Источник: Знамя юности
Знамя юности

Акадэмік Аляксандр Лукашанец: талент – гэта 90 працэнтаў працы

Хто хоча стаць акадэмікам?

Калі ўлічыць, што ў Беларусі амаль на дзесяць мільёнаў чалавек прыходзіцца ўсяго 89 акадэмікаў, верагоднасць сустрэць каго-небудзь з іх на вуліцы зусім невялікая – каля 0,0000089 працэнта. Мы вырашылі павялічыць шансы на поспех для навучэнцаў ліцэя БДУ і запрасілі на ўрок у 11-ы клас з прыстаўкай «філ-1» акадэміка Аляксандра Лукашанца – адзінага ў краіне вучонага такога ўзроўню па спецыяльнасці «Беларуская мова».


Госць адказаў на ўсе пытанні ліцэістаў і расказаў, як працуюць акадэмікі, чаму працаздольнасць важней за талент і што трэба зрабіць, каб мы часцей чулі на вуліцах родную мову.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю адукацыю. Ці абавязкова быць выпускніком прэстыжнай гімназіі або ліцэя, каб дасягнуть вышынь у навуцы?

– Я быў звычайным хлопцам з вёскі Жураўцы Валожынскага раёна, ву­чыў­ся ў мясцовай школе, дзе ўсе вучэбныя прадметы выкладаліся па-беларуску. У нас былі вельмі моцныя і кваліфікаваныя  на­стаў­нікі. Яны давалі такія веды па ўсіх прадметах, што гэтага было дастаткова, каб паступіць у любы беларускі інстытут. Атрымаўшы атэстат, падаў дакументы на філалагічны факультэт БДУ. На­пэўна, я вас здзіў­лю, але пайшоў вучыцца на рускае аддзяленне. Чаму? Магчыма, таму, што ў атэстаце за сярэднюю школу ў мяне была адзіная чацвёрка – па рускай мове. Дарэчы, яна «пераскочыла» і ў мой дыплом аб вы­шэйшай адукацыі.

Па заканчэнні ўніверсітэта трапіў у Нацыянальную акадэмію навук Бела­русі – у Інстытуце мовазнаўства якраз набіралі супрацоўнікаў, каб займацца беларуска-рускімі моўнымі сувязямі. Так я атрымаў працоўнае месца, а праз год паступіў у  аспірантуру пры Інсты­туце рускай мовы Акадэміі навук СССР у Маскве. І толькі там на кандыдацкім экзамене я нарэшце атрымаў сваю пяцёрку па рускай мове.

З 1977 года і па сённяшні дзень беларуская мова – асноўны прадмет маіх навуковых даследаванняў. Я часта выступаю на публіцы, у прэсе – расказваю, што неабходна зрабіць, каб дзяржаўная беларуская мова  раўнапраўна выкарыстоў­валася ва ўсіх сферах моўнага жыцця нашай краіны. Дарэчы, хачу ўзняць гэтую праблему і на ІІ з'ездзе вучоных Беларусі, які пройдзе ў снежні.


– Як праходзіць працоўны дзень акадэміка?

– Для вучоных высокага ўзроўню няма такога паняцця – строгі працоўны графік, яны працуюць заўсёды і ўсюды. Але я змоладу прывык хадзіць на працу: кожную раніцу а палове дзявятай ўжо на месцы. Я перакананы, што строгі рабочы графік спрыяе і паспяховай разумовай дзейнасці. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ канферэнцыі, сустрэчы з калегамі, работа ў бібліятэцы. Працаваць прыходзіцца шмат: як аднойчы сказаў мой калега, прафесійны поспех – гэта 90 працэнтаў штодзённай карпатлівай і мэтанакіра­ванай працы і толькі дзесяць – прыродных здольнасцей. На ўласным жыццёвым вопыце я пераканаўся ў справядлівасці гэтага меркавання.

– Зараз многія знакамітыя людзі выдаюць кнігі з серыі «Мой сакрэт поспеху». А што б напісалі вы ў такой кнізе?

– Каб быць паспяховым, трэба, каб тое, чым ты займаешся, табе падабалася. Сам я добра ведаў матэматыку, і калі заканчваў школу, усе рэкамендавалі паступаць на матэматычны факультэт універсітэта. Але я пайшоў на філала­гічны і ні разу не пашкадаваў пра свой выбар. Другая парада – увесь час самаўдасканальвацца. Калі мы былі студэнтамі, часам супраціўляліся: навошта нам гэты прадмет? Але зараз разумею: нічога дарэмнага ці лішняга  не было. І нават калі ад нейкай дысцыпліны, на першы погляд, няма практычнай карысці, яна ўсё роўна развівае, пашырае кругагляд. Мой старэйшы сын – кандыдат гістарычных навук, але зараз працуе прагра­містам-аналітыкам. Аднойчы ён па­дзяліўся назіраннем, што гуманітарная адукацыя дазваляе яму часта знаходзіць нетрывіяльнае рашэнне праблем, у адрозненне нават ад прафесійных праграмістаў, якія знаходзяцца ў палоне сваіх спецыяльных ведаў.


– Беларускую мову можна пачуць у грамадскім транспарце, па тэлебачанні. Але ўсё роўна людзей, якія б з лёгкасцю пераходзілі з адной мовы на другую, на жаль, не так шмат...

– Каб іх стала больш, неабходна, каб веданне абедзвюх дзяржаўных моў стала абавязковай умовай пры працаўладкаванні на любую пасаду. Я часам чую ад вашых аднагодкаў: «А навошта мне вучыць беларускую мову? Лепш я пастараюся дасканала авалодаць англійскай». Але згадзіцеся, калі б кожны з дзяцінства разумеў, што без ведання дзяржаўнай беларускай мовы ў дарослым жыцці немагчыма будзе прэтэндаваць на адпаведную службовую пасаду, адносіны да яе вывучэння былі б зусім іншыя.  

У ідэале, зыходзячы з сутнасці і прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя, трэба, каб кожны мог атрымліваць любую інфармацыю на любой дзяржаўнай мове – ад зместу законаў да зместу этыкетак на таварах. Бо, напрыклад, на многіх прадуктах харчавання ўвогуле няма беларускамоўнага апісання, на іншых яно зроблена няякасна. Быў анекдатычны выпадак: тэкст закінулі ў праграму-перакладчык, і замест рускага «белок» на этыкетцы побач са словамі «тлушч» і «вугляводы» з’явілася слова «вавёрак».

Захоўваць і развіваць родную мову вельмі важна, бо менавіта яна робіць нас адметнымі ў свеце. Дарэчы, на між­народных навуковых канферэнцыях, асабліва ў славянскіх краінах, вельмі вітаюць тых, хто чытае даклады на сваёй роднай нацыянальнай мове – ведаю на ўласным вопыце.

ПЫТАННЕ АД АКАДЭМIКА

У нашай краіне ёсць толькі адна моўная сфера, дзе выкарыстоўваецца выключна беларуская мова. Зможаце назваць? Пакідайце свае адказы ў каментарыях.

krupenk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter