Хваля за хваляй, альбо Што памянялася ў беларускiм FM-эфiры з моманту ўвядзення 75-працэнтнай квоты на вяшчанне беларускай музыкi

Для пачатку задамо “просценькае” пытанне: дзеля чаго ўводзiлася гэтая квота, якiя мэты ставiла ўлада, рэзка абмежаваўшы вяшчанне замежнай папсы i тым самым навёўшы лёгкi пярэпалах сярод беларускiх FM-радыйшчыкаў яшчэ задоўга да 1 студзеня? Зразумелая справа, дзяржава ставiла мэту падтрымаць айчынных выканаўцаў, даць iм файны стымул да творчага росту i, нарэшце, вывесцi беларускi шоу-бiзнес на сучасны, прыстойны ўзровень. Прайшло сем з паловаю месяцаў... Што ў вынiку?..

Канечне, было б наiўным меркаваць, што задуманае намалюецца за якi год цi два, а маем i таго ж меней. Аднак тое-сёе з напрацаванага можна аднесцi ў пазiтыў. Прыкладам, стала насамрэч болей гучаць не проста беларускiх песень, але i беларускамоўных. Як сведчаць апытаннi, тутэйшыя кампазiтары сталi часцей звяртацца да айчынных выканаўцаў i прадзюсераў з прапановамi агучыць, запiсаць новыя творы, напiсаныя спецыяльна для беларускiх спевакоў i музычных гуртоў. З’явiлася беларуская “Песня года”...
А цяпер закранём, хай сабе i не капаючы глыбока, пытаннi праблемнага кшталту. Па-першае, цi стаў FM-эфiр па-сапраўднаму беларускiм? Не крывячы душой i з абсалютнай упэўненасцю кажу: не, не стаў. Уключыце прыёмнiк, прабяжыцеся па FM-хвалях, i вы пераканаецеся, што нiчога iстотнага ў бок беларускасцi не перайначылася. Больш таго, беларускамоўныя песнi калi i гучаць, то пераважна... уначы, калi ўсе нашы працалюбiвыя i талерантныя грамадзяне больш не слухаюць, а глядзяць — спадзяюся салодкiя — сны. Словам, i тут нашы вынаходлiвыя вяшчальнiкi не разгубiлiся, прыстасавалiся: вы нам 75 працэнтаў вашай беларускай музычкi, а мы вас — у музычны начлег!.. Прымушаеце гнаць беларускую хвалю?.. Няма праблем: мы i гонiм яе. I не прычэпiшся, бо тая ж Алена Свiрыдава цi, прыкладам, Юрый Антонаў — па пашпарту нiбы з тутэйшых краёў. А калi так, то i песнi iх — беларускiя. Можа, для песень завесцi пашпарты? Але ж, слухаючы музыку, мы давяраем сваiм вушам, а не пашпартным даным... Такiм макарам можна i Боба Дзiлана (калi добра палазiць па ягоным радаводным дрэве) прылучыць да беларусаў... Карацей, так званая рускамоўная беларуская музыка — гэта, калi казаць новамодным замежным слоўцам, нонсенс. А па-нашаму — проста недарэчнасць.
Цяпер што тычыцца славутага “фармата” FM-станцый... Неабходнасць выконваць патрабаванне Мiнiнфармацыi змушае радыйшчыкаў фактычна скарыстоўваць адны i тыя ж плей-аркушы, тым самым звужаючы жанравае поле музычнага эфiра. Больш таго, радыёстанцыi вымушаны пакiдаць занятыя iмi раней нiшы-плацдармы, размазваючы i тое небагатае нажытае раней (уключаючы свой асабiсты стыль вяшчання) па ўсяму музычнаму спектру. Натуральна, слухачам, якiя прызвычаiлiся i нават палюбiлi свае праграмы, стала няўтульна ў гэткай сiтуацыi. У вынiку — прыкметны адсеў радыёслухачоў. Больш настырныя з iх проста гойсаюць па FM-хвалях, не раўнуючы, як маладыя каты за цацачнай мышкай... Вынiк жа ўсёй гэтай пературбацыi адзiн — рэкламадаўца пачынае недаверлiва i з неахвотай супрацоўнiчаць з FM-станцыямi, у якiх мала слухачоў, патэнцыяльных пакупнiкоў. Кола, як кажуць у такiх выпадках, замкнулася... Але — будзем аптымiстамi — не на век вечны.
Па меркаваннях многiх назiральнiкаў, такая сiтуацыя (пры ўмове паслядоўнага рэфармавання не толькi палiтыкi FM-вяшчання, але i ўсёй палiтыкi ў адносiнах шоу-бiзнеса) носiць часовы характар. А вось гэтай паслядоўнасцi якраз i не хапае не толькi аўтарам “рэфармацыi”, але i самiм вяшчальнiкам. Патрабаваннi ўладаў апошнiя не толькi выконваюць фармальна, але часам проста парушаюць 75-працэнтную квоту.
I яшчэ трэба памятаць: квота на беларускiх выканаўцаў павiнна была, акрамя ўсяго iншага, абаранiць беларускiх слухачоў ад таннай расiйскай поп-культуры, ад гэтай, як казаў адзiн наш вядомы музычны аглядальнiк, “музычнай макулатуры”. На самай жа справе атрымалася так, што наш FM-эфiр стаў усяго толькi дрэннай копiяй расiйскай поп-культуры i, зразумела, яшчэ горшай копiяй расiйскага FM-эфiру. Сапраўды, радыёэфiр запаланiлi малавядомыя, бяздарныя спявачкi, безгустоўныя аматарскiя кампазiцыi, спевакi з песнямi, якiя сорамна слухаць нават у адзiноце... I ў той жа час за бортам радыёэфiру застаецца процьма музыкi дастойнай. Блюз, джаз, тэхнамузыка... Эстрадныя п’есы сучасных беларускiх i еўрапейскiх аўтараў... Дзе ўсё гэта?
Так, нiхто не пярэчыць, што на Беларусi, магчыма, яшчэ недастаткова багата песень для масавага слухача, што ўласна беларускi шоу-бiзнес нiяк не выб’ецца “ў людзi”. Аднак жа зрухi ў гэтым напрамку ёсць, тое не адчувае толькi цi невiдушчы, цi нядобразычлiвец. У Мiнiстэрстве iнфармацыi лiчаць, што для нармальнага запаўнення радыёэфiру беларускай музыкай у месяц павiнна з’яўляцца прыкладна 30 новых песень. Але вось што цiкава: штомесячна ў нашай краiне нараджаецца нашмат болей песень, чым гэтая лiчба... Факт! Iншая справа, што ў плей-аркушы трапляюць з гэтай колькасцi толькi адзiнкi. Не варта сумнявацца ў мастацкiх вартасцях бальшынi песень i кампазiцый.
I, нарэшце, апошняе, пра што варта згадаць, падсумоўваючы “сямiмесячную цяжарнасць” FM-станцый беларускасцю... Можна з ранiцы да ночы вяшчаць беларускую музыку, дапаўняючы яе еўрапейскай, рускай, афрыканскай, але пры гэтым радыёэфiр будзе нагадваць касмапалiтычны кiсель невядомага паходжання. Так будзе заўсёды, пакуль жывое беларускае слова з вуснаў вядучых праграм, дзi-джэяў не запалонiць прастору пад назвай “радыёэфiр краiны Беларусь”... Можа, варта прыслухацца да слоў самага вядомага i аўтарытэтнага генпрадзюсера “Альфа Радыё” (хай сабе i былога) Сяргея Кузiна, якi сказаў аднойчы наступнае: “Трэба зразумець адну простую рэч: прасоўванне нацыянальнай культуры (а радыёвяшчанне — важны яе чыннiк. — Аўт.) звязана з моваю. Беларуская мова — адзiны спосаб заявiць, што беларуская культура нешта сабой уяўляе. Калi няма мовы, то ўсё гэта фiкцыя”?..
Можа, i напраўда трэба прызнаць, што мова — той вузельчык, на якiм усё трымаецца альбо, наадварот — не трымаецца?.. Нешта забаранiць — не самая лепшая мера, нават калi яна ў iмя самага святога на гэтай зямлi. Трэба стварыць нешта лепшае за тое, што ўжо ёсць. Трэба хаця б сфармуляваць умовы для прасоўвання сваiх песень, сваiх канцэртаў, сваiх радыёстанцый. У адваротным выпадку жыццё прымусiць дзейнiчаць неадэкватна: не пускаць з гастролямi замежнiкаў, не прадаваць тут iх кампакт-дыскi, адключаць суседскiя тэлеканалы i г.д. Але ж такiя захады не назавеш цывiлiзаванымi.
Можа, варта прыгледзецца да вопыту iншых краiн, такiх, прыкладам, як Францыя цi Украiна?.. Яны зрабiлi прыкметны крок ва ўмацаваннi нацыянальных культурных пазiцый перад нястрымным нацiскам замежнай масавай культуры. Украiнцы стаўку зрабiлi на стварэнне якаснага музычнага прадукту на ўкраiнскай мове i шмат чаго дамаглiся ў гэтым плане. Пра жывое ўкраiнскае слова на кiеўскiх (i не толькi сталiчных) FM-станцыях i казаць няма чаго: яно там па-гаспадарску ўладарыць якi ўжо год.
У 70-х гадах Францыя проста пакутавала ад засiлля амерыканскай музыкi. Але сiтуацыя памянялася, як толькi былi ўведзены спецыяльныя(!) падатковыя меры, скiраваныя на тое, каб займацца французскай музыкай стала больш выгадна, чым любой iншай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter