Хуткая дапамога па-партызанску

Як партызаны сустрэлі ў вёсцы Казулічы няпрошаных гасцей

Сёлета, напэўна, Ганна Міхайлаўна ТРЫЗНА не прыме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі, нават з кіёчкам не зможа пабыць на плошчы ў цэнтры Бабруйска. А як бы ёй, былой партызанцы, хацелася аддаць даніну павагі і памяці ўсім, хто не дажыў да гэтых мірных дзён. Таму толькі ў думках звяртаецца Ганна Міхайлаўна да падзей баявой маладосці.

…Лета 1943 года. З Кіраўска ў вёску Казулічы накіроўваецца атрад карнікаў, каб спаліць яе, бо вельмі ўжо шмат тутэйшых юнакоў і мужчын пайшлі ў партызаны. Разведка лясных змагароў папярэджвае мірных жыхароў, і тыя хаваюцца ў лесе. Тым часам байцы 277-га і 620-га партызанскіх атрадаў рыхтуюцца сустрэць няпрошаных гасцей. І калі раніцай фашысты на дзвюх аўтамашынах спыніліся на вясковай вуліцы, а потым з каністрамі ў руках пайшлі па дварах, народныя мсціўцы адкрылі шквальны агонь з усіх ствалоў.

У тым баі адна машына была падарвана, больш за чатыры дзясяткі захопнікаў палеглі на вуліцы і агародах. Былі захоплены трафеі, але частка карнікаў уцякла на другім аўтамабілі. Не абышлося без страт і ў партызан. На фурманках павезлі загінуўшых і параненых на хутар Бярозавае Балота, які хаваўся ў лесе. Да партызанскага шпіталя ва Усакінскай пушчы было значна далей, а дапамога патрабавалася тэрміновая. У тым ліку і цяжка параненаму Купрэю Лызо, якому адарвала нагу аж да калена. Фельчар Фёдар Ананіч і сын партызана Валодзя рашаюць аперыраваць Купрэя Вавілавіча прама на хутары.

Яны прымушаюць параненага выпіць дзве шклянкі моцнага самагону і прывязваюць яго да доўгай і шырокай лаўкі. Апрацоўваюць нагу, як і звычайную цяслярскую нажоўку, марганцоўкай і адпільваюць костку пад каленам. Швы партызанскія хірургі налажылі звычайнай ільняной ніткай. Пазней параненага пераправілі ва Усакіна на Клічаўшчыне, дзе ўжо дзейнічаў наш аэрадром, а адтуль — на Вялікую зямлю. Калі ў падмаскоўным шпіталі медыкі агледзелі параненага партызана, дык толькі здзівіліся якасці выкананай аперацыі.

Пасля таго як кукса ў Купрэя Лызо зажыла, яму зрабілі пратэз і накіравалі ляснога воіна ў Расію, дзе ён працаваў на абаронным заводзе. У ліпені 1944 года вярнуўся ў вызваленую Беларусь і да старасці ўзначальваў калгас у Клічаўскім раёне. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter