Хто ў коміне гукае

Пячному коміну надавалася вялікая ўвага. Спецыфічны выхад з хаты быў своеасаблівым каналам паміж “гэтым” і “тым” светам: з коміну вылятаюць і праз яго прылятаюць нячыстая сіла, душы памерлых продкаў, хваробы, доля-нядоля і г.д.

· У памінальныя дні, якія наладжваліся на працягу года, пячны комін адкрывалі, каб душы продкаў маглі трапіць у хату і пачаставацца тым, што гаспадары спецыяльна пакінулі на стале на ўсю ноч. Калі ў хаце нехта паміраў, комін закрывалі, а дзверы адчынялі, каб душа “не вылецела” ў комін і не дасталася д’яблу.
· Пры набліжэнні навальніцы неабходна было абавязкова закрыць комін, каб нячысцікі не трапілі ў хату і Ілля-грамавержац не стукнуў маланкай у хату.
· Калі ў хаце была цяжарная жанчына, імкнуліся на працягу дня і ночы трымаць комін зачыненым.
· На працягу года былі дні, калі комін трэба было абавязкова трымаць закрытым, напрыклад, 18 лютага. Лічылася, што ў такія дні нячыстая сіла ў выглядзе птушак шукае сабе прытулак. 
· Калі гублялася хатняя жывёла, гаспадыня клікала яе менавіта праз пячны комін, лічылася, што невядомая сіла, якая ахоўвае хату, верне згубленую жывёлу дадому.
· Не кожны пячнік мог скласці добрую печ, а толькі той, хто ведаў пэўную інфармацыю і меў прафесійныя навыкі, якія перадаваліся ад дзеда ўнукам і захоўваліся ў тайне. Адзін з такіх сакрэтаў: печ трэба класці на новым месяцы.
· Па стане полымя ў печы, паддувале ці вугельчыках у ёй прадказвалі надвор’е:
-- моцная цяга -- на мароз, слабая -- да адлігі;
-- чырвонае полымя -- да маразоў, белае -- на сырое надвор’е;
-- полымя ў печы трашчыць -- да моцных маразоў; міргае -- да дажджу.
Акрамя гэтага печ была пэўным інфарматарам для ведаючых людзей:
-- з печы скокнуў вугельчык -- чакай злоснага госця;
-- у печы штосьці “ўхае” -- хтосьці пойдзе з хаты;
-- цагліна выпала -- род страціць некага з жанчын.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter