Хваля першага патоку. ВНУ пачалi прыём дакументаў

Яшчэ працягваецца тэсцiраванне на бюджэтнай аснове — абiтурыентаў чакаюць тэст-экзамены па замежных мовах i бiялогii, — а ўжо бярэ старт заключная фаза ўступнай кампанii. З першага лiпеня можна падаваць дакументы ў ВНУ першага патоку: Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт, Беларускi дзяржаўны эканамiчны унiверсiтэт, Беларускi нацыянальны тэхнiчны унiверсiтэт, Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, Акадэмiя Мiнiстэрства ўнутраных спраў, Ваенная акадэмiя, акадэмii музыкi i мастацтваў, камандна-iнжынерны iнстытут i Гомельскi iнжынерны iнстытут Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях.
У Ваеннай акадэмii, дзе сёлета на 10 факультэтаў набiраюць прыкладна 560 курсантаў, ужо ёсць больш як 2000 заяў ад кандыдатаў у курсанты. Амаль чатыры прэтэндэнты на адно месца. Нагадаем, што летась сярэднi конкурс у вядучай ВНУ па падрыхтоўцы ваенных спецыялiстаў складаў 3,1 чалавека на месца. Нягледзячы на няпростыя патрабаваннi (кандыдатаў адбiраюць не толькi па вынiках здачы экзаменаў, iх ацэньваюць па маральна-дзелавых якасцях, стану здароўя, фiзiчнай падрыхтаванасцi, праводзiцца прафесiянальны псiхалагiчны адбор) жадаючых атрымаць прафесiю “радзiму абараняць” шмат. Нямала сярод iх i прадстаўнiц цудоўнай паловы чалавецтва. Iх (усяго чатырох!) прымаюць толькi на факультэт сувязi i аўтаматызаваных сiстэм кiравання. I ўжо сёння на кожнае месца прэтэндуюць 13 дзяўчат. Сёлета па-за конкурсам могуць паступiць ваеннаслужачыя, якiя праслужылi ў войсках не менш як год i маюць рэкамендацыi воiнскiх часцей, а таксама кантрактнiкi. “Гэта заканамерна, што перавага ў тых, хто пацвердзiў сваю адданасць ваеннай справе”, — зазначае выконваючы абавязкi начальнiка аддзела iдэалагiчнай работы падпалкоўнiк Аляксандр Марчонак.
Што тычыцца грамадзянскiх ВНУ, то тут у прыёмныя камiсii злятаюцца пакуль што першыя “ластаўкi”. Я завiтала першага лiпеня а дзевятай гадзiне ў Акадэмiю мастацтваў. Ля дзвярэй “прыемнай” стаялi ўсяго пяць абiтурыентаў.  З дзвюма дзяўчаткамi завязалася размова. Вольгi, Палякова i Макарава, збiраюцца паступаць на спецыяльнасць “акцёр лялечнага тэатра”. Гэта даўняя мара выпускнiц СШ N 35 г.Вiцебска. Сяброўкi займалiся ў студыi тэатра iмя Я.Коласа, у школьным тэатры. Будучыя актрысы прад’яўляюць у камiсiю сертыфiкаты ЦТ па рускай мове i гiсторыi Беларусi. Але самае складанае, на iх думку, прайсцi адборачны тур, дзе трэба прачытаць верш, байку i празаiчны твор. “Галоўнае, пераадолець яго, а потым ужо ў астатнiх трох турах лягчэй будзе”, — у адзiн голас кажуць сяброўкi.
Iх нават не вельмi хвалююць невысокiя вынiкi тэсцiравання па гiсторыi роднай краiны. Спадзяюцца дзяўчаты на свой талент, абнадзейваюць сябе iнфармацыяй, што здольных прымалi нават з “тройкамi”.
Пра сёлетнi конкурс у ВНУ гаварыць пакуль што рана. Але, мяркуючы па тым, што ён з кожным годам павялiчваецца, значыць, нiжэй за леташнiя “тры чалавекi на месца” чакаць не даводзiцца. Дарэчы, у мiнулым годзе сярэднi конкурс у БДЭУ складаў 5,5 чалавека на месца, у Беларускiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце — 5,1, у БДУ — 4,3.
Найбольш папулярнымi летась былi наступныя спецыяльнасцi: “Лiнгвiстычнае забеспячэнне мiжнародных камунiкацый” у Беларускiм эканамiчным унiверсiтэце — конкурс быў амаль 28 чалавек на месца, “Мiжнародныя адносiны” ў Белдзяржунiверсiтэце  — прыкладна 20 чалавек, “Праграмнае забеспячэнне iнфармацыйных тэхналогiй” у БНТУ — на одно месца прэтэндавалi каля 10 абiтурыентаў. Як бачым, многiя юнакi i дзяўчаты аддалi перавагу спецыяльнасцям, што эвязаны з эканомiкай. Але i служэнню музам хацелi прысвяцiць сябе нямала абiтурыентаў мiнулага года. У Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў на спецыяльнасцi “акцёр тэатра i кiно” конкурс складаў 8,3 чалавека на месца, на “дызайн” — 7,2.
Абiтурыентам i спачуваючым зараз па-сапраўднаму горача. Як усё будзе, цi здзейснiцца вышэйшая мара атрымаць вышэйшую адукацыю... Крыху спакайней пераможцам рэспублiканскiх алiмпiяд, вядомым спартсменам, якiя могуць паступаць па-за конкурсам, ды тым шчаслiўчыкам, што атрымалi на тэсцiраваннi тры дзесяткi. Фармальна яны ўжо студэнты, але iм усё ж давядзецца чакаць 22 лiпеня, каб убачыць сваё прозвiшча сярод тых, хто паступiў на бюджэтнае аддзяленне. Тыя, каму не вельмi пашанцуе, змогуць паспрабаваць свае сiлы ў ВНУ другога патоку. Магчыма, там удасца трапiць “на бюджэт”. Калi ж зноў не хопiць балаў, то з 3 па 9 жнiўня можна вызначыцца з платным аддзяленнем. Сёлета залiчэнне на платныя аддзяленнi праходзяць у адзiн тэрмiн ва ўстановах як першага, так i другога патоку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter