вельмі падабаецца.

За тры гады (столькі працягваецца курс навучання) сакрэтамі бондарства можна авалодаць дасканала. Акрамя тэхналогіі вырабу драўлянага посуду, вучняў знаёмяць з матэрыялазнаўствам, чарчэннем, маляваннем, кампазіцыяй і дэкаратыўнай апрацоўкай. Усе гэтыя прадметы юным бондарам неабходна ведаць, бо мала стварыць пэўны выраб — трэба яго як след аздобіць, зрабіць эстэтычным і арыгінальным.


У школе вучаць, як працаваць з кожным дрэвам. Мікіта Даўбнюк, продкі якога былі бондарамі ў некалькіх пакаленнях, дасканала ведае, што ў любога матэрыялу — свой “характар”:

— Посуд, што прызначаны для мёду або квасу, найлепш вырабляць з ліпы. Для збожжа прыгодна сасна. Дуб ідэальна падыходзіць для саленняў, вінных бочак, купеляў. У кадках для цеста трэба чаргаваць дубовыя і сасновыя клёпкі. Толькі так атрымаецца добры выраб.

Набываць драўніну, вырашаць іншыя пытанні школе дапамагаюць раённыя ўлады, мясцовы лясгас. Неабходную падтрымку аказваюць і бацькі. Летась пасля правядзення раённага суботніка частку заробленых сродкаў выдзелілі на набыццё электралобзіка. Такім чынам, у навучэнцаў з’явіўся сучасны інструмент.


Па выніках мінулага года калектыў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці занесены на раённую Дошку гонару. Вырабы яе навучэнцаў добра вядомы па шматлікіх выставах, кірмашах, у якіх юныя майстры ахвотна прымаюць удзел. Зразумела, што не ўсе з іх стануць бондарамі, але з дрэвам навучацца працаваць дасканала. А такі вопыт заўсёды патрэбен, перакананы тыя выхаванцы школы бондарства, якія ўжо выйшлі ў самастойнае жыццё.

kurec.a@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter