Уже прошел таможню и готовится к тестовым испытаниям: чем примечателен новый шестивагонный дизельный поезд БЖД

Хто на новенькага

Беларуская чыгунка пра­водзіць тэставую эксплуатацыю новага шасцівагоннага дызель-цягні­ка PESA. Учора ён прайшоў мытню. Спецыялісты польскай кампаніі-вытворцы ўжо пачалі пусканаладачныя работы, не за гарамі хадавыя выпрабаванні на інфра­структуры БЧ. Яго будуць абкатваць без пасажыраў у свабодныя інтэрвалы часу і па менш напружаных участках. Яшчэ два такія ж цягнікі прыедуць у лакаматыўнае дэпо Мінск да канца лета, тры — у першым паўгоддзі 2020 года. Карэспандэнт «Р» пазнаёміўся з навінкай бліжэй.

Першакласны камфорт


— Прасторны салон, мяккія крэслы, інфармацыйная аўдыё- і відэасістэма для пасажыраў, — экскурсію па новым цягніку праводзіць асабіста начальнік аддзела лакаматыўнай службы БЧ Валерый Мазец. — Усе месцы забяспечаны індывідуальнымі разеткамі для падзарадкі гаджэтаў, таксама ў дызель-цягніку ўстаноўлена абсталяванне для забеспячэння доступу да бесправаднога інтэрнэту.

З хуткасцю да 140 км/г новы цягнік з камфортам даімчыць да пункта прызначэння 326 пасажыраў. У адным з вагонаў ёсць ізаляваная зона бізнес-класа на 25 месцаў: у кожнага пасажыра — адкідны столік, скураныя сядзенні з індывідуальным рэгуляваннем спінкі крэсла і падлакотнікаў, падстаўкамі для ног. Таксама ў салоне першага класа ёсць кавамашына і гардэроб для верхняга адзення.

А вось другі клас ненашмат уступае ў камфорце. Хіба што замест скураных сядзенняў — тканінныя, яны вузейшыя на пару сантыметраў, i гардэроба няма — ёсць толькi вешалкі.

У кожным вагоне ўсталявана сістэма кандыцыянавання паветра, прадугледжана прылада цеплавых заслонаў уваходных дзвярэй. На маніторах у вагонах транслюецца інфармацыя аб тэмпературы паветра за бортам, час і хуткасць руху, а таксама маршрут руху цягніка. Новы цягнік «вірлавокі» — яго ўнутраная сістэма відэаназірання выводзіць карцінку на манітор у службовым памяшканні для праваднікоў, вонкавае відэаназіранне — на пульт кіравання машыніста.

Польскі вытворца ў сілах літаральна нашпігаваць цягнік электронікай і тэхнічнымі гаджэ­тамi, праўда, і кошт білета ўзрасце. У цяперашняй камплектацыі БЧ пастаралася заняць залатую сярэдзіну — кошту і якасці.

Паездка без абмежаванняў


У салоне новага цягніка таксама ёсць і шматфункцыянальная зона для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчы­масцямі, пасажыраў з дзіцячымі каляскамі, веласiпедамі і буйным багажом. Для іх зручнасці — паніжаная падлога, адкідныя трапы і дзверы з высоўнымі прыступкамі, якія адчыняюцца пры націску спецыяльных кнопак, а падчас руху блакіруюцца. У цягніку ўсталяваны чатыры туалеты вакуумнага тыпу, адзін з іх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама абсталяваны спавівальным столікам. Інфармацыя ў салоне дубліруецца для невідушчых пасажыраў шрыфтам Брайля.

Старыя знаёмыя


Рамонтныя брыгады і машы­ністы лакаматыўнага дэпо Мінск добра знаёмыя з цягнікамі PESA. Чатыры такія ж, толькі трохвагонныя, ужо ёсць у парку. Дарэчы, у правах машыніста ўказаны допуск да кіравання вызначаным цягавым рухомым саставам. Рэдкі машыніст дэпо не марыць прайсці навучанне на PESA: заработная плата павялічыцца, а ўмовы працы — на зусім іншым узроўні, чым, напрыклад, на звычайным цеплавозе.

Аднавагонныя цягнікі PESA таксама курсіруюць на пуцях Магілёўскага і Гомельскага аддзяленняў БЧ, трохвагонныя — атрымалі прапіску ў парку лакаматыўных дэпо Магілёў і Мінск. Рамонт цягнікоў патрабуе выдаткаў, а калi рабiць гэта за мяжой, то яшчэ і значных. Аднак з PESA яны не пагражаюць — усе этапы яго абслугоўвання праводзяцца ў нашай краіне. Планавае тэхнічнае абслугоўванне PESA — у дэпо Магілёў, Калінкавічы і Мінск, бягучы від рамонту ТР-2 і сярэднія віды рамонту — у Лідзе. Сярэдні від рамонту — сур’ёзная працэдура, прадугледжвае пад’ём дызель-цягніка, выкатку цялежак, здыманне гідраперадач, разборку дызельнага рухавіка і хадавой часткі.

Пакуль дакладна невядома, калі першы шасцівагонны PESA будзе запушчаны ў эксплуатацыю, але адбудзецца гэта да канца года. Спачатку састаў павінен прайсці прыёмачныя выпрабаванні. Плануецца, што новыя дызель-цягнікі ДЦ6 будуць перавозіць пасажыраў па маршрутах міжрэгіянальных ліній бізнес-класа Мінск — Віцебск, Мінск — Гродна і Мінск — Магілёў.

ФАКТ

Тэрмін эксплуатацыі новага цягніка — сорак гадоў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter