У Мядзельскім раёне ў старой школе ствараюць арт-прастору

Клубный прыбытак

БЕРАЖЭННЕ культурнага асяроддзя — задача не менш значная, чым зберажэнне навакольнага, так калісьці казаў акадэмік Ліхачоў. Культура — гэта паўсядзённая творчасць: у побыце і працы, буднях і святах. Як раней, так і цяпер, калыска яе знаходзіцца на вёсцы, дзе ў наш час многія ўстановы, на жаль, закрываюцца. Ды і трымаць іх няма для каго. Але ж у паселішчах хаця б з паўсотняй жыхароў клубы, дамы рамёстваў, майстроў — іх па-рознаму можна называць — патрэбныя. Як захаваць культурны агмень пры абмежаваных бюджэтных сродках?

НЯДАЎНА сірыйскія дзеці, якія адпачываюць у нашай краіне, зрабілі касу мядзельскім народным умельцам. Вось што распавяла дырэктар Дзягільскага дома майстра, умелец па саломапляценні Наталля Карэцкая:

Дырэктар РДК
Вольга ГІРШЫК
прыйшла ў культуру
з сельскай гаспадаркі.
— Гасцей вазілі на экскурсію ў комплекс “Наносы”, куды запрасілі і нас з выставай-продажам. Адзін юнак, на выгляд старэйшы за іншых, спачатку купіў у мяне ляльку-дзесяціручку, потым паклікаў перакладчыка і з шырока расплюшчанымі вачыма слухаў мой аповед пра абярэгі, пра неразлучнікаў — лялек, якія дапамагаюць закаханым, нарэшце папрасіў прадаць некалькі. Праўда, зрабіла я толькі адну — не ведала, што так уразяць. Наогул, саламяныя вырабы добра прадаюцца, аднак і павазіцца трэба. Вось сёння паўдня адну ляльку рабіла. Прадаем жа сувеніры танна, за адзін-два рублі, інакш ніхто на іх і не гляне, акрамя замежных гасцей, якія прыязджаюць не так часта.

Наталля Канстанцінаўна яшчэ і слынная валяльшчыца. Ахвотна перадае сваё майстэрства, нават вяскоўцы здзіўляюцца: даўней жа кожны, хто ўмеў валіць валёнкі, утойваў сакрэты іх вырабу, маўляў, каб іншыя не перабілі руку, а яна майстар-класы праводзіць ды яшчэ сама запрашае: “Прыходзьце, босымі ніколі не застанецеся!” Адзін майстар-клас каштуе 2,5 рубля, але гэта для экскурсантаў, прыезджых, для сваіх, дзягільскіх, выкладае дзедаву навуку бясплатна. Так, план платных паслуг за мінулы год “назбірала” аж на 152 працэнты.

На Мядзельшчыне сетку культурных устаноў трансфармуюць згодна з патрабаваннямі часу. Два дамы культуры ператвораны ў дамы майстроў — Лацвянскі і Дзягільскі. У курортным пасёлку Нарач наогул стварылі Цэнтр культуры і вольнага часу, а ў снежні адкрылі там сувенірную лаўку, куды ўжо здалі на камісію сваю прадукцыю народныя майстры і рамеснікі. Такім чынам будуць папаўняць платныя паслугі. Запрашаюць выстаўляць на продаж вырабы наогул усіх умельцаў Міншчыны. Месца ж курортнае, люднае.


Майстар-клас дае народны ўмелец Наталля КАРЭЦКАЯ.


РАНЕЙ на тэрыторыі курортнага пасёлка былі рыбацкія вёскі Купа, Урлікі, Сцепянева. Потым разбудаваліся санаторыі, інфраструктура і жыллё для работнікаў здраўніц. За дзесяць апошніх гадоў жыхароў пасёлка значна павялічылася, аднак да апошняга часу там не было месца, дзе б тыя маглі праявіць свае таленты. Хіба толькі музычная школа для дзяцей ды невялікая бібліятэка амаль на тры з паловай тысячы пасялкоўцаў. На шчасце, пасёлак паспеў ускочыць у апошні вагон развіцця курортнай зоны згодна з прынятай дзяржпраграмай, і ў 2016 годзе там пабудавалі новую школу. Яшчэ дыхтоўны будынак старой цяпер ператвараецца ў культурную ўстанову. З класных пакояў, што размешчаны ланцужком уздоўж доўгага калідора, ствараецца арт-прастора.

Можаце ўявіць, як няпроста надаць старым класам сучасны выгляд. Напрыклад, прыстасаваць пакоі пад галерэю. Вырашылі прабіць сценкі паміж імі і зрабіць анфіладу з аркамі. Прывабная тынкоўка, прыемны мяккі колер змянілі пакой да непазнавальнасці. Кансультуе ў выбары дэкору сам народны мастак Васіль Шаранговіч, гэта ж будзе яго галерэя. Зараз Васіль Пятровіч падбірае карціны, якія падорыць роднаму краю.

НА Мядзельшчыне трое знакамітых землякоў са званнем “народны”, акрамя Шаранговіча яшчэ Максім Танк і Марыя Захарэвіч, і кожнаму адвядуць месца — хутка з’явіцца гасцёўня Захарэвіч і мемарыяльны пакой Танка. Адрамантаваны класы для заняткаў музыкай. Сюды прыходзяць пасялковыя дзеці, а ў аграгарадку застанецца ранейшая музычная школа.

Тутэйшы мастак Юрый Шчука падарыў свае карціны бібліятэцы, што ўжо перабралася ў цэнтр. Тут і чытальная зала, і абанемент, асобныя апартаменты для дзіцячых кніг, як-ніяк у бібліятэцы 450 юных чытачоў.

Маладому спецыялісту Нарачанскага цэнтра культуры і вольнага часу Вікторыі БАГІНСКАЙ для гуртка выдзелілі «Ямаху».

  Мясцовая зорачка Вікторыя Багінская, якая перамагала на “Музычнай тусоўцы” яшчэ сем гадоў назад, будучы школьніцай, потым скончыла Маладзечанскі дзяржаўны каледж імя М.К. Агінскага і вярнулася працаваць дадому, набрала вакальную студыю і тэатральны гурток. Прыходзяць займацца да яе звычайныя, без музычнай адукацыі дзеці, якіх вучыць вакалу, дарослыя, хто трызніць сцэнай.

З былой спартыўнай залы пераабсталявалі кінатэатр на 49 месцаў. Цяпер сталі даступнымі сусветныя прэм’еры і культавыя фільмы. Наогул, Нарачанскі цэнтр культуры і вольнага часу працуе паралельна з рамонтам, што выконваюць гаспадарчым спосабам, каб абыходзілася танней. На ўсё затрачана 212 тысяч рублёў. Пакуль другое жыццё атрымалі спартыўная зала і адно школьнае крыло, а ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі думаюць, чым, а галоўнае, за што напаўняць іншую прастору. Ёсць дамоўленасць з індывідуальным прадпрымальнікам па адкрыцці дзіцячага кафэ. А вось прыцягнуць малы бізнес у арт-праекты не так лёгка, хоць такі вопыт існуе. Напрыклад, клуб “Культыватар” на Віцебшчыне. Падкінуць ідэю можа і Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова”, дзе складалі такія бізнес-планы.

КАЛІ ж тыя планы ўпіраюцца, нібы ў сцяну, у грошы ці, дакладней, іх адсутнасць, трэба вучыцца зарабляць. Перад Калядамі на Мядзельшчыне правялі шэсць кірмашоў запар на працягу трох тыдняў. Тут табе і гулянне, і выставы народных майстроў. Можна сказаць, нарадзілася новая (ці даўно забытая?) традыцыя. Цікавасць да продажу з забавамі ў жыхароў Мядзельшчыны павялічваецца з кожным годам, пра іх ведаюць нават іпэшнікі з Мінска. Метадыст раённага арганізацыйна-метадычнана цэнтра Тамара Кардзяёнак пераканана, што да кірмашоў інтарэс не спадзе:

— Яны насычаны зместам, атрыбутыкай, традыцыямі, ну і, вядома, вырабамі, таму і ходзіць народ. Яшчэ адна мэта такіх мерапрыемстваў — прабудзіць цікавасць да народнага мастацтва і культуры ў моладзі. Летась ладзілі і калядныя, і велікодныя кірмашы, куды з’ехаліся рамеснікі з іншых раёнаў. Прадпрымальнікі накшталт царкоўнаму звону разносяць інфармацыю.

Даход прыносяць платныя гурткі. У Мядзелі аднавілі дыскатэкі, што прыйшлі было ў заняпад з-за дрэннай залы. Разабралі да бэлек столь, адрамантавалі, купілі новую апаратуру, устанавілі святламузыку, і моладзь зноў пацягнулася ў Дом культуры. Уваходны білет каштуе 2 рублі. Днём у танцавальнай зале праводзяць рэпетыцыі. А дырэктара ДК узгадавала сельгасвытворчая сфера. Былы эканаміст Вольга Гіршык веды атрымала ў Горацкай акадэміі, вопыт — у райаграсэрвісе і цяпер прымяняе ва ўпраўленні даходамі культурнай установы. Пакуль расходаў больш. Аднак ёсць жаданне атрымаць прыбытак.

klimovich@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter