Хто дбае, той і мае
25.05.2012 16:16:10
У Наталлі і Васіля СТАСЕВЫХ з вёскі Асмолавічы Клімавіцкага раёна — пяцёра сыноў. Пяцёра выдатных памочнікаў! Бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей асабістым працоўным прыкладам.
Сыны дапамагаюць бацькам не толькі на агародзе, управіцца па гаспадарцы, але і ў будоўлі, у нарыхтоўцы дроў. Летам разам з татам косяць сена.
Дбайныя гаспадары Стасевы садзяць каля трыццаці сотак бульбы.
— Мае дзеці ўмеюць рабіць усё. Калі трэба, яны і карову падояць, і есці навараць, і ў хаце прыбяруцца. І з касой, і з плугам умела ўпраўляюцца. Словам, на ўсе рукі майстры, — прызнаецца матуля.
За добрае выхаванне дзяцей Наталля Алегаўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Пра гэту сям’ю аднавяскоўцы кажуць шмат цёплых слоў.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота аўтара