Руководитель Республиканского центра хирургии кисти Павел Беспальчук намерен написать историю своего рода

Кіраўнік Рэспубліканскага спецыялізаванага цэнтра хірургіі кісці Павел Беспальчук: «Да ювелірнай тонкасці вярнуць усё, што стварыла чалавеку прырода»

Жыццё на кожным адрэзку часу дыктуе пэўныя ўмовы існавання, але самае галоўнае — не здрадзіць сваім асноватворным перакананням. Менавіта так імкнецца крочыць па жыцці кіраўнік Рэспубліканскага спецыялізаванага цэнтра хірургіі кісці кандыдат медыцынскіх навук Павел БЕСПАЛЬЧУК. Навуковай дзейнасцю захапіўся ў час вучобы на лячэбным факультэце Мінскага дзяржаўнага медінстытута. Пасля атрымання дыплома займаўся навуковымі даследаваннямі на кафедры траўматалогіі і артапедыі, створанай пры 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у лабараторыі медінстытута. Скончыў клінічную спецардынатуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працуючы дэканам лячфака, а потым рэктарам вышэйшай медыцынскай навучальнай установы, якая ў 2000 годзе атрымала статус Беларускага дзяржмедуніверсітэта, актыўна займаўся навуковай дзейнасцю. Па ініцыятыве маладога вучонага на базе 6-й гарадской бальніцы Мінска ў 1993-м створаны Рэспубліканскі цэнтр хірургіі кісці. Асноўныя даследаванні навукоўца прысвечаны лячэнню траўм кісці.

На рахунку вучонага амаль дзве з паловай сотні даследаванняў, сем патэнтаў, дзясятак вынаходніцтваў і больш за паўсотні рацыяналізатарскіх прапаноў. Ён адзначаны ордэнам Пашаны, медалём і ордэнам Міжнароднай акадэміі імя А. Швейцара, ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, знакам «Выдатнік аховы здароўя» і «Выдатнік адукацыі».


Кабінет кандыдата медыцынскіх навук Паўла Беспальчука на чацвёртым паверсе хірургічнага аддзялення 6-й гарадской бальніцы Мінска, з раніцы нагадвае ўзбуджаны пчальнік: белыя халаты мільгаюць адзін за адным. Акрамя размовы з калегамі-ўрачамі кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра хірургіі кісці Павел Іванавіч паспявае адказваць і на тэлефонныя званкі, а потым, як дзеючы хірург, адпраўляецца ў аперацыйны блок. І так штодзённа на працягу дзесяцігоддзяў. Па шляху бацькі пайшоў і старэйшы сын Андрэй, многа гадоў яны працуюць разам. Высокая сцяна каля стала завешана дыпломамі, граматамі, падзякамі, фотаздымкамі. У кніжнай шафе і на паліцах — спецыяльная літаратура, медыцынскія часопісы. У пакоі нічога лішняга, усё строга па-ваеннаму.

— З дзяцінства так прызвычаіўся жыць, — усміхаецца Павел Беспальчук. — Вырас у сям'і ваеннага лётчыка, маці выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Бацькі мае пасля вайны засталіся сіротамі. У жытомірскай вёсцы таты амаль усе насілі прозвішча Беспальчук. Бабуля была з роду Алейнікаў, а яе брат Міхаіл Алейнік у савецкія часы кіраваў Міністэрствам аховы здароўя Украіны, потым узначальваў у Кіеве навуковы медыцынскі інстытут. Асірацелага пляменніка ўладкаваў у лётную школу. Пасля заканчэння вучобы выпускнікам прысвоілі званне лейтэнанта. Накіравалі бацьку служыць на Дальні Усход. Перад ад'ездам ён ажаніўся. Нарадзіўся я ў прыморскай вёсцы Чарнігаўка, у якой атабарыліся бацькавы землякі-перасяленцы з Украіны. Часта наша сям'я пераязджала з месца на месца. Жылі ў Хабараўску, Жытоміры, Кобрыне, Шчучыне, Мінску. Пасля заканчэння 8 класаў мяне, як выдатніка вучобы, залічылі ў сувораўскае вучылішча. За лета перадумаў і забраў дакументы. З дзявятага класа наведваў клуб юных медыкаў пры Мінскім дзяржаўным медінстытуце. 

— Напэўна, гэта і паўплывала на выбар жыццёвага шляху?

— Канешне. Бацька бачыў мяне ваенным, але не прымушаў да гэтай справы. Школьныя канікулы звычайна бавіў у мамінай сястры Аляксандры Піліпаўны, якая жыла на Жытоміршчыне. Чалавек небывалай сілы волі, яна ў сямнаццаць гадоў па абачлівасці трапіла пад цягнік і засталася без нагі. Інвалідам адправілася ў Маскву вучыцца. Жыла на кватэры ў роднай сястры былога міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі. Як рэліквію захоўвалі два незвычайныя сплясканыя стаканы палітычнага дзеяча Андрэя Грамыкі, падораныя нам. 

У Белакаменнай цётухна атрымала дзве вышэйшыя адукацыі і вярнулася ў родныя мясціны. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала педагогам. Пратэз не пры­знала і карысталася толькі мыліцамі. Брала мяне з сабою адпачываць на Чорнае мора. На мыліцах падымалася на самую высокую крымскую гару, дзе любіў бываць вядомы рускі і савецкі пісьменнік і акадэмік Сяргей Сяргееў-Цэнскі. Цудоўна плавала ў моры. Падыдзе да вады, перадасць мне мыліцы і нырае ў хвалі. Навучыла мяне трымацца на вадзе. Пражыла цётухна 92 гады… З-за ваенных падзей ва Украіне не змог правесці яе ў апошні шлях… Была для мяне другой маці, яе пакуты пасля страшэннай траўмы падштурхнулі паступаць у медінстытут. На выбар прафесіі паўплывалі таксама трылогія Юрыя Германа «Дарагі мой чалавек», цудоўныя савецкія фільмы «Калегі» і «Кожны дзень доктара Каліннікавай». 

Пасля выпускнога вечара ўсім класам сустракалі світанак у цэнтры Мінска. Дакументы трымаў з сабою і раніцай аднёс іх у прыёмную камісію медінстытута. Быўшы медалістам, здаў адзін экзамен на выдатна і стаў студэнтам, як і мая будучая жонка Таццяна Аркадзеўна. У пашпарце яе запісана, што нарадзілася ў Гомелі. Маці яе цяжарнай ехала з Мінска да бацькоў у Чарнігаў, у Гомелі адбыліся роды.

— Вашы сямейныя карані ўкраінскія?

— Пра гэта потым даведаліся. Разам вучыліся ў медінстытуце, а пасля чацвёртага курса пажаніліся. Дыпломы атрымлівалі ўжо з сынам Андрэем. З трэцяга курса мяне захапіла навуковая работа, займаўся ў гуртку траўматалогіі. Калі завяршаў вучобу, док­тар медыцынскіх навук прафесар Аркадзь Сцяпанавіч Крук прапанаваў застацца на інстытуцкай кафедры траўматалогіі. Паралельна я працаваў у 6-й сталічнай клініцы, шмат карыснага пачарпнуў за гады вучобы ў аспірантуры.

— Якому даследаванню прысвяцілі кандыдацкую дысертацыю?

— Лячэнню ізаляваных пашкоджанняў разгінальнага апарата пальцаў кісці. Потым з доктарам медыцынскіх навук прафесарам Анатолем Аркадзевічам Сакалоўскім займаліся астэатаміяй таза. У 1980 годзе, напярэдадні Алімпійскіх гульняў, калі аказваў дапамогу аднаму пацыенту, трэснуў шпрыц у час уколу. Вострым шклом параніў сабе сухажыллі на руцэ. Цудоўны хірург, загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення гарадскога цэнтра траўматалогіі і артапедыі Віталь Ржэўскі ўратаваў руку. Гэты выпадак падштурхнуў мяне перайсці працаваць у аддзяленне хірургіі, дзе шпіталізуюцца пацыенты з пашкоджаннямі кісці. У той час у Савецкім саюзе сталі займацца мікрахірургіяй. Па тэлевізары паказвалі тэлепартаваныя стопы, пальцы рук. Загарэўся ідэяй арганізаваць на базе 6-й сталічнай бальніцы аддзяленне хірургіі кісці. У 1993 годзе, дзякуючы тагачаснаму міністру аховы здароўя Беларусі Васілію Сцяпанавічу Казакову, маю ідэю падтрымалі на дзяржаўным узроўні: у савецкіх гарадах-мільённіках дазволена было адкрываць аддзяленні мікрахірургіі кісці. Большая палова траўм апорна-рухальнага апарата прыпадае на кісці.

— У гісторыі эвалюцыі чалавека асноўная роля належыць рукам. Ваша праца адказная і патрабуе вялікага клопату. Не шкадуеце, што пайшлі гэтым накірункам медыцыны?
— Адзін з вялікіх мудрацоў адзначыў, што кісць — знешні мозг. Ён думае і прымае рашэнне, а рукі выконваюць. З усіх органаў найчасцей траўміруецца кісць. Наш хірургічны цэнтр асаблівы. Аперацыя па замене лагвабедрычнага клуба ці ўстаноўцы пратэза больш падобная на тварэнне скульптара, а на кісці патрабуе ювелірнай тонкасці.
Сярод маіх дыпломаў і грамат на сцяне партрэт амерыканскага вучонага Стэрлінга Бюнеля, заснавальніка хірургіі кісці. Ён назваў яе брыльянтам артапедыі. Шмат карыснага вычытаў па хірургіі кісці ў яго эксклюзіўнай манаграфіі, надрукаванай у 1918 годзе. Свята захоўваю гэты рэдкі экзэмпляр унікальнага выдання на англійскай мове. Акрамя спецыяльных ведаў у кнізе выкладзены ўспаміны аўтара. Па тэлефоне да яго звярталіся жыхары суседніх штатаў за дапамогай. На ўласным аэраплане на пачатку мінулага стагоддзя доктар вылятаў да пацыентаў і аперыраваў іх. Значны ўклад унёс у сусветную медыцыну. Як дарагую рэліквію захоўваю ў сваім кабінеце распрацаванае геніяльным вучоным прыстасаванне для фіксацыі пашкоджанай рукі. Гэта адзіны экзэмпляр у нашай краіне. 

Стагоддзе таму Бюнель папулярызаваў хірургію кісці як асобную дысцыпліну і заснаваў у ЗША спецыялізаванае грамадства. Праз дзесяцігоддзі медыцынскае фарміраванне стала базай для стварэння міжнароднай супольнасці хірургаў кісці. 

— Вы прысвяцілі гэтай важнай справе шмат гадоў свайго жыцця. Як скрыпач павінен мець абсалютны слых, так і хірургу патрэбна асабліва тонкае адчуванне сітуацыі. Ці можна гэтаму навучыць?

— Вынікі нашай працы залежаць ад многіх фактараў. Хірургія кісці патрабуе надзвычайнай ювелірнай тонкасці. Студэнтам пастаянна нагадваю: пацярпелым з траўмай сухажылля рукі неадкладна трэба накласці павязку, спыніць крывацёк і найхутчэй даставіць у наш цэнтр. Там вопытныя спецыялісты, аперацыйныя аснашчаны самым сучасным медыцынскім абсталяваннем і інструментарыем. Усё гэта разам гарантуе поспех. Наша задача — не толькі вярнуць працаздольнасць пацыенту, а дабіцца, каб пасля хірургічнага ўмяшання не засталося шрамаў. Калі сустракаюся з былымі падапечнымі, цікаўлюся іх самаадчуваннем. Нядаўна ў кампаніі медыкаў была жанчына, якой мы з сынам Андрэем выконвалі аперацыю на перарэзаным сухажыллі пальца. Крышкай ад кансерваў яна неабачліва нанесла сабе траўму. Сітуацыя была складаная, але ўдалося вярнуць пальцу функцыю працаздольнасці. Доктар медыцынскіх навук прафесар Мікалай Фёдаравіч Сарока разам з калегамі здзівіліся: палец нічым не адрозніваўся ад іншых. Быццам і не было аперацыі. Зашываць сухажыллі даволі цяжка. Вопытам дзялюся з калегамі: рыхтую навуковыя артыкулы, выступаю на сімпозіумах, навуковых канферэнцыях, кансультую аспірантаў. Перадаю яго і сыну Андрэю. Сам таксама не спыняюся на дасягнутым, цікаўлюся навінкамі хірургіі.

З калегам Яўгенам Белаенкам у 1981 годзе стажыраваліся ў Курганскім навукова-даследчым інстытуце эксперыментальнай і клінічнай артапедыі і траўматалогіі, які меў статус усесаюзнага. Дырэктар яго — выдатны савецкі хірург, спецыяліст у галіне траўматалогіі, клінічнай фізіялогіі апорна-рухальнага апарата і артапедыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Расійскай акадэміі навук Гаўрыла Абрамавіч Ілізараў. Ён не аднойчы наведваў Мінск. Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям'і непадалёку ад Белавежскай пушчы з польскага боку, у мястэчку Белавеж, якое пасля вызвалення Заходняй Беларусі ўвайшло ў састаў БССР. Вучоны шчыра адносіўся да землякоў-беларусаў. Ветліва прыняў нас, пацікавіўся справамі. Дазволіў у час практычных заняткаў фатаграфаваць працэс аперыравання кісці рукі. Гаўрыла Абрамавіч — стваральнік унікальнага апарата для зрашчэння косці пры пераломах. Выкарыстанне яго павышае эфектыўнасць і значна скарачае тэрмін лячэння пераломаў. У той год, калі мы стажыраваліся ў Кургане, Ілізараў атрымаў Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. За стварэнне ўнікальнага апарата для лячэння траўміраванай рукі такой жа ўзнагароды ўдастоены доктар медыцынскіх навук прафесар Рыжскага медінстытута Віктар Канстанцінавіч Калнберз. З ім падтрымліваў сяброўскія адносіны. Апараты вучоных-вынаходнікаў Ілізарава і Калнберза прымяняюцца ў грамадзянскіх і ваенных клініках. 

— Ведаю, Павел Іванавіч, што выязджалі і ў далёкае замежжа. Чым запомнілася стажыроўка?

— Кожная стажыроўка карысная. Шмат пераняў у японскіх калег. Патрапіў у Краіну ўзыходзячага сонца дзякуючы валанцёру Міцуміту Сасакі. У 1995 годзе ён арганізаваў стажыроўку беларускіх медыкаў у медыцынскай школе ўніверсітэта горада Акіта. Узначальвала групу з чатырох чалавек кардыёлаг Беларусі Наталля Міцькоўская, якая зараз кіруе інстытутам кардыялогіі. Так атрымалася, што праз дзесяцігоддзі па запрашэнні японскага боку прайшоў там стажыроўку і мой сын Андрэй. Такія кантакты важныя і патрэбныя, бо ўзбагачаюць ведамі і практычным вопытам.  

— Кажуць, самае простае, чым можна дапамагчы чалавеку, — падтрымаць грашамі. А як вы лічыце?

— Грошы як абязбольвальны медыцынскі прэпарат, які дзейнічае часова. Для доктара важна вылечыць пацыента. Не аднойчы даводзілася сутыкацца з фактамі, калі ў дзіцяці спадчынная паталогія. Перапужаныя бацькі вышукваюць варыянты далёка за межамі краіны, каб знайсці паратунак. Едуць туды, плацяць вялікія грошы. Усё гэта можна зрабіць бясплатна і лепей у нашых дзяржаўных медустановах.

— Да вас звяртаюцца за лячэннем замежныя грамадзяне?

— Раней прыязджалі з суседніх краін Балтыі, Украіны, Расіі і іншага замежжа. Зараз, калі навокал пануе напружанне, колькасць замежных пацыентаў зменшылася.

— Дзе яшчэ на постсавецкай прасторы такія спецыялізаваныя цэнтры, як ваш? 

— Значна раней, чым у нас, адкрыўся цэнтр у Маскве. Расійскія калегі дапамагалі нам у арганізацыі. Зараз працуе міжнародны хэнд-клаб. Прадстаўнікі яго часта наведваюцца ў Беларусь. Чакаем чарговага прыезду ў Мінск замежных спецыялістаў. Многае ў іх пераймаем для сваёй дзейнасці, дзелімся вопытам.  

— Павел Іванавіч, у вашай працы штодзённа ўзнікаюць самыя розныя сітуацыі. Як правіла, яны патрабуюць неадкладнага прыняцця рашэнняў. Часта рызыкуеце?

— Любое аператыўнае ўмяшанне ў арганізм чалавека — рызыка. Інакш немагчыма. Вось мы зараз гутарым, а згодна з працоўным графікам мне трэба будзе аперыраваць пацыентку, у якой пасля пералому няправільна зрасліся кісці рукі. Аперацыя складаная і адказная. Да ювелірнай тонкасці трэба вярнуць чалавеку ўсё, што стварыла прырода. Мне, як хірургу, аднаго старання мала — патрэбны вопыт і веды. Кожная такая аперацыя — выпрабаванне нерваў. 

— Пастаяннае напружанне, адказнасць. Як ваша сэрца ўспрымае такія стрэсавыя сітуацыі?

— Гэта мая паўсядзённая праца. Перад тым як зайсці ў аперацыйны пакой, у думках выстройваю план дзеяння. Кожны выпадак патрабуе асобнага падыходу. Мой дэвіз — не разбураць, а будаваць, вярнуць орган да паўнацэннага функцыянавання. З такім настроем пачынаю аперацыю, і гэта надае ўпэўненасці. Важна яшчэ, хто з табою побач у гэты момант. У нашай камандзе настолькі ўсе адзін аднаго адчуваюць, што без слоў, па позірках разумеюць, што зрабіць. За гады сумеснай працы склаўся маналітны калектыў.  

— Што самае галоўнае ў працы хірурга?

— Быць адданым даручанай справе, не спыняцца на паўдарозе і крочыць толькі ўперад.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца? 

— Ад занадта вялікай уніклівасці, педантычнасці. Нядаўна правёў складаную аперацыю, а на наступны дзень не вытрымаў і з раніцы адправіўся ў клініку, каб зрабіць перавязку. З гэтым паспяхова мог справіцца хтосьці з дзяжурнай брыгады ўрачоў, але ў мяне гадамі выпрацавалася правіла — даводзіць усё да канца. На душы спакайней, калі сваімі вачамі ўбачу, як адчувае сябе падапечны. Абавязвае і клятва Гіпакрата, якой прысягнуў на пачатку працоўнай дзейнасці. 

 — Кім бы хацелі бачыць сваіх нашчадкаў?

— Жонка Таццяна Аркадзеўна пасля заканчэння Мінскага медінстытута і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў сталічных клініках урачом-гінеколагам. Старэйшы сын Андрэй скончыў ардынатуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю і працуе ў нашай клініцы хірургам-траўматолагам. У нас з ім на дваіх быў адзін кабінет. І цяпер, калі Андрэй мае асобны, часта забягае да мяне параіцца, папіць разам кавы. Малодшы Арцём таксама вучыўся ў медуніверсітэце, але памяняў прафесію і стаў дзяржаўным служачым. У нас чацвёра ўнукаў. Старэйшаму Івану 21 год, ён знайшоў сябе ў ІТ-сферы, меншыя вучацца ў школе. Аднаго з іх бачу ў будучым урачом, спадзяваюся, што працягне сямейную дынастыю медыкаў.

— Што яшчэ хочацца здзейсніць?

— Карціць напісаць гісторыю свайго радаводу. Збіраю цікавыя факты з жыцця продкаў. Тры гады таму наведваў малую радзіму маці ў Старабешаве Марыупальскага раёна Украіны. Бацька яе да вайны быў дырэктарам МТС, дзе працавала слынная Паша Ангеліна. З першых дзён вайны ён пайшоў ваяваць. Маці і цётка расказвалі, што іх эвакуіравала са Старабешава на трактары сама Паша Ангеліна. Дзядуля ў Сталінградскай бітве быў паранены, яго камісавалі і адправілі кіраваць цукровым заводам на Жытоміршчыне.

Дзякуючы ўнікальнаму польскаму выданню са спісам пахаваных савецкіх салдат даведаўся, што другі дзед, Павел Дзмітрыевіч Беспальчук, загінуў 26 краса
віка 1945 года ў баі каля польскага мястэчка Кендзежын Опальскага ваяводства. Было яму 41 год. Пахавальную бабуля атрымала ў Дзень Перамогі. Адшукаў і яго баявую ўзнагароду — медаль «За адвагу». У ваенным журнале пазначана, што баец Беспальчук загінуў ад асколачнага ранення. Збярогся яго даваенны фотаздымак. Пры дапамозе сучасных фотаэфектаў зладзіў партрэт дзеда з баявой узнагародай, а захоўвае яго мой унук Іван. Яму працягваць наш сямейны радавод. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter