Архитектурные достопримечательности Гродненского района теперь можно увидеть в миниатюре

Храм на далоні

Незвычайны музейны пакой адкрыўся ў пасёлку Сапоцкін, размешчаным побач з Аўгустоўскім каналам. На базе Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра ўжо некалькі гадоў дзейнічае музей пісанкі. А некалькі дзён таму тут адкрылася яшчэ адна ўнікальная экспазіцыя. У музейным пакоі “Нам засталася спадчына”, паведамляе БЕЛТА, прадстаўлены каля двух дзясяткаў паменшаных копій архітэктурных помнікаў Гродзенскага раёна. Усе яны выкананы з керамікі майстрамі з аграгарадка Верцялішкі.

фота БЕЛТА

Гродна прадстаўлены макетамі адразу некалькіх помнікаў. Гэта нядаўна адрэстаўраваная Каложская царква XII стагоддзя, Фарны касцёл XVII стагоддзя, які носіць ганаровы тытул “малая базіліка”, і вядомая пажарная каланча — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Можна ўбачыць у музеі паменшаныя копіі і іншых культавых аб’ектаў рэгіёну. Напрыклад, касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі з самога Сапоцкіна. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, ён прадстаўляе сабой помнік эклектычнай архітэктуры са стылізаванымі элементамі готыкі, барока і класіцызму. У экспазіцыі таксама Траецкі касцёл з аграгарадка Індура, драўляныя храмы з вёсак Прывалка і Лаша, аграгарадка Парэчча. Увасоблены ў мініяцюры і палацавы комплекс Свяцк, размешчаны непадалёк ад Сапоцкіна. Плануецца, што экспазіцыя будзе пашырацца. Магчыма, яе папоўняць страчаныя помнікі рэгіёну, да прыкладу, такія як сінагога, якая знаходзілася ў пасёлку Сапоцкін.

У музейным пакоі можна не толькі ўбачыць мініяцюрныя копіі архітэктурных славутасцей, але і пачуць цікавыя гісторыі пра мясцовасць, дзе яны размяшчаюцца, і знакамітых выхадцаў з Гродзенскага раёна. У планах — правядзенне майстар-класаў, дзе юныя наведвальнікі змогуць самі стварыць макет таго ці іншага будынка з кардонных нарыхтовак.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter