Подписан Указ о возобновляемых источниках энергии

Кілаваты ў зялёных тонах

Днямі падпісаны Указ «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі» (АКЭ). Мэта відавочная — збалансаваць развіццё ўсіх відаў генерацыі электраэнергіі з улікам уводу ў эксплуатацыю БелАЭС, які, дарэчы, адбудзецца зуciм хутка. Пасля станцыя будзе выпрацоўваць 18 мільярдаў кiлават-гадзiн электраэнергіі штогод. Значыць, прыйшоў час перагледзець шлях развіцця, у тым ліку для энергіі з аднаўляльных крыніц.

EJ.BY

Сёння сумарная магутнасць установак на АКЭ складае больш за 400 мегават. Дзейнічаюць больш за 50 фотаэлектрычных станцый, 50 ГЭС, каля сотні ветраўстановак, 25 біягазавых комплексаў і 9 міні-ЦЭЦ, што працуюць на дранцы. Пасля рэалізацыі дзяржпраграмы «Энергазберажэнне» чакаецца, што гэты паказчык вырасце і складзе каля 4 працэнтаў ад устаноўленай магутнасці ўсёй беларускай энергасістэмы.

Шмат гэта ці, наадварот, мала? Пытанне спрэчнае. Можна колькі заўгодна ківаць на іншыя краіны, але ў кожнай дзяржавы свой шлях развіцця. Аднак гэта зусім не азначае, што Беларусь не прырастае зялёнымі магутнасцямі. Узяць хаця б ветрапарк магутнасцю 25 мегават, які ў бліжэйшы час плануецца пабудаваць у Лёзненскім раёне. Аб’ём інвестыцый у новы праект — каля 40 мільёнаў долараў.

Відавочна адно: жыць па-старому ўжо не атрымаецца, бо з моманту зараджэння ў нашай краіне тэмы АКЭ прайшло дастаткова часу. Так, калісьці гэты від энергіі меў патрэбу ў сур’ёзнай стымуляцыі, каб развівацца. І ён яе атрымаў. Закон аб АКЭ, які з’явіўся ў 2010 годзе, нават па сусветных мерках быў беспрэцэдэнтным. Ён забяспечваў і высокія тарыфы на куплю зялёнай энергіі, і падатковыя прэферэнцыі ў рамках інвестыцыйных дагавораў. Вынікам стаў рост магутнасцей і колькасці такіх установак. Напрыклад, толькі за 2017 год магутнасць установак АКЭ ў цэлым па краіне прырасла амаль удвая! Але што будзе, калі нічога не мяняць?

Эксперты кажуць: такімі тэмпамі на момант уводу ў эксплуатацыю БелАЭС сумарная электрычная магутнасць установак АКЭ ўзрасце ў 2,5 раза і дасягне ў 2020 годзе больш за 660 мегават. Гэта значыць, гадавы аб’ём водпуску электраэнергіі ў энергасістэму павялічыцца амаль у чатыры разы ў параўнанні з 2017 годам. А галоўнае, у прамым сэнсе абыдзецца такая энергія ўтрая даражэй за традыцыйную — больш чым у 200 мільёнаў долараў. Што ў выніку? Падаражанне для канчатковага спажыўца.

Што тычыцца новага дакумента, нейкіх радыкальных мер у частцы развіцця АКЭ ён не прадугледжвае, кажуць эксперты. Хутчэй, вельмі кропкава ўнясе змены, якія прадыктавала жыццё. Напрыклад, пры размеркаванні квот прэтэндэнты — і гэтая мера больш чым справядлівая — будуць укараняць толькі сучасныя ўстаноўкі. Куплю электраэнергіі ад гэтых установак будуць ажыццяўляць па стымулюючых каэфіцыентах, дастатковых для акупнасці інвестыцый. Акрамя таго, новы дакумент арыентаваны на прыцягванне ў баланс энергіі АКЭ для ўнутранага выкарыстання арганізацый.

Ці адштурхне гэта жадаючых будаваць крыніцы зялёнай энергіі ў нашай краіне? Наўрад. Яны былі і будуць. Хаця б таму, што ў цяперашніх умовах — а ў свеце адбыўся вялікі рывок у галіне тэхналогій — устаноўкі АКЭ сталі нашмат танней. Значыць, патаннела і выпрацоўка самой электраэнергіі. Больш за тое, некаторыя краіны і зусім адмовіліся ад субсідзіравання зялёнай энергіі, лічачы галіну канкурэнтаздольнай. А ў Кітаі энергія АКЭ стала танней за спальванне газу. Так што і нам ёсць да чаго імкнуцца.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter