Сёння вызначаць прадстаўніка нашай краіны на дзіцячым “Еўрабачанні-2017”

Хто атрымае пуцёўку ў Тбілісі?

Сёння вызначаць прадстаўніка нашай краіны на дзіцячым “Еўрабачанні-2017”.

Дзесяць канкурсантаў з Мінска, Брэста і Магілёва пазмагаюцца за магчымасць выступіць у Тбілісі падчас фінальнага гала-канцэрта. Паназіраць за музычным спаборніцтвам юных артыстаў зможа кожны — фінальнае шоу пакажуць а дзясятай гадзіне вечара ў прамым эфіры на тэлеканалах “Беларусь 1” і “Беларусь 24”.

Фота БЕЛТА

Арганізатары абяцаюць яркае відовішча. І тэлегледачоў, і гасцей у студыі чакае нямала сюрпрызаў з мінімумам дэкарацый і мноствам цікавых графічных рашэнняў. Ствараць незабыўную атмасферу вечара разам з удзельнікамі фіналу будуць вядучыя праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!” і папулярныя выканаўцы Тэа і Вольга Рыжыкава. Адкрые канцэрт прадстаўнік нашай краіны на мінулагоднім “Еўрабачанні” Аляксандр Мінёнак. Акрамя песні “Музыка маіх перамог”, якая гучала на міжнародным песенным форуме ў Валета, хлопец выканае спецыяльна падрыхтаваную да шоу кампазіцыю.

Вядома, найбольш хвалюючымі стануць выступленні фіналістаў, кожнаму з якіх будзе папярэднічаць відэавізітка. Такім чынам гледачы змогуць бліжэй пазнаёміцца з канкурсантамі і ацаніць не толькі іх вакальныя здольнасці, але і ўменне рухацца, гаварыць і гэтак далей. Пераможцу нацыянальнага адбору, які адправіцца ў лістападзе ў Грузію, назавуць па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter