Хто засее Косава поле Украіны

Пасля рэалізацыі мінскіх палітычных дамоўленасцей аб перамір’і на паўднёвым усходзе Украіны, дасягнутых афіцыйным Кіевам і самаабвешчанымі ДНР і ЛНР у верасні 2014 года, было спадзяванне, што адбылося не проста спыненне баявых дзеянняў і гібелі людзей, а вызначаны адзіна правільны шлях да мірнага дыялогу.
Пасля рэалізацыі мінскіх палітычных дамоўленасцей аб перамір’і на паўднёвым усходзе Украіны, дасягнутых афіцыйным Кіевам і самаабвешчанымі ДНР і ЛНР у верасні 2014 года, было спадзяванне, што адбылося не проста спыненне баявых дзеянняў і гібелі людзей, а вызначаны адзіна правільны шлях да мірнага дыялогу. Аднак днямі, падчас аднаўлення баёў за Данецкі аэрапорт, сітуацыя на паўднёвым усходзе моцна абвастрылася. Усё пайшло не так. Згаданы стратэгічны аб’ект, ад якога ў выніку баёў засталіся толькі руіны, відаць, мае сімвалічны сэнс: хто ім валодае, той і кантралюе вароты на Данбас. Па сутнасці, тэрыторыя аэрапорта цяпер стала адмысловым украінскім Косавым полем і пакуль невядома, каму ў будучым яго засяваць. Супрацьстаянне Захаду (ЗША, Еўрасаюз) і Расіі, якая не лічыць сябе ўдзельнікам унутрыўкраінскага канфлікту, хутчэй за ўсё выйшла на новы віток гістарычнай спіралі.
Пачалося ўсё з гібелі пасажыраў аўтобуса пад Валнавахай, а прэзідэнт Пётр Парашэнка паабяцаў суайчыннікам вярнуць Данбас у склад краіны. Кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка ўпэўнены, што Украіна такім чынам “выйшла з рэжыму перамір’я ў аднабаковым парадку”.

“Разкансервацыя” ўзброенага процістаяння ідзе на фоне афіцыйна абвешчанай з 20 студзеня мабілізацыі ва Узброеныя сілы Украіны, чацвёртай па ліку. Чакаецца, што ў 2015-м пад ружжо будуць пастаўлены ад 100 да 200 тысяч чалавек.

Гарады і вёскі Данецкай і Луганскай абласцей знаходзяцца пад шчыльным абстрэлам артылерыі, з абодвух бакоў “лініі фронту” гінуць ваеннаслужачыя і мірныя жыхары, зноў разбураныя жылыя дамы, бальніцы, школы. Чарговая трагічная навіна прыйшла ўчора з Данецка, дзе снарад трапіў прама ў прыпынак грамадскага транспарту. Паводле розных звестак, загінулі ад 13 да 15 чалавек, вельмі шмат параненых. Абодва бакі канфлікту адмаўляюць сваё дачыненне да гэтага.

Баявыя дзеянні яшчэ нідзе не прыводзілі да міру і ўрэгулявання палітычных рознагалоссяў: суветная супольнасць усур’ёз занепакоена гэтымі трагічнымі падзеямі.

Беларусь падтрымлівае Украіну, згодна з яе дзеючай Канстытуцыяй, як адзіную ўнітарную дзяржаву і выключае федэралізацыю гэтай краіны. Наша  ж краіна заўсёды выступала супраць любых узброеных канфліктаў, кровапраліцця, грукату гарматаў замест дыпламатыі і ніколі не дазволіць іншым краінам уводзіць войскі з нашай тэрыторыі на тэрыторыю Украіны.

Зараз Кіеў і апалчэнцы гавораць, што маюць намер вярнуцца да перамоў, выканання мінскіх дамоўленасцей, але рэальных крокаў у дадзеным напрамку пакуль не бачна. Упэўнены, што толькі палітычнымі сродкамі, улічваючы інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны, можна выйсці з гэтай даволі няпростай сітуацыі, спыніць вайну. Каб, у рэшце рэшт, на зямлю шаноўных украінскіх сяброў прыйшоў доўгачаканы мір.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter