Хто сказаў, што людзi не лятаюць?

Яшчэ з вулiцы я заўважыў, як нейкi чалавек ля свайго дома круцiўся з iнструментамi вакол металiчнай канструкцыi, якая вельмi паходзiла на самалёт.
— Канструкцыя мая, — з гонарам пачаў “прэзентацыю” цуда-тэхнiкi яе аўтар Васiль Акiнчыц, былы ваенны, а цяпер электрык у Ружанах Брэсцкай вобласцi. — Мне б знайсцi ўвесь неабходны матэрыял, трошкi вольнага часу i сiл — за некалькi месяцаў давёў бы справу да канца. Займаюся гэтым апошнiя сем гадоў.
— Паляцiць? — з недаверам запытаў я.
— А куды ён падзенецца! Сам палячу. Тры сыны падрастаюць, будуць дзяўчат катаць. Плошча крылаў такая, што вытрымае i пяць чалавек.
— Па навуцы робiце цi па iнтуiцыi?
— Канешне, па навуцы. Усялякiх формул, разумных кнiжак хапае. Сам у паветраных войсках служыў, шмат чаго там даведаўся. Даўно гэтым займаюся — хата завалена рознымi авiямадэлямi.
Самалёт, якi на сваiм агародзе збiрае ружанскi канструктар, павiнен атрымацца высокатэхналагiчным. “Гэта — ад МiГ-25, гэта — ад Су-27, колы — ад платформы, на якiх танкi на парашутах скiдваюць, гэта — ад стратэгiчнай ядзернай ракеты, з дапамогай якой Хрушчоў абяцаў амерыканцам “кузькину мать” паказаць. Усё ад спiсанай тэхнiкi, але некаторыя вузлы, матэрыялы могуць яшчэ добра паслужыць, штосьцi будзе ад аўтобуса, магутны рухавiк абяцалi знаёмыя байкеры падарыць”, — працягваў пераконваць у сур’ёзнасцi сваiх намераў Васiль Акiнчыц. А для пацвярджэння трываласцi сваiх камплектуючых учапiўся рукамi за металiчны каркас самалётнага крыла i трошкi павiсеў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter