«Хрыста нараджэнне — людзям на збаўленне...»

25 снежня адзначаецца ўрачыстасць Хрыстовага нараджэння. Адкуль мы ведаем, што Хрыстос нарадзіўся менавіта ў гэты снежаньскі дзень? І чаму не ўсе хрысціяне адзначаюць такое важнае свята разам?

У  221 годзе ў сваім творы «Хранаграфія» рымскі гісторык Секст Юлій Афрыкан апісваў розныя гістарычныя падзеі. Між іншым ён запісаў, што 25 снежня ў 3 год да н.э. нарадзіўся Хрыстос. Што нараджэнне Хрыста — гэта гістарычны факт, пісалі і іншыя нехрысціянскія даследчыкі, але нас цікавіць менавіта тое, што ўжо тады была зроблена спроба вылічыць не толькі год, але і дату яго з’яўлення.

У 274 годзе рымскі імператар Аўрэліян загадаў 25 снежня ў яго дзяржаве адзначаць свята ў гонар Непераможнага Сонца — аднаго з багоў рымскага язычніцкага пантэона. Яшчэ да Аўрэліяна 25 снежня фігуравала ў свядомасці людзей як асаблівая дата.

Нягледзячы на старанні даследчыкаў, мы так і не ведаем ні дакладную дату, ні год Хрыстовага нараджэння. Паколькі хрысціяне хацелі адзначаць нараджэнне Месіі, трэба было затрымацца на нейкай даце, і іх выбар выпаў менавіта на 25 снежня. Апрача таго, гэта быў дзень пасля зімовага сонцастаяння, калі кожнаму было прыметна павелічэнне светлавога дня. Атрымлівалася прыгожая метафара — Хрыстос з’яўляецца сонцам, якое асвятляе цемру чалавечых душ.

У 1582 годзе па ініцыятыве Папы Рымскага Грыгорыя ХІІІ быў уведзены новы каляндар, які быў названы ў яго гонар і замяніў сабой менш дакладны — юліянскі. Некаторыя праваслаўныя цэрквы надалей карыстаюцца юліянскім календаром, адзначаючы Хрыстовае нараджэнне 25 снежня, фактычна на 13 дзён пазней, з-за розніцы календароў. У розных краінах большасць хрысціян адзначае Хрыстовае нараджэнне ці 25 снежня, ці 7 студзеня. У Беларусі яно шырока святкуецца двойчы, і абедзве даты з’яўляюцца выхаднымі днямі.

Хрыстос — гэта тое Святло, якое так моцна нам патрэбна, каб рассеяць нашу цемру. Ён уцелавіўся ва ўлонні Дзевы Марыі ад Духа Святога дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення, гэта значыць, каб паяднаць нас, грэшнікаў, з Богам, паказаць нам яго бясконцую любоў і стаць для нас прыкладам святасці.

У святы дзень 25 снежня мы не толькі ўспамінаем нараджэнне Хрыста. Наш класік літаратуры Адам Міцкевіч пісаў: «Бяда табе, калі ён не народзіцца ў тваім сэрцы». Мы чакаем, што ў гэты час нас ахіне Божы спакой і Божая радасць і мы самі занясём гэты спакой і радасць іншым.

Ксёндз Кірыл Бардонаў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter