Стартовал прокат фильма «Уроки фарси», съемки которого проходили в Беларуси

Кіно пра давер

«Урокі фарсі» — сумесны праект Расіі (Hype Film і LM Media), Германіі (One Two Films) і Беларусі («Беларусьфільм»). Праца над ім пачалася яшчэ ў 2013 го­дзе. Першапачаткова рэжысёрам стужкі павінен быў стаць Цімур Бекмамбетаў, але пазней гэта роля перайшла да Вадзіма Перэльмана — рэжысёра ўкраінскага паходжання, які пражывае ў ЗША. Цікава, што значная частка карціны здымалася ў Бабруйскай крэпасці, а ў масавых сцэнах прымалі ўдзел сотні бабруйчан.

simkl.in

У аснову карціны лягло апавяданне Вольфганга Кольхаазе «Персідскі для капо». Дзеянне фільма разгортваец­ца падчас Другой сусветнай вайны ў акупіраванай Еўропе. Бельгіец яўрэйскага паходжання Жыль Крэм'е трапляе ў канцлагер пры спробе збегчы ў Швейцарыю. Падчас перавозкі адзін з таварышаў па няшчасці прапануе Жылю рэдкае выданне кнігі на фарсі ў абмен на бутэрброд. Бельгіец з неахвотай згаджаецца, але менавіта гэта кніга ратуе яму жыццё. Жыль пераконвае нямецкіх салдат, што ён не яўрэй, а перс, і такім чынам пазбягае расстрэлу. Па шчаслівым збегу абставін галоўны кухар канцлагера немец Клаўс Кох якраз шукае перса, які змог бы навучыць яго фарсі. Пасля вайны Кох марыць адкрыць свой рэстаран у Іране. Так пачынаецца гісторыя яўрэя і немца, вязня і турэмшчыка, вучня і настаўніка.

Рэжысёр фільма падкрэслівае, што для яго, яўрэя па паходжанні, было важна папрацаваць над кар­цінай пра трагедыю яўрэяў у Другой сусветнай вайне. Аднак «Урокі фарсі», на яго думку, не пра халакост.

— Гэта кінастужка пра ўзаема­дзеянні паміж людзьмі. Гэта фільм пра давер, — перадае яго словы bbc.com. 

Рэжысёр адзначае, што яго задачай было паказаць нацыстаў не як машыны для забойства, але знайсці ў іх нешта чалавечае.

Сусветная прэм'ера адбылася на Берлінскім кінафестывалі. Публіка сустрэла карціну доўгімі авацыямі. Акрамя таго, стужка ўвайшла ў праграму спецыяльных паказаў 42-га Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. Нарэшце «Урокі фарсі» могуць паглядзець і беларусы — учора ў нашай краіне стартаваў яго пракат.

mila@sb.by

фото simkl.in
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter