Хутка, гібка, творча

Мінаблвыканкам правёў выязное пасяджэнне ў Дзяржынску

Сацыяльная адказнасць бізнесу пры ініцыятыўнай падтрымцы эфектыўных прыватных уласнікаў з боку дзяржавы

Такая формула работы была прапанавана на IV Усебеларускім народным сходзе. У тых рэгіёнах, дзе яе адразу прынялі да дзеяння, малы і сярэдні бізнес займае ўсё больш важнае месца ў развіцці эканомікі. Прыклады эфектыўнага гаспадарання ў гэтым сектары паказаў Дзяржынскі раён у час чарговага выязнога пасяджэння Мінаблвыканкама. Прадпрыемства «Таспо-Ф» па вырабе радыятараў на аснове айчынных навуковых распрацовак, цяплічная гаспадарка «Андрусера Агра» па вырошчванні кветак, шматфункцыянальны аб’ект прыдарожнага сэрвісу «Веста». Гэтыя розныя па напрамках суб’екты гаспадарання аб’ядноўваюцца ўменнем эфектыўна арганізаваць вытворчы працэс.

«Зараз Дзяржынскі раён падобны на вялікую будаўнічую пляцоўку, дзе рэалізуецца шмат інвестыцыйных праектаў, розных па маштабах і накірунках. Калі так удасца «раскруціць» работу і ў іншых раёнах, то агульныя вынікі будуць значна лепшымі», — ацаніў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура.

Прынцыповая размова аб развіцці малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах Міншчыны адбылася ў час пленарнай нарады. Агульнавядома, што гэты сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае занятасць, дабрабыт насельніцтва, нараджае здаровую канкурэнцыю, насычае рынак новымі таварамі і паслугамі.

Зараз удзельная вага малых і сярэдніх арганізацый у агульным аб’ёме ВРП Міншчыны паступова павялічваецца, па выніках мінулага года гэты паказчык чакаецца на ўзроўні 28 %. Але для таго каб выканаць пастаўленую задачу — да 2015 года давесці долю прадпрымальніцтва ў ВРП да 50 %, — трэба працаваць закасаўшы рукавы. За чатыры месяцы бягучага года ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў бюджэт вобласці паступіла амаль 2 трлн. рублёў, што ў паўтара раза больш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд. Удзельная вага плацяжоў у агульных паступленнях склала 41,1 %. Пераважная частка арганізацый засяроджана ў Мінскім, Барысаўскім, Маладзечанскім, Слуцкім, Салігорскім, Дзяржынскім раёнах. Галінова найбольш прадстаўлены гандаль, затым сфера паслуг, прамысловая вытворчасць, будаўніцтва, сельская і лясная гаспадарка. Як падкрэсліў Барыс Батура, даводзіцца канстатаваць, што тэрытарыяльна і галінова структура недасканалая, адсюль відавочныя рэзервы і накірункі далейшай працы.

Старшыня камітэта эканомікі Дзмітрый Паўловіч адзначыў, што ў многіх раёнах прыватны бізнес сканцэнтраваны ў сферах, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі і значных фінансавых укладанняў. Таму рэгіёнам зараз неабходна звярнуць большую ўвагу на прыцягненне прыватных інвестыцый для стварэння навукаёмістых прамысловых вытворчасцей, якія дазволяць забяспечыць устойлівае эканамічнае развіццё.

«Калі ў раёне слаба развіваецца нейкая галіна, то неабходна гібка, творча шукаць магчымасці для арганізацыі вытворчасці, прыцягнення да гэтага малога і сярэдняга бізнесу. Пры ўсіх станоўчых тэндэнцыях даводзіцца гаварыць, з аднаго боку, пра адсутнасць належнай увагі да развіцця прадпрымальніцтва ў асобных кіраўнікоў рэгіёнаў, з другога — пра адсутнасць неабходнай ініцыятывы ад бізнес-супольнасці. У краіне створаны нармальныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. На Міншчыне працуюць бізнес-інкубатары, можна атрымаць гранты, ёсць розныя іншыя спосабы аказання фінансавай дапамогі. Але гэта пакуль не заўсёды спрацоўвае. Вымушае жадаць лепшага і актыўнасць насельніцтва, з якім трэба весці больш грунтоўную растлумачальную работу, жыва, вынікова і без фармалізму», — зрабіў акцэнт Барыс Батура. Ён прапанаваў трымаць арыенцір на западную мадэль, дзе колькасць малых фірм складае 70—90 % ад агульнай колькасці ўсіх прадпрыемстваў, яны даюць 50—70 % прыросту ВРП, забяспечваюць працоўнымі месцамі да двух трэціх ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Нормай лічыцца наяўнасць аднаго малога прадпрыемства на 30—50 жыхароў. Па гэтай схеме на Міншчыне павінна быць ад 28 да 47 тыс. малых прадпрыемстваў, пакуль што іх 18 тыс. 677 суб’ектаў без уліку ІП.

Тым не менш за год агульны сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прырос больш як на 5700 аб’ектаў. Як адзначыў Дзмітрый Паўловіч, адным з фактараў росту актыўнасці стала дзеянне Дэкрэта № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці». Толькі ў мінулым годзе падатковымі льготамі скарысталіся 192 суб’екты гаспадарання на суму 47,3 млн. рублёў. Разам з тым мытнымі льготамі скарысталіся больш за 2 тыс. арганізацый, якія ўвезлі тавараў для ўкладу ў статутны фонд на суму больш за 714 млрд. рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter