Хто гаспадар на возеры Літоўка

Хто гаспадар на возеры Літоўка?

Лета — самы час для адпачынку. Нават аграрыяў, якія заклапочаны ўраджаем, у вольную хвілінку цягне да вады, дзе ёсць магчымасць паплаваць, парыбачыць, пазагараць, проста падыхаць свежым паветрам

Лета — самы час для адпачынку. Нават аграрыяў, якія заклапочаны ўраджаем, у вольную хвілінку цягне да вады, дзе ёсць магчымасць паплаваць, парыбачыць, пазагараць, проста падыхаць свежым паветрам. Што казаць пра школьнікаў і студэнтаў, у якіх у гэты час канікулы! Адпачыць у вады хочацца ўсім. Але не ўсім можацца, як кажуць у народзе.  Узяць хаця б Навагрудак. Да самых бліжэйшых зон летняга адпачынку ехаць трэба 7, а то і ўсе 20 кіламетраў.

Праўда, апошнім часам вядуцца работы па добраўпарадкаванні занядбайнага вадаёма, які зараз завецца Маладзёжны. Ваду спусцілі, дно пачысцілі, хуткім часам будуць яго заглыбляць і засыпаць жвірам, а таксама павялічваць плошчу да трох гектараў. Вядуць рамонт будынка кафэ. Да зімы плануюць давесці да ладу. Так што наступным летам можна спадзявацца на камфортны адпачынак.


Але не паўсюль так добра ідзе справа. Навагрудчане і іх госці добра ведаюць такія азёры, як Свіцязь, Літоўка, Вадапад, якія доўгі час заставаліся «нічэйнымі». Ніяк не маглі вырашыць, хто нясе адказнасць за іх тэрыторыю. Нарэшце аддалі  на абслугоўванне лясгаса і ЖКГ.

Але ў Літоўцы не купаюцца. Гістарычнае возера, якое нават упамінаецца ў творах Адама Міцкевіча, настолькі зарасло, забалочана, што зайсці туды немагчыма. А калі знойдзецца такі смелы, дык вылазіць будзе на бераг брудным, у глеі і ціне. А раней тут нават сцэна была для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўныя пляцоўкі. І людзей адпачывала шмат. Штодзень ля вады дзяжурыла выратавальная каманда, каб засцерагчы турыстаў.

Справядлівасці дзеля скажам, што гаспадарчыя пабудовы ля возера выкупіў прадпрымальнік. Ён, вядома, зацікаўлены, каб усё было добраўпарадкавана: прыбраў бераг ад галля, смецця і бруду, давёў да ладу зоны, дзе стаяць кантэйнеры для смецця, аднавіў кабінкі для пераапранання, зрабіў месцы для мангалаў. Але ачысціць ваду ў возеры — не яго кампетэнцыя.

Звярнуліся мы ў Навагрудскі ЖКГ. Дырэктар Мікалай Бараноўскі адказвае, што да ЖКГ возера Літоўка не мае ніякага дачынення, а перададзена яно на баланс лясгаса. Тэлефануем у лясгас. Яго дырэктар Аляксандр Дасько тлумачыць, што ён адказвае толькі за... прылягаючую да вадаёма паласу ляснога масіва. Але хто павінен паклапаціцца за само возера? На гэтае пытанне адказа мы так і не атрымалі.

А жыхары Навагрудка працягваюць ездзіць адпачываць за 18 кіламетраў ад горада на возера Свіцязь, дзе ад людзей яблыку няма дзе ўпасці, тады як паблізу ад іх ёсць Літоўка: цудоўнае гістарычнае возера, у якога, праўда, па сённяшні дзень няма сапраўднага гаспадара.

Яўген ЛАПЦЕЎ,
Барыс ШАГІДЭВІЧ,
члены грамадскага савета Навагрудскага раёна
Малюнак Мікалая ГІРГЕЛЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter