Запуск — 30 апреля: посмотрели, как готовятся фонтаны к летнему сезону

Хутка ўсё заб’е ключом

З прыходам вясны ў краіне наводзяць парадак на зямлі пасля зімы. Добраўпарадкаваннем займаюцца як арганізацыі і прадпрыемствы, так і ініцыятыўныя гараджане. Ва ўсіх гарадах і раёнах распрацаваны і зацверджаны меры па навядзенні парадку і акультурванні населеных пунктаў. А на 17 красавіка аб’яўлены Рэспубліканскі суботнік. Сезонныя аб’екты таксама ладзяць да гарачага сезона. Пра тое, як рыхтуюць фантаны, каб яны радавалі нас сваёй прыгажосцю да самай восені, даведваўся карэспандэнт «Р».

Перад пачаткам новага сезона з чаш фантанаў прыбіраюць смецце і чысцяць іх.

Генеральная ўборка

Цэнтр горада, вуліца Камсамольская. Тут, за помнікам Феліксу Дзяржынскаму, размешчаны цэлы комплекс з трох фантанаў. Праўда, цяпер яны неактыўныя. Затое ўжо на ўсю моц ідзе падрыхтоўка да іх адкрыцця. За тым, як раскансервуюць вадамёты і рыхтуюць іх да запуску, мы назіраем на свае вочы.

— Сёння па плане працуем на трох аб’ектах, — сустракае нас слесар-сантэхнік УП «Мінскзелянбуд» Дзмітрый Дземчанка. — Гэта старэйшы фантан «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім парку, «Шары» на скрыжаванні вуліц Свярдлова і Ульянаўскай каля БДТУ і «Камсамольскі», каля якога мы зараз знаходзімся.

Перад пачаткам новага сезона з чаш фантанаў прыбіраюць смецце і чысцяць аб’екты. Робіцца гэта як традыцыйным спосабам — звычайнымі венікамі, — так і тэхналагічным — мыйным апаратам пад высокім ціскам. Струмень вады магутным напорам літаральна збівае з чашы брудны налёт, а рэшткавыя шурпатасці, якія не паддаліся сіле вады, зелянбудаўцы саскрабаюць шчоткай. Некалькі рухаў інструментам — і чаша гатова да эксплуатацыі. Зараз можна ўкручваць фарсункі. Гэта такія насадкі на месцы падачы вады, дзякуючы якім струмень імкнецца ўвысь і прыгожа пеніцца. На зіму іх здымаюць, каб прадухіліць магчымыя кра­дзяжы, а цяпер адзін за адным укручваюць. Аналагічныя работы праводзяцца на ўсіх рукатворных гейзерах, якія знаходзяцца на абслугоўванні «Мінскзелянбуда».

— Дзякуючы таму што фарсункі разборныя, удаецца пазбягаць сур’ёзных «затыкаў», — тлумачыць Дзмітрый Дземчанка. — Калі на працягу сезона ў іх забіваецца лісце або іншае смецце, затор маментальна выдаляюць. Робіцца гэта проста: калі заўважаем нерабочы струмень, хтосьці з брыгады абувае боты, лезе і адкручвае праблемную фарсунку, а потым вычышчае пробку.

Важны момант — укручванне фарсунак, дзякуючы якім струмень імкнецца ўвысь і прыгожа пеніцца.

Рыбалка ў фантане

Фарсункі закруцілі, пераходзім да помпы. Электрык правярае аўтаматыку, дзякуючы якой уключаецца і выключаецца фантан. Калі ўсё абсталяванне гатова да працы, чашы фантана запаўняюць вадой да патрэбнага ўзроўню. На некаторых фантанах за гэта адказвае аўтаматыка. Узровень вады ўпаў — прылада самастойна дабаўляе неабходную колькасць. А некаторыя трэба кантраляваць спецыялісту. Важны момант: цяпер запускаюць ваду ў чашы, але не самі фантаны. Гэта толькі падрыхтоўка, каб у дзень адкрыцця сезона струмені вады дружна ўзляцелі ў неба. Дарэчы, адбываецца гэта адначасова на ўсіх фантанах дзякуючы таймерам, на якіх устанаўліваецца час запуску.

— На падрыхтоўку вялікіх фантанаў, такіх, як каля Вялікага тэатра оперы і балета, трэба патраціць цэлы дзень, — расказвае Дзмітрый Дземчанка. — Там велізарная плошча, пасля зімы пяску выграблі нямерана.

Падрыхтоўкай і запускам фантанаў праца абслуговага прадпрыемства не абмяжоўваецца. Важна сачыць за іх спраўнасцю ўвесь сезон, прыбіраць чашы, ліквідаваць магчымыя непаладкі. Напрыклад, летам брыгада аглядае аб’екты кожны дзень, сочыць за парадкам, каб было чыста. Як адзначае зелянбудавец, часта даводзіцца вылоўліваць смецце з дапамогай сачка.

— Калі ў ёмістасці з’яўляецца зелень, вада зліваецца ў каналізацыю і мы апаратам змываем яе, а потым чысцім паверхню, — дзеліцца Дзмітрый Дземчанка.

За фантаны ў Мінску адказвае брыгада з дзевяці чалавек. Тут вам і слесары-сантэхнікі, і слесары-рамонтнікі, і электрыкі. Усе адзін аднаму дапамагаюць. Каманда пачала рыхтаваць рукатворныя гейзеры да запуску ў канцы сакавіка. Абслугоўваць водную феерыю зелянбудаўцы будуць да кастрычніка, калі звычайна сезон фантанаў падыходзіць да канца.

Абслугоўваць водную феерыю зелянбудаўцы будуць да кастрычніка, калі звычайна сезон фантанаў заканчваецца.

Воднай феерыі быць!

— Практычна ўсе фантаны ўжо раскансерваваны і гатовы да запуску, — дзеліцца начальнік участка эксплуатацыі гарадскіх фантанаў УП «Мінскзелянбуд» Васіль Бахар.

Сезон фантанаў сёлета ў сталіцы стартуе 30 красавіка, калі надвор’е не падвядзе. У 15:00 у пятніцу 37 гейзераў пачнуць працаваць адначасова.

— Складанасці ў эксплуатацыі фантанаў у нашым клімаце ўзнікаюць з-за прамярзання і высыхання глебы. На зіму іх даводзіцца кансерваваць. Мы змазваем дэталі, якія падвяргаюцца карозіі. Вялікія страты наносяць і вандалы — ламаюць, крадуць, — расказвае Васіль Бахар.

Не толькі людзі прычыняюць шкоду, але і жывёлы. Напрыклад, фантан на Свіслачы пакутуе ад птушак, якія сваімі дзюбамі парушаюць працу сістэмы. Абслуговай арганізацыі застаецца з разуменнем ставіцца да птушыных выхадак і своечасова ліквідаваць непаладкі. Здараецца, што на працу гейзераў уплываюць і планавыя работы іншых гарадскіх службаў.

— Ёсць пакуль пэўныя пытанні з фантанам каля аэрапорта. Там ідзе будоўля, таму ў нас адрэзана электра- і водападача. Гэты фантан, магчыма, уключым крыху пазней, — мяркуе Васіль Бахар. — А вось на астатнія ставім таймеры, і ўсе яны запрацуюць адначасова па ўсім горадзе.

Паводле слоў спецыяліста, пасля ўключэння аб’ектаў значна ўплываюць на іх працу ўмовы надвор’я. Калі тэмпература паветра на вуліцы будзе ніжэй за 10 градусаў, усе фантаны спыняцца. Моцны вецер таксама можа стаць прычынай адключэння. У астатнім воднай феерыі не пера­шкодзяць ніякія замінкі.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter