Лисы, волки, еноты: с чем связаны последние громкие случаи бешенства у диких животных

Хвароба глядзіць воўкам

Днямi шалёны воўк напаў на людзей у Сенненскім раёне, ваўчыца пакусала сялян на Лоеўшчыне, янот блукаў па падворку ў Целяханах — з розных рэгіёнаў краіны перыядычна паступае інфармацыя аб нападзеннях на людзей і свойскіх жывёл хворых дзікіх звяроў. Карэспандэнт «Р» даведалася, наколькі небяспечная хвароба распаўсюджана па краiне і як з ёй змагаюцца.

Свядомыя гаспадары самі прыводзяць любімцаў на прышчэпкі.

З выпадкам шаленства ў Смаля­віцкім раёне Мінскай вобласці апошні раз сутыкнуліся месяц таму, 22 кастрычніка. 

— Захварэў паляўнічы сабака, якому гаспадар своечасова не зрабіў прышчэпку, — расказала Святлана Ліхтаровіч, галоўны ветэрынарны ўрач Смалявіцкага раёна. — Падазроная клінічная карціна ўск­лад­нілася з-за паражэння піраплазмозным кляшчом. Праз некалькі дзён сабака здох, пасля правядзення даследавання пацвердзілася шаленства. Толькі сярод паляўнічых выявілі 14 чалавек, якія маглі мець кантакт з сабакам, — і гэта калі не ўлічваць членаў сям’і гаспадара. У адносінах да ўсіх правялі прафілактычную вакцынацыю. Як стала вядома, раней сабаку вазiлi на паляванне ў Чэрвеньскі раён, які лiчыцца праблемным па шаленстве. 

Галоўная прыкмета хваробы — адмова жывёлы ад ежы і вады. Адрозніваюць ціхую і буйную формы шаленства. Пры першай жывёла паводзіць сябе звычайна, толькі «аб’яўляе галодоўку». Пры буйнай назіраюцца ярка выражаныя агрэсіўныя паводзіны: гадаванец скаліцца, кідаецца з намерам укусіць, грызе неядомыя прадметы. 


— На шаленства могуць хварэць усе цеплакроўныя жывёлы, але найбольш да яго схільныя драпежнікі. Цельцы віру­са ўтрымліваюцца ў сліне, таму перадаюцца звычайна пры ўкусах. Трапляючы ў кроў, яны разносяцца па арганізме і лакалізуюцца ў мозгу. Таму менавіта яго і адпраўляюць на даследаванне пры падазрэнні на шаленства, — працягвае Святлана Генадзьеўна. 

У бягучым годзе на тэрыторыі Смалявіцкага раёна зафіксавана 6 выпадкаў небяспечнай хваробы: два сабакі, дзве лісы, кот і двухмесячнае цяля, якое, відаць, пакусала, забегшы на ферму, шалёная лісіца. Дарэчы, любы дзікі звер, які прыйшоў да людзей, хутчэй за ўсё, хворы: пад уздзеяннем цельцаў віруса Бабеша-Негры знікае пачуццё страху, прытупляецца інстынкт самазахавання.

— Заканадаўствам краіны прад­угледжана штогадовая вакцынацыя дзікіх жывёл. Акрамя таго, ветэрынарныя ўрачы наведваюць падворкі з прапановай бясплатных пры­шчэпак для дамашніх гадаванцаў — вакцына выдаецца з спецыяльнага рэспубліканскага рэзервовага фонду. Свядомыя гаспадары прыводзяць любімцаў ва ўчастковую ветэрынарную лячэбніцу, — пералічвае метады барацьбы з небяспечнай хваробай Святлана Ліхтаровіч. — Дарэчы, рабіць прышчэпкі катам не менш важна, чым сабакам: яны ж паядаюць мышэй, а тыя таксама з’яўляюцца пераносчыкамі шаленства. Што датычыцца лясных драпежнікаў, іх вакцынацыю праводзім пры дапамозе спецыяльных прынад. Гэта невялікі брыкецік, выраблены з сумесі рыбнай і мяса-касцявой мукі, які ўтрымлівае блістар з вакцынай. На кіламетр квадратны раскідваем да 24 такіх прынад два разы ў год — вясной і восенню. Літаральна сёння гэтым займаюцца чатыры чалавекі: два паляўніцтвазнаўцы і два ветурачы.

Брыкецікі з вакцынай.

Масавыя праяўленні шаленства назіраліся ў нашай краіне гадоў дзесяць таму. Зараз дзякуючы вакцынацыі іх стала ў разы менш. І ўсё ж перыядычна хворыя жывёлы сустракаюцца: звяры мігрыруюць, асабліва ў перыяд гону, не ведаючы межаў. Што ж адбываецца ў такіх выпадках?

Максім Маразевіч: «Дзікі звер, які прыйшоў да людзей, хутчэй за ўсё, хворы».
— Калі паведамляюць пра жывёлу, паводзіны якой не характэрныя для віду або проста агрэсіўныя, неадкладна апавяшча­юцца спецы­ялісты дзяржаўнай ветэ­ры­нарнай служ­бы. У выпадку пацвярджэння дыягназу ўстанаўліваецца каран­цін, у перыяд якога галоўны ветэрынарны ўрач раёна каардынуе дзейнасць зацікаўленых службаў, — адзначае Максім Маразевіч, дырэктар Смалявіцкага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. — Нашы дзеянні дакладна апісаны ў адпаведным рашэнні райвыканкама. Згодна з Законам аб зброі мы не маем права страляць у населеным пункце — толькі ў надзвычайнай сітуацыі, у прысутнасці супрацоўніка РАУС, ветурача і пажадана прадстаўніка ЖКГ. Іх і выклікае галоўны ветэрынарны ўрач. Ні егер, ні міліцыянер не могуць кантактаваць з гэтай жывёлай. Калі гаворка ідзе пра хатнюю жывёлу, неабходны дазвол на адстрэл ад яе гаспадара. Паталагічны матэрыял жывёлы паступае ў распараджэнне ветэрынарнай станцыі. 

— Мозг жывёлы адпраўляецца на даследаванне, якое пацвердзіць або абвергне шаленства, — расказвае далей аб ходзе падзей Святлана Генадзьеўна. — Вынік становіцца вядомы на працягу сутак. На ранніх стадыях заражэння бывае, што мікраскапія не выяўляе хваробу. Але паралельна вядуцца даследаванні па біяпробе, якая выдасць вердыкт праз 30 дзён. У любым выпадку астанкі знішчаюцца ў біятэрмічнай яме, засыпаюцца хлорнай вапнай або каўстычнай содай. На месца, дзе знайшлі жывёлу, адпраўляецца машына з дэзінфекцыйнай ус­та­ноўкай, якая ўсё навокал апра­цоўвае спецыяльным растворам. Зразумела, ветурачы працуюць у спецыяльным адзенні, паль­чатках, масках. Зладжанае ўзаемадзеянне ветэрынарнай і эпідэміялагічнай службаў дазваляе эфектыўна прадухіліць далейшае распаўсюджванне хваробы. 

Як паведамілі ў Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча, існуе праграма ліквідацыі шаленства дзікіх жывёл у лясах прымежжа. Так, аральная імунізацыя дзікіх драпежных жывёл у некаторых раёнах Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцей фінансуецца Еўрасаюзам. З дапамогай авіяцыі на тэрыторыі так званай буфернай зоны плошчай каля 56 000 квадратных кіламетраў восенню раскідана 1 377 000 брыкетаў-прынад з вакцынай. У астатніх рэгіёнах аб сродках на імунізацыю дзікіх жывёл клапоцяцца выканаўчыя ўлады. Дзякуючы гэтым прафілактычным мерам дасягнуты істотныя вынікі: калі ў 2011 годзе ў краіне былі зафіксаваны 1372 выпадкі захворвання, то ў бягучым годзе — 399. Часцей на шаленства пакутуюць лісы — 214 асобін. Акрамя таго, у спісе 4 ваўкі, 31 янот, 4 рысі, 3 пацукі, барсук, куніца і нават вожык. 

Пасля правядзення імунізацыі кантралююць яе якасць: здабытых у лясах звяроў правераць на наяўнасць антыцелаў да шаленства. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter