Як на азёрах краiны выратоўваюць рыбу ад замору

Кiслародны кактэйль для карася

Для насельнікаў вадаёмаў надышла небяспечная пара. У замёрзлых азёрах і рэках могуць адбыцца заморы: калі ад недахопу кіслароду рыба пачынае задыхацца. Каб гэтага не здарылася, эколагі выходзяць на лёд і прымаюць меры. Журналісты «Рэспублікі» паўдзельнічалі ў адной з выратавальных аперацый.

Лабарант адбірае пробу вады

Разам з супрацоўнікамі Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выязджаем на безназоўнае возера ў Сельмашаўскім мікрараёне горада. Гэта месца выбрана невыпадкова. У мінулым годзе тут здарыўся замор — загінула шмат буйных рыбін.

— Зараз у рэгіёне налічваецца больш за 260 рэк і 90 буйных азёр, а дробных вадаёмаў — сотні, — інфармуе па дарозе старшыня камітэта Андрэй Сушчэвіч. — Страшнага пакуль не адбываецца — узровень кіслароду ў вадзе вышэй за крытычны паказчык. Але, па прагнозах, лёд будзе трымацца яшчэ каля двух тыдняў. Таму дзейнічаць трэба ўжо зараз.

Зараз у рэгіёне налічваецца больш за 260 рэк і 90 буйных азёр, а дробных вадаёмаў — сотні

Да нашага прыезду праца ўжо кіпіць. За бяспекай назіраюць ратавальнікі таварыства ратавання на водах. Калі ўчастак лёду расчышчаны, адзін з мужчын цягне стартар бензапілы. Незадаволена чмыхнуўшы, яна заводзіцца. Выкідваючы каскад пырскаў, ланцуг лёгка ўгрызаецца ў замёрзлую паверхню. Лёд прапілоўваюць прамавугольнымі кавалкамі, якія тут жа бусаком запіхваюць пад край палонкі. Праз некалькі дзясяткаў метраў робіцца яшчэ адно акно. Пасля гэтага запускаюць мотапомпу. Праз яе праходзіць брызентавы рукаў, па якім пампуецца вада. На выхадзе яна б’е фантанам і вяртаецца ў возера. Робіцца гэта не для відовішча. Чым даўжэй вада знаходзіцца на паверхні, тым больш узбагачаецца кіслародам. Такі метад называецца аэрацыяй і лічыцца найбольш эфектыўным. Хоць і найбольш затратны.

Тым часам дзяўчына-лабарант напаўняе мензуркі і колбы.

— Пробы вады даследуем ужо тыдзень, — расказвае намеснік начальніка Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Назаранка. — Кіслароду павінна быць не менш за 4 міліграмы на дэцыметр кубічны. Калі ніжэй, гэта ўжо небяспечны ўзровень. Але пакуль на вадаёмах, якія мы праверылі ў горадзе і ў раёне, сітуацыя ў норме.

У азёрах і рэках Гомельшчыны жывуць каля паўсотні відаў рыб. Некалькі з іх занесены ў Чырвоную кнігу. Больш за ўсё кіслароду патрабуецца рыбам роду сігавых. Таму звычайна яны насяляюць тыя вадаёмы, дзе вада не замярзае зусім. Крыху менш пераборлівыя сцерлядзь, чахонь, мянтуз, судак і іншыя дробныя рыбы. Яшчэ лепш прыстасаваныя да ўмоў нашых вадаёмаў шчупак, плотка, язь, густэра, лешч, акунь, ёрш. А чэмпіёнамі па выжыванні лічацца карп, лінь, карась, якія здольныя перажываць нават летнія засухі.

Лёд прапілоўваюць прастакутнымі кавалкамі, якія тут жа бусаком запіхваюць пад край майны
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ

Аперацыя па вентыляцыі падыходзіць да канца. Па перыметры палонкі рыдлёўкамі робяць невялікі снежны вал. Зверху ўкладваюць сцябло чароту. Такі навес дазволіць вадзе даўжэй не замярзаць і адпаведна даўжэй насычацца кіслародам.

Па правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі займацца праду-хіленнем замору абавязаны мясцовыя ўлады. Ці карыстальнікі вадаёма, калі ён здаецца ў арэнду. Зрэшты, апошніх угаворваць не трэба. У выратаванні рыбы — іх прамая зацікаўленасць. Ды і проста па-чалавечы яны гатовы прыйсці на дапамогу. На возеры ў гэты дзень разам з усімі працаваў Цімафей Кукса — кіраўнік прыватнага рыбгаса і яго людзі.

Свой уклад у карысную справу ўносяць і простыя аматары, якія дзедаўскім спосабам робяць палонкі. Бо калі на коне лёс будучага ўлову, абыякавых рыбакоў не бывае.

proleskovskiy77@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter