Хто ўмее сябраваць

Шмат дзе ў рэгіёнах краіны здолелі наладзіць цесныя партнёрскія сувязі з арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой
Шмат дзе ў рэгіёнах краіны здолелі наладзіць цесныя партнёрскія сувязі з арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой.

Беларускія фальклорныя фестывалі збіраюць землякоў з усяго светуЖывая і па сёння традыцыя талакі, сумеснай працы, скажам, на будаўніцтве новага дома, уборцы ўраджаю сведчыць: мы добра засвоілі спрадвечную мудрасць сяброўства.

Цяпер, як бачна, стваральны патэнцыял беларускай талакі набывае іншы маштаб: мы вучымся сумесна працаваць і на міжнародным узроўні. Кіраўніцтва шэрагу рэгіёнаў Беларусі не проста запрашае землякоў з замежжа “разам патанцаваць ці паспяваць” на святах, але і наладжвае з імі дзелавое, узаемакарыснае супрацоўніцтва ў будзённых справах. Заахвочвае такія кантакты і дапамагае іх наладжваць апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі.

“Мы праводзім конкурс “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой” дзеля таго, каб скарыстаць вялікі патэнцыял дыяспары, пашырыць дзелавыя кантакты, супрацоўніцтва землякоў замежжа з беларускімі рэгіёнамі, — патлумачыў стратэгію такіх захадаў на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх суполак замежжа Упаўнаважаны Леанід Гуляка. — У сённяшніх умовах дапамога суайчыннікаў у наладжванні партнёрскіх сувязяў з замежжам надзвычай актуальная. Мяркую, у суполак абавязкова ёсць кантакты з мясцовымі адміністрацыямі. Калі вы паспрыяеце наладжванню сувязяў з нашымі вытворцамі, то карысць ад гэтага будзе ўсім. Вядома, напрамую мала хто з вас гандлюе з Беларуссю. Але ваш аўтарытэт – таксама сіла, і яе варта плённа выкарыстоўваць”.

Вядома, дапамагаць дзелавым людзям — гэта, на першы погляд, не так эфектна, як ладзіць культурна-асветніцкія мерапрыемствы. І вынік бачны не адразу. Аднак дзякуючы гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву з рэгіёнамі Беларусі, лічыць Леанід Гуляка, дыяспара зможа набіраць ачкі ў сваёй рабоце: “Мясцовая ўлада вас толькі больш пачне паважаць, калі ўбачыць вас і ў такой справе, што вы ўмееце не толькі фестывалі і конкурсы праводзіць, не толькі спяваць ды танцаваць. Вядома ж, і гэта патрэбна, аднак мы жывем у прагматычным свеце. І таму такімі, я б сказаў, эканамічна-палітычнымі пытаннямі суполкам, на мой погляд, таксама варта займацца”.

Як наладжвалася супрацоўніцтва летась? Нядаўна ў апараце Упаўнаважанага зрабілі аналіз сітуацыі. Прэс-сакратар Міхаіл Рыбакоў паведаміў, што матэрыялы на конкурсны разгляд падалі Клічаўскі і Дубровенскі райвыканкамы Магілёўшчыны, Ганцавіцкі Брэстчыны, Смаргонскі і Іўеўскі Гродзеншчыны, а таксама Наваполацкі і Віцебскі гарвыканкамы, адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска. «У 2008 годзе дзякуючы ўзаемадзеянню выканаўчых і распарадчых органаў улады Беларусі з арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой падпісаны новыя прамыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галінах культуры, адукацыі, спорту і турызму, гандлю і іншых паміж мясцовымі органамі дзяржкіравання Беларусі і краін знаходжання беларускіх суполак», — удакладніў ён. У прыватнасці, такія пагадненні падпісаны ўладамі Смаргонскага раёна і органамі самакіравання горада Вісагінаса (Літва), гарадскімі ўладамі Віцебска і Даўгаўпілса (Латвія). Амаль пяць гадоў адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска супрацоўнічае з мэрыяй Маарду (Эстонія), а Наваполацкі гарвыканкам – з Беларускім культурным цэнтрам «Крок» з літоўскага Вісагінаса. Райвыканкам Іўя праз кіраўніка праекта «Карані: Ізраіль-Беларусь» падтрымлівае сталыя кантакты с ураджэнцамі Іўеўскага раёна, якія жывуць у замежжы.

А вось навіны з беларускага Палесся. Падпісана пагадненне паміж Ганцавіцкім райвыканкамам і грамадскай арганізацыяй «Беларуская сябрына Львоўскай вобласці» (Украіна) у сферы адукацыі. Наладжаны кантакты паміж Ганцавіцкім і Туркаўскім (Львоўшчына) раёнамі. За словамі ужо ёсць справы: распрацавана і зацверджана праграма Ганцавіцкага райвыканкама па рэалізацыі пагаднення.

Аддзел культуры Дубровенскага райвыканкама ў якасці моцнай кансалідуючай сілы скарыстоўвае Міжнародны фестываль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Удзельнічаюць у ім, прычым ужо не адзін год, калектывы і выканаўцы з асяродкаў беларускай дыяспары Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Расіі і Польшчы.

Што ж, хто ўмее сябраваць, той і ў выйгрышы. За межамі Беларусі нядаўна Ганаровыя граматы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама каштоўныя падарункі за паспяховую рэалізацыю праекта “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой” атрымалі: Беларускі культурны цэнтр «Крок» (г. Вісагінас, Літва), Даўгаўпілскае беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» (Латвія), Беларускае культурнае таварыства г.Вентспілса «Спадчына» (Латвія), грамадская арганізацыя «Беларуская сябрына Львоўскай вобласці» (г.Львоў, Украіна), Беларускае культурнае таварыства «Ялінка» (г. Маарду, Эстонія).

Граматы і каштоўныя падарункі ўручаны таксама іх дзелавым партнёрам у Беларусі. Іх атрымалі адміністрацыя Фрунзенскага раёна г. Мінска, Наваполацкі і Віцебскі гарвыканкамы, а таксама Дубровенскі, Ганцавіцкі, Іўеўскі, Клічаўскі і Смаргонскі райвыканкамы.
Як паведамілі ў апараце Упаўнаважанага, конкурс і цяпер прадаўжаецца. Як у ім паўдзельнічаць — можна даведацца на інтэрнэт-сайце апарата Упаўнаважанага.

Іван Яцкавец
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter