Вынікі рэйда ДАІ: толькі адзін з трыццаці вадзіцеляў не змяніў летнюю гуму на зімнюю

Хто паслiзнуўся на дарожцы

Итоги рейда ГАИ: только 1 из 30 водителей не поменял летнюю резину на зимнюю
Змяніць летнюю гуму на зімовую ДАІ раіла вадзіцелям, калі сярэднясутачная тэмпература перастала падымацца вышэй +7. З 1 снежня за язду на летніх пакрышках пачалі штрафаваць. Разам з інспектарам ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска карэспандэнт «Р» праверыла, ці ўсе вадзіцелі «пераабуліся».


Вечарам рух на вуліцы Арлоўскай асабліва інтэнсіўны. Пралятае адна легкавушка, другая, трэцяя... Усе на зімовай гуме. Дарэчы, зараз такое надвор`е, што на летняй гуме вырашыцца выехаць толькі самы адчайны аўтамабіліст — на дарозе галалёдзіца.

— Якраз 1 снежня выпала шмат снегу. Былі заносы і дробныя ДТЗ. Адно з іх здарылася на Чарвякова, — успамінае акалічнасці здарэння старшы інспектар ДПС Аляксей Хадасевіч. — Сутыкнуліся дзве легкавушкі. Вадзіцель апошняй спрабаваў тармазіць, але быў на летняй гуме. Не ўлічыў, што на слізкай дарозе яе каэфіцыент счаплення з дарожным пакрыццём памяншаецца ў разы, а тармазны і прыпыначны шлях павялічваецца. І заехаў у «Рэно», што рухалася перад ім.

20 хвілін мерзнем у чаканні парушальнікаў — і нікога. Зразумела, на бяспецы не варта эканоміць.

Аляксей Хадасевіч спыняе чырвоны Citroen.

— Усесезонка, — інспектар паказвае на шыны з надпісам All Seasons. — Вышыня пратэктара — 4 мм. Гэта неабходны мінімум.  Але ў нас ездзіць на іх узімку непажадана: нягледзячы на маркіроўку, усесезоннымі іх можна назваць вельмі ўмоўна. Яны больш падыходзяць для цёплых і маласнежных зім.

Вадзіцель Citroen Аркадзь і сам разумее, што усесезонная гума — не вырашэнне праблемы. Пры вялікіх маразах Аляксей Хадасевіч рэкамендуе выкарыстоўваць спецыяльна прызначаныя для такіх умоў пакрышкі з індэксамі: Winter (W — «Зіма»), M + S (Mud + Snow — «Бруд + Снег»). На такіх пакрышках аўтамабіль будзе ўстойлівы на зімовай дарозе:

— Пару тыдняў таму спыніў Peugeot, а ў яго на пярэдняй восі «зіма», а на задняй — «усесезонка». Некаторыя, спрабуючы сэканоміць ставяць «зіму» толькі на адной вядучай восі, а на задняй наогул «лета» пакідаюць. Гэта забаронена. Адрозныя па каэфіцыентах счаплення колы пярэдняй і задняй восі могуць прывесці да заносу.

Досыць часта на зімовых шынах побач з маркіроўкай можна
ўбачыць малюнак сняжынкі або воблака


А што з маршруткамі? Пад`язджаем да прыпынку грамадскага транспарту і разглядаем колы пад`язджаючых мікрааўтобусаў. Усе як адзін у «зіме».

— Перад выездам у рэйс маршруткі, як і ўвесь гарадскі пасажырскі транспарт, праходзяць перадрэйсавую праверку. Машыну на летняй гуме ніхто не паставіць на лінію, — Аляксей Хадасевіч супакоіў мяне і іншых пасажыраў грамадскага транспарту.

Адпрацаваўшы Арлоўскую, рухаемся да Харужай. Спыняемся ля адной са шматпавярховак і аглядаем прыпаркаваныя ў крайняй правай паласе аўтамабілі — парушальнікаў няма. А вось у двары гэтай самай шматпавярхоўкі знаходзім Audi, вырабленую ў мінулым стагоддзі, якая мерзне на летніх шынах.

— Хутчэй за ўсё, «пралеска», — робіць выснову Аляксей Хадасевіч, агледзеўшы машыну, на якой, па ўсіх прыкметах, даўно не ездзілі.

Гэтую Audi Аляксей Хадасевіч бярэ на аловак.

І ўсё ж, нягледзячы на ўхвальную законапаслухмянасць нашых аўтамабілістаў, аднаго парушальніка мы ўсё ж знайшлі. Гэта вадзіцель чорнай Toyota.

— Купіла шыны яшчэ два тыдні таму, ды ўсё ніяк часу не знайду з`ездзіць у СТА «пераабуцца», — апраўдваецца аўталэдзі, у якой на колах «лета», а ў багажніку «зіма».

Аплаціўшы штраф, дзяўчына паабяцала, што сёння ж пасля працы абавязкова наведаецца ў шынамантаж.

Мінімальная колькасць парушальнікаў не здзівіла інспектараў: штрафы кусаюцца. У першы раз прыйдзецца расстацца з сумай да 1 базавай велічыні, паўторнае парушэнне на працягу года —  ад 2 да 5 базавых. Лепш пусціць гэтыя грошы на новыя шыны.

— З сабой пажадана мець поўнапамерную запаску з зімовай гумай. Ці мала што можа здарыцца ў дарозе, — напрыканцы раіць аўтамабілістам Аляксей Хадасевіч.

Іна ГАРБАЦЕНКА

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter