Міжнароднае музычна-спартыўнае свята «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 24—26 ліпеня на беразе Чыгірынскага вадасховішча

Кiрмаш рыбацкага шчасця

Міжнароднае музычна-спартыўнае свята «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 24—26 ліпеня на беразе Чыгірынскага вадасховішча і традыцыйна збярэ больш за тры тысячы ўдзельнікаў і гледачоў з розных краін. 



На маштабным свяце гледачоў чакае мноства сюрпрызаў, адзін з іх — першы ў час «Вялікай бард-рыбалкі» міжнародны конкурс-свята нацыянальных кухняў. Так, вечар беларускай кухні на кулінарнай пляцоўцы «Кірмаш смаку» прадэманструе арыгінальныя нацыянальныя стравы. Вольга Мацікова, намеснік загадчыка кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, адзначыла: «Мы хочам паказаць гасцям конкурсу з нашай краіны, а таксама з-за мяжы, што беларуская кухня — гэта не толькі дранікі. Будзем усіх здзіўляць арыгінальнымі, аўтэнтычнымі стравамі».

Ініцыятары і арганізатары конкурсу агучваюць некаторыя стравы з меню: у якасці халоднай закускі прапануюць шчупака па-бабруйску «Шчасце рыбака», прыгатуюць закуску «Найдалікатны паштэт пячоначны «Фуа-гра адпачывае», асарці «Агародніннае бязмежжа» і нават сушы па-беларуску. Таксама гасцей мерапрыемства здзівяць мачанкай з гарачымі блінамі, бульбай з каўбасой, «пальцам піханай», і многім іншым.

Дарэчы, у другі дзень свята разгорнецца сапраўдная кулінарная бітва з удзелам каманд з чатырох краін — Беларусі, Расіі, Балгарыі, Літвы — і Рэспублікі Татарстан. Стравы прыгатуюць, прадэгустуюць, а журы ацэніць старанні ўдзельнікаў.

Арганізатары «Вялікай бард-рыбалкі» зробяць для гледачоў і маштабнае свята «Лазенькі-2015», на якое збяруцца больш за 20 лазневых майстроў з нашай краіны, а таксама Расіі і Украіны. «Гасцей навучаць вязаць венікі для розных парных стыляў, правядуць майстар-клас па вырабе мыла, а таксама папараць у мабільных і стацыянарных лазнях», — адзначае цікавыя моманты праграмы лазневы майстар Генадзь Мароз, кіраўнік і арганізатар «Лазенькі-2015».

Таксама на свяце, якое па традыцыі пройдзе ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці, гледачоў чакаюць фотавыставы, кінапаказы, разнажанравыя музычныя канцэрты, горад майстроў і многае іншае. Стала вядома і аб ідэі адкрыцця музея рыбалкі і свята «Вялікая бард-рыбалка». Месца для гэтага абрана невыпадкова — пасёлак Грудзічына, дзе ўжо шосты раз пройдзе маштабнае мерапрыемства, першапачаткова быў рыбацкім. Жыхары на берагах Друці, а затым Чыгірынскага вадасховішча заўсёды займаліся лоўляй рыбы і паляваннем. У музеі будуць прадстаўлены аўтэнтычныя экспанаты розных стагоддзяў: керамічныя грузілы, каваныя кручкі, касцяныя гарпуны і іншыя прыстасаванні для лоўлі рыбы. Дарэчы, цікавыя артэфакты для гэтай экспазіцыі могуць прывезці з сабой усе жадаючыя.

ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter