Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Святочным гала-канцэртам завяршылася рэспубліканская спеўная акцыя “Харавое веча”

Хто спявае, той шмат сяброў мае

Слаўныя традыцыі харавых спеваў яшчэ і ў эпоху інтэрнэта не зніклі — жывуць у розных месцах Беларусі. Пра тое сведчыць і нядаўняя рэспубліканская спеўная акцыя “Харавое веча”, якая завяршылася ў Мінску святочным гала-канцэртам. Паглядзець-паслухаць было што: “Харавое веча” сабрала сёлета 78 прафесійных і аматарскіх калектываў, прыехалі моладзевыя й дзіцячыя хары навучальных установаў з усёй Беларусі. Урачыстая і яркая падзея, безумоўна, запомніцца найперш самім спевакам-харыстам, яна ж прыцягнула ўвагу жыхароў і гасцей сталіцы.

На гала-канцэрце “Харавога веча” каля Нацыянальнай бібліятэкі
Фота: Эла Оліна

У канцэртнай праграме гучалі песні на вершы Максіма Багдановіча, Адама Русака, Янкі Купалы. Як вядома, фестывалі народных спеваў карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў Латвіі, Эстоніі: на іх збіраюцца тысячы людзей. Ці будзе развівацца такая традыцыя на Беларусі — пра тое мы запыталі ў Дзмітрыя Хлявіча, дырыжора Дзяржаўнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. “Спадзяемся, што так і будзе, — адказаў ён. — Мы часта выязджаем з канцэртамі ў розныя гарады Беларусі, выступаем перад юначай аўдыторыяй. Вядома ж, імкнемся папулярызаваць музычныя творы, якія робяць гонар Беларусі, нашаму народу, прайшлі выпрабаванне часам. Стараемся рабіць больш прывабнымі й класічныя творы”.

Сёлета, нагадаем, адзначае 80-годдзе Беларуская дзяржаўная філармонія. Кіраўніцтва, іншыя таленавітыя людзі, што там працуюць, таксама шмат сіл укладваюць у тое, каб не сыходзілі ў нябыт харавыя традыцыі беларусаў, паспяхова здзяйсняліся цікавыя спеўныя праекты. Адзін з такіх светлых, адданых песні людзей — народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча Міхаіл Антонавіч Казінец.

Дыпломы, падзякі за папулярызацыю нацыянальнай спеўнай спадчыны атрымалі ўдзельнікі “Харавога веча” з розных гарадоў. Сярод ушанаваных — хары “Скарбонка” з Гомеля, “Крынічка” з Салігорска, “Зараніца” са Светлагорска, творчыя калектывы “Крэда”, “Рэвіс”, “Дабравест” і “Гаудэамус” з Мінска ды іншыя.

Эла Оліна

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter