Сельхозпредприятиям ОАО «Любиново» і «Подъельцы» необходимо ликвидировать отставание в заготовке кормов

Хто на сянаж, хто на ворыва

Гэтыя сельгаспрадпрыемствы ААТ «Любінова» і «Пад’ельцы» ў Міёрскім раёне — суседзі. Іх збліжае таксама вырашэнне агульных праблем. Адна з іх — неабходнасць ліквідаваць адставанне ў нарыхтоўцы кармоў. Зараз абедзве гаспадаркі вядуць жніво, рыхтуюцца да сяўбы азімых. І пры гэтым працягваюць закладваць сянажныя траншэі. 

Механізатар Юрый Валеўка каля свайго КВК-800.

У «Пад’ельцах» цяпер закладваюць сянаж са шматгадовых траў ля жывёлагадоўчых памяшканняў у Канахах. Косіць травастой Міхаіл Пятроў, з граблямі працуе Мікалай Рубаха. Іншы раз яго можа замяніць Аляксандр Гаўрыльчык, калі надвор’е не выпускае ў поле замацаваны за ім збожжаўборачны камбайн. Адвозяць зялёную масу Уладзімір Хадасевіч, Іван Дзямід. Раней побач з імі працаваў з ПІМам Валерый Развадоўскі, аднак яму толькі што даручылі займацца ворывам пад азімыя.

У ААТ «Любінова» напаўняецца траншэя саламанажу з траў другога ўкосу і аўсянай саломы ля фермы «Галіеўшчына». Трамбаваў яе на «Амкадоры» Сяргей Марцінкевіч. Ля Дзеверак касіў шматгадовыя травы на КГ-6 Ігар Сіповіч. На пагорках ля Гараняў зграбаў правяленую зялёную масу Мікалай Цітовіч. Падбіраў яе і здабняў на КВК-800 Юрый Валеўка, адвозілі з вялікагрузнымі прычэпамі Алег Лапкоўскі, Уладзімір Валеўка ці Іван Паплаўскі.

— Адставанне ад мінулагодніх аб’ёмаў па нарыхтоўцы травяных кармоў у нас невялікае, — лічыць дырэктар Васіль Яфімаў. — Сенажу ўжо закладзена больш за 4400 тон, гэта каля 75 працэнтаў да планавай колькасці. З сенам крыху адсталі, з сіласам па агульных запасах выйдзем на леташнія рубяжы. Работы на кармавым полі паскорацца, калі скончым жніво, на яго нам патрэбны 3—4 дні добрага надвор’я. Таму адзін камбайн з чатырох ужо накіравалі абмалочваць агароды вяскоўцаў. Андрэй Катовіч на энерганасычаным «Беларусу-3022» уключыўся ў ворыва глебы пад азімыя.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter