“Хворая” вёска?!

Назва Язвіны ў многіх можа выклікаць асацыяцыі з назвай сур’ёзнай хваробы. Але разам з тым можа ўзнікнуць і пытанне: а якая існуе сувязь паміж паселішчам і хваробай? Між іншым, пэўную сувязь можна прасачыць.

Мы пражываем у Салігорску. Праязджаючы па тэрыторыі Салігорскага раёна, часта задумваемся аб паходжанні мясцовых назваў. Спрабуем знайсці разгадку. Але не заўсёды атрымліваецца. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца з паходжаннем назвы населенага пункта Язвіны.
З павагай Людміла і Мікалай НАВУМАВІЧЫ, Салігорск

Назва Язвіны ў многіх можа выклікаць асацыяцыі з назвай сур’ёзнай хваробы. Але разам з тым можа ўзнікнуць і пытанне: а якая існуе сувязь паміж паселішчам і хваробай? Між іншым, пэўную сувязь можна прасачыць.
Справа ў тым, што ў беларускай тапаніміі неаднаразова сустракаюцца назвы населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў (рэк, балот, азёр), якія ўтварыліся ў выніку падабенства па форме або пераносу пэўных якасцей прадметаў. Так, круты паварот ракі або дарогі ў народзе называюць каленам, адгалінаванне ад рэчышча ракі, возера — рукавом, вузкую сенажаць на балоце — шыяй, дзірваністы пласт на дрыгве — шубай, высокае месца — чалом. І такіх прыкладаў сярод мясцовых геаграфічных тэрмінаў даволі многа.
Слова “язва” сустракаецца яшчэ ў VI—XIII стст. ва ўсходнеславянскай мове. Так, вядомы расійскі вучоны І. Сразнеўскі засведчыў гэта слова ў значэнні “нара, логавішча” (“Лисиця язвины имять и птиця небесныя гнезда”) і ў значэнні “цясніна, роў” (“Аще въ язвинахъ, или въ местехъ некихъ, или въ чащахъ, или въ лоузехъ, или въ древехъ, отанци идолослоужения да потребятся”).
Сустракаецца слова “язвіна” і ў беларускіх народных гаворках. Так, у “Этнаграфічным нарысе па матэрыяльнай культуры беларускага Палесся”, выдадзеным у 1928 годзе, запісана: “Вёска Язвінкі ляжыць каля невялікага тарфянога балотца. На паўночны захад ад Язвінак знаходзіцца некалькі гнілых балотцаў, якія нават узімку не замярзаюць. Гэткія балотцы ў нас завуцца па-рознаму — норы, вокнішчы і проста язвіны”. Этнограф І.А. Сербаў, які засведчыў гэтыя факты, выказаў меркаванне адносна паходжання назвы “язвінкі”: “Мне здаецца, што Язвінкі атрымалі сваю назву ад гэтых балотцаў, нор, калдобін і язвін”. У гэтых словах і заключаецца разгадка паходжання салігорскага населенага пункта Язвіны. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і тое, што слова “язвіна” сустракаецца ў розных мясцовасцях Беларусі.
Так, язвінай на Століншчыне называюць месца на балоце, якое не замярзае, а на Аршаншчыне, у Буда-Кашалёўскім, Краснапольскім, Лідскім і Навагрудскім раёнах так называюць гнілое балота. Ды і вёска з такой назвай сустракаецца не толькі ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Геаграфія гэтага наймення і яго аднакаранёвых даволі шырокая — з поўначы да поўдня нашай краіны: Драгічынскі (вёска Язвіны), Лунінецкі (вёска Язвінкі), Маларыцкі (вёска Язвін) раёны Брэсцкай вобласці, Светлагорскі (хутар Язвы, вёска Язвінін) раён Гомельскай вобласці, Капыльскі (вёска Язвіны), Уздзенскі (вёска Язвішчы) раёны Мінскай вобласці, Шумілінскі (вёска Язвіна) раён Віцебскай вобласці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter