Хрыстос нарадзіўся!

Вось і прыйшоў радасны момант, калі мы адзначаем урачыстасць Хрыстовага нараджэння і рыхтуемся ўступіць у новы каляндарны год. Нараджэнне Хрыста — гэта таямніца, над якой стагоддзямі разважаюць многія людзі.

Наша краіна з’яўляецца ўні­каль­най у свеце, паколькі двойчы адзначае нараджэнне Хрыста — 25 снежня і 7 студзеня. Наш Урад — адзін з нямногіх, які абедзве даты прызнаў святочнымі і свабоднымі ад працы. Гэта выглядае вельмі лагіч­ным, паколькі ў беларускім грамадстве заходнія і ўсходнія галіны хрысціянства маюць значны ўплыў на насельніцтва і вельмі добра суіснуюць разам.

Навукоўцы сцвярджаюць, што канчаткова немагчыма вызначыць дзень, калі канкрэтна Хрыстос стаў чалавекам і нара­дзіўся на нашай зямлі. Аднак паколькі 25 снежня — гэта асаблівая дата, калі дзень і ноч прыкладна роўныя, а дзень пачынае павялічвацца, замацаваўся звычай святкаваць Божае Нараджэнне (Раство) 25 снежня, якое па юліянскім календары прыпадае на 7 студзеня. Хрысціяне вераць, што са з’яўленнем Хрыста ў свеце становіцца больш святла, якое перамагае цемру зла і граху.

Згодна з беларускай трады­цыяй, святкаванне Раства пачынаецца ўвечары 24 снежня (6 сту­дзеня). Калі на небе з’яўляецца першая зорка, сям’я сядае за святочны стол, на якім няма мясных страў. Радуецца сэрца, калі гаспадыні рыхтуюць на гэты стол розныя посныя стравы, рэцэпт якіх перадаецца з пакалення ў пакаленне.

У каталіцкіх сем’ях нашага рэгіёну прынята перад пачаткам святочнай вячэры падзяліцца аплаткай — невялікім кавалкам прэснага цеста, выпяканым з белай мукі. Хлеб, выпечаны з такога цеста, ужываецца ў каталіцкай літургіі. Католікі, сасланыя ў царскія часы ў Сібір, не мелі магчымасці ўдзельнічаць у літургіі і вырашылі дзяліцца паміж сабою гэтым белым прэсным хлебам, просячы прабачэння за памылкі мінулага года і прызываючы Божую дапамогу на год наступны.

З’яўленне Хрыста на зямлі было неабходна, бо толькі любоў Хрыста перамяняе жыццё, вылечвае нашы самыя глыбокія раны, вызваляе з заганнага кола незадаволенасці, гневу і наракання. Нават у самых неспрыяльных абставінах мы можам заставацца чалавечнымі і атрымліваць дапамогу ад Божага Сына.

Няхай супакой і дабро, радасць і надзея паселяцца ў нашых сэрцах! І няхай гэта дабро мы занясём іншым.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter