Клас мытнага афармлення

Минобразования дает добро: в минской школе начали готовить будущих таможенников

Мінскія школьнікі атрымалі магчымасць блізка пазнаёміцца з асаблівасцямі прафесіі мытніка. Акрамя таго, вучні першага мытнага класа будуць паглыблена вывучаць дысцыпліны, патрэбныя для паступлення на адпаведную спецыяльнасць факультэта міжнародных зносін БДУ, — матэматыку, рускую або беларускую і замежную мовы. 

Людміла Зезетка, дырэктар сярэдняй школы № 46 Мінска, і Аляксандр Валіеў, начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні, падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.

Дагавор аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці падпісалі Людміла Зезетка, дырэктар сярэдняй школы № 46 Мінска, і Аляксандр Валіеў, начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні (МРМ). 

— Мала каму на ўзроўні сярэдняй адукацыі выпадае магчымасць глыбока вывучыць пытанні, якія звязаны з прафесіяй мытніка, — запэўніў прысутных школьнікаў і іх бацькоў Аляксандр Анатольевіч. Вы даведаецеся, як ажыццяўляецца знешні гандаль, якія патрабаванні дзяржава прад’яўляе да арганізацый, што ім займаюцца, якім чынам на паліцах магазінаў з’яўляюцца імпартныя тавары. Верагодна, не ўсе з вас пойдуць працаваць у органы мытні. Але атрыманыя веды спатрэбяцца і будучым бізнесменам, і тым, хто знойдзе сябе ў іншых сферах дзяржаўнага кіравання. 

Супрацоўнікі мытні паабяцалі вучням мінімум лекцый, максімум экскурсій:

— Арганізуем паездку на пункт мытнага афармлення, пакажам, як тавары рухаюцца праз мяжу, растлумачым, чаму самая буй­ная ў краіне мытня з пункту гле­джання плацяжоў знаходзіцца ў Мінску, а не на мяжы. 

Паказальныя выступленні Фандзі і Асі мелі велізарны поспех. 

Пасля падпісання дагавора гаспадары і госці абмяняліся падарункамі: вучні зрабілі невялікі экскурс у гісторыю школы, якая ў наступным годзе адзначыць 50-гадовы юбілей, а кінолагі аддзела па барацьбе з кантрабандай Мінскай рэгіянальнай мытні Наталля Кварцхава і Наталля Ціханава са сваімі хвастатымі напарніцамі правя­лі паказальныя выступленні. Эпаньёл брэтон Фандзі і ірландскі сэтар Ася шукалі «наркотыкі», схаваныя ў адным з канвертаў з лістамі, пад вопраткай вучняў, нават у зале сярод гледачоў, і мелі велізарны поспех. 

У мытным класе 46-й школы будзе навучацца 29 чалавек. 

— Вучні ўжо гатовы апрануць форму, яны хочуць адчуць сябе ў прафесіі. Праца будзе весціся па трох накірунках. У школе дзеці праслухаюць тэмы па вывучэнні мытнай справы і мытнага права, гісторыі мытні. У БДУ арганізаваны заняткі ў школе будучага мытніка. Плюс МРМ будзе запрашаць нас на экскурсіі, урачыстыя мерапрыемствы, — пералічвае Людміла Зезетка. 

Дзевяцікласнік Аляксей рас­казаў:

— Учора мы ездзілі на факультэт міжнародных зносін БДУ, у школу будучага мытніка. Вельмі ўразіла! Хацелася б займацца ў будучым мытнай справай. Зараз трэба думаць, як набраць пры паступленні 372 прахадныя балы...


— Мы даўно ўзаемадзейнічаем з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць спецыялістаў па мытнай справе. Нярэдка сутыкаемся з сітуацыяй, калі іх выпускнікі або ўвогуле да нас не прыходзяць, або спрабуюць працаваць, але хутка разумеюць, што памыліліся пры выбары прафесіі. Каб па магчымасці пазбягаць гэтага, трэба профільна арыентаваць выпускнікоў школ, — растлумачыў Аляксандр Валіеў прычыны арганізацыі мытнага класа. — Праз камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама мы звярну­ліся з прапановай аб су­працоўніцтве да ўстаноў сярэдняй адукацыі. Адгукнуліся 15 школ, найбольш актыўна ідэю падхапіла кіраўніцтва 46-й школы. Спа­дзяёмся, дзеці зразумеюць, што мытнік – гэта не проста чалавек, якога цікавіць змесціва чужога чамадана на мяжы. 

— Мы зацікаўлены ў тым, каб працаваць да нас пры­хо­дзілі людзі, якія хацелі б служыць і адпавядалі нашым патрабаванням, — падхоплівае Канстанцін Галамідаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы МРМ, куратар профільных класаў. —Права фарміравання класа мы аддалі кіраўніцтву школы, проста вызначылі свае патрабаванні. Гэта ў першую чаргу паглыбленае вывучэнне матэматыкі, рускай або беларускай і замежнай моў з акцэнтам на паступленне ў ВНУ. Мы жадаем мець высокакваліфікаваных спецыялістаў, але трэба, каб вучні спачатку зразумелі, што гэта за прафесія і ці хочуць яны ў ёй працаваць. Паспрабуем максімальна раскрыць яе асаблівасці. Раскажам пра гісторыю мытнай службы, сімволіку, геральдыку, традыцыі. Гэту інфармацыю яны не пачэрпнуць больш нідзе. Вось такая атрымаецца паглыбленая прафарыентацыя. 

nevmer@sb.by

Фота Дзяніса МАЛЫШЧЫЦА. Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Новости