Хутка выпішуць дадому

У Мінску правялі другую аперацыю па перасадцы сэрца дзіцяці

Другую аперацыю па трансплантацыі сэрца дзіцяці правялі ў Мінскім дзіцячым кардыяхірургічным цэнтры РНПЦ «Кардыялогія».

— Дзяўчынцы трынаццаць гадоў, даўно хварэе на дылатацыйную кардыяміяпатыю, пры гэтым захворванні адзінае выйсце — перасадка сэрца, — гаворыць намеснік дырэктара па дзіцячай кардыяхірургіі РНПЦ «Кардыялогія» доктар медыцынскіх навук Канстанцін Драздоўскі. — Аперацыю нам дапамагалі рабіць літоўскія калегі, у якіх даволі вялікі вопыт у лячэнні такіх дзяцей.

Дзяўчынка ўжо пераведзена з рэанімацыйнай у звычайную палату. Побач з ёй мама. Адчувае сябе нядрэнна, добра есць. У бліжэйшыя тыдні юную пацыентку выпішуць дадому, потым яна будзе рэгулярна прыязджаць у цэнтр на абследаваннi.

У Беларусі выканана ўжо больш за 80 перасадак сэрца. У лісце чакання донарскага органа — 35—40 пацыентаў, з іх некалькі дзяцей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter