Хто цяпер у “Віце” гаспадар?

Па натуры былы марак Вікенцій Махнач вельмі ўважлівы, прыкмячае тое, што, бывае, не заўважыць іншы. Камяні з выбітымі на іх крыжамі і паўсферамі ён, жыхар вёскі Вайнідзеняты, што на Смаргоншчыне, знайшоў на ўскрайку лесу. Сярод камянёў, што былі сабраны з поля. На выгляд звычайныя, нічым не прыкметныя валуны. А калі прыгледзецца, то на адным выразна бачны абрысы крыжа, і на другім з цягам часу яны пачалі праяўляцца. Вікенцій перацягнуў камні да сваёй хаты, і цяпер яны — галоўная адметнасць вёскі.
Незвычайныя выявы на камені
Па натуры былы марак Вікенцій Махнач вельмі ўважлівы, прыкмячае тое, што, бывае, не заўважыць іншы. Камяні з выбітымі на іх крыжамі і паўсферамі ён, жыхар вёскі Вайнідзеняты, што на Смаргоншчыне, знайшоў на ўскрайку лесу. Сярод камянёў, што былі сабраны з поля.
На выгляд звычайныя, нічым не прыкметныя валуны. А калі прыгледзецца, то на адным выразна бачны абрысы крыжа, і на другім з цягам часу яны пачалі праяўляцца. Вікенцій перацягнуў камні да сваёй хаты, і цяпер яны — галоўная адметнасць вёскі. “Вось глядзіце, малюнак крыжа ўжо выявіўся, а тут толькі з’яўляецца, — дэманструе выявы на камянях гаспадар. — Хутчэй за ўсё, малюнак быў і раней, ды зарос зямлёй і мохам, цяпер пад уздзеяннем ветру і дажджу чысціцца”. Паходжанне выяў спрабуюць высветліць навукоўцы Беларусі і Польшчы, ідзе скрупулёзны аналіз знаходак.
А наогул Смаргонская зямля, лічыць вясковец, тоіць шмат рэчаў, якія трэба толькі ўмець знаходзіць. Больш за трыццаць гадоў адхадзіў па марах Вікенцій Махнач і вось кінуў якар на сваёй малой радзіме. “Мне раілі лепш у Смаргоні будаваць дом, а мне спадабаліся Вайнідзеняты, — успамінае ён. — Прыгажосць тут — не апісаць. У мяне двое хлопцаў падрастаюць, таму спачатку для іх вялікі дом збудаваў. Агарод пры ім, сад пасадзіў, цяпліцы паставіў, у двары сажалку выкапаў для рыбалкі. Курэй завёў. А каб хлапчукі маглі спортам займацца, купіў каня, байдаркі, равары”.
Вікенцій Махнач стаў удзельнікам праекта “Невядомая Еўропа” і стварыў аграсядзібу “Віта”. Гаспадар прапануе гасцям цікавыя паходы — пешшу, сплаў на байдарках, катанне на кані, велавандраванне. Вялікай папулярнасцю карыстаецца шасцігадзінная экскурсія па месцах баёў Першай сусветнай вайны. “Адпачыць у мяне можа кожны, — нахвальвае мясціну гаспадар. — Прыязджаюць студэнты з палаткамі. І сам вялікую палатку для начлегу мадэрнізаваў — спачатку турысты адпачывалі ў ёй на зямлі ў спальніках, цяпер зрабіў насціл з матрацамі”.
Калі рыцарскі клуб “Смаргонская харугва” стаў у аграсядзібе ладзіць свае турніры, Вікенцій Махнач задумаў з імі збудаваць… рыцарскае паселішча. Усё будзе там: і рыцарскае рысталішча, і кухня, і свой млын, каб малоць муку на бліны. А вяселлі калі спраўляюць у “Віце”, то гэта не проста застолле. Жаніхі тут і гіры падымаюць, і на турніках падцягваюцца, і на кані спрыт дэманструюць…

Пятро Лодкін
На здымку:
Незвычайныя выявы на камені
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter