Хто круцiць рулетку?

У iгравой установе спрабавалi «зацiснуць» буйны выйгрыш клiента

У iгравой установе спрабавалi “зацiснуць” буйны выйгрыш клiента

Трыццацiгадовы бабруйчанiн (назавём яго Мiхей) зрэдку наведваўся ў залу iгравых аўтаматаў, якая размяшчалася амаль побач з яго домам. А потым усё часцей, бы што цягнула… Гэткая не надта здаровая цiкавасць абудзiлася. Як лiшняя капейка — дык i нёс яе туды. Назад вяртаўся пры пустых кiшэнях, але гэта распальвала яшчэ больш: няўжо не дамагуся выйгрышу?

I вось аднойчы звыкла ўсеўся за iгравым аўтаматам: той коўтаў адну грашовую купюру за адной, а на чарговай нiбыта спатыкнуўся i раптам агучыўся бравурнай мелодыяй, абвясцiўшы, што выйгрыш склаў 10 мiльёнаў рублёў. Мiхей ледзь з крэсла не кульнуўся: вось яно, iмгненне ўдачы! Аднак работнiкi iгравой установы не спяшалiся раздзяляць радасць клiента, павiншавалi, як кажуць, праз зубы i выдалi 2,5 мiльёна рублёў. «А астатнiя?» – спытаў той. «Ведаеце, — адказалi яму, — у нас такiя правiлы: калi выiгрышная сума буйная, то яна выдаецца на працягу трох банкаўскiх дзён. Так што давядзецца пачакаць».

Ну i хай сабе, разважаў Мiхей, тым больш што на руках у яго быў спецыяльны купон, якi пацвярджаў выйгрыш. Аднак тры днi прайшлi, а з залы iгравых аўтаматаў – нi гуку… Пачаў туды званiць, а потым зайшоў: «Дзе мае грошы?» Мiхея кармiлi абяцанкамi: маўляў, пацярпiце, суму трэба сабраць. I зноў маўчанне… Клiент на нервах, памчаўся ва ўстанову, гэткi свой крык душы выказаў у кнiзе скаргаў i прапаноў. Думаў, пасля гэтага да яго заспяшаюцца з выйгрышам. А замест гэтага прыйшла афiцыйная папера, у якой чорным па белым было напiсана, што такi буйны выйгрыш на дадзеным аўтамаце… немагчымы, нешта «заела» ў праграмным кiраваннi. Таму iгравая плата адпраўлена на завод — выпрабавальнiк аўтаматаў ва Украiну на экспертызу. Толькi пасля гэтага будзе прынята канчатковае рашэнне: выдаваць астатнюю суму выйгрышу цi не.

Мiхей быў у роспачы: што выдумваюць кiраўнiкi iгравой установы? Ён выйграў – плацi грошы! Аднак тыя вiдавочна адмаўлялiся гэта рабiць. Што далей? Вырашыў звяртацца з iскавай заявай у суд, добра яшчэ, што дакумент аб рэгiстрацыi выйгрышу нiкуды не падзеў.

Неўзабаве адбылося судовае пасяджэнне з удзелам прадстаўнiка мiнскай фiрмы, якой належала iгравая зала. Той з той жа «песняй»: маўляў, адбыўся збой у рабоце аўтамата, таму выйгрышны працэнт значна пераўзышоў устаноўлены, яшчэ i абвiнавацiў клiента, якi, на яго думку, недобрасумленна скарыстаўся ўзнiкшай сiтуацыяй… Аднак суд, узважыўшы ўсе «за» i «супраць», устаў на бок iстца, абавязаўшы ўладальнiкаў iгравой залы выплацiць яму ўсю суму, якую належыць. Тыя абскарджвалi прыгавор у абласным i рэспублiканскiм судах, але i там iх не падтрымалi.

Днямi я патэлефанаваў Мiхею з намерам даведацца, як iдзе яму выплата астатняй часткi выйгрышу, бо з моманту суда прайшло некалькi месяцаў. «Выплацiлi, — адказаў ён, — але не да канца. Чакаю астатнюю частку».

— Ну а як з iгравой залай, не цягне больш туды?

— Лепей на гэту тэму не размаўляць: не хачу чуць i бачыць, мяне проста адвярнула… Я пераканаўся, якая гэта несур’ёзная «кухня», цяпер гэта не па мне!

I яшчэ пра адзiн факт, звязаны з iгравой справай, расказалi мне ў судзе. Адзiн мiнскi студэнт выйграў у электронную рулетку 20 мiльёнаў рублёў. У казiно гэтую суму яму выдалi, аднак праз дзень да яго ў iнтэрнат наведалiся мускулiстыя хлопцы i запатрабавалi вярнуць атрыманыя грошы. Прычына тая ж, што i ў папярэднiм выпадку: «заеў» аўтамат. Аднак студэнт аказаўся не з баязлiвага дзесятка, ды i трэба было вяртаць грошы, якiя запазычыў, таму i адмовiўся выконваць патрабаваннi вiзiцёраў. Тады казiно падало на яго ў суд. Аднак той падтрымаў не iстца, а адказчыка, якi даў абяцанне i самому сабе, i ўсiм, хто прысутнiчаў на працэсе, што болей кроку не ступiць у iгравыя ўстановы: рызыкоўная i неапраўданая справа!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter