Хоць пешшу, хоць анлайн

Новы турыстычны маршрут пройдзе па Ашмянскім узвышшы

Новы турыстычны маршрут Беларусі пройдзе па Ашмянскім узвышшы.

Трансгранічны праект «Дзве краіны — адна гісторыя і культура» наладзілі паміж Ашмянскім раёнам Беларусі і Віленскім — Літвы.

— Плённае супрацоўніцтва ў культурнай і эканамічнай сферы паміж двума гэтымі рэгіёнамі ідзе ўжо некалькі гадоў, — расказвае Галіна Люткоўская, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама. — Дадзены праект быў запланаваны яшчэ ў лістападзе 2012 года, і толькі зараз мы атрымалі фінансавую падтрымку. Адразу разыгралі тэндар між фірмамі і набылі каля дваццаці гістарычных касцюмаў для правядзення ў рэгіёне фестывалю «Гальшанскі замак» з рыцарскім турнірам і тэатралізаваным прадстаўленнем.

Турыстычны маршрут Ашмянскага ўзвышша дапоўніць і яго віртуальная версія, зробленая ў фармаце 3D. Акрамя гэтага, у краязнаўчым музеі райцэнтра з’явіцца аўдыягід.

Для больш цеснага знаёмства з маршрутам будуць зроблены інфармацыйныя стэнды і разнастайная друкаваная прадукцыя: турыстычны даведнік, карты, паштоўкі. Ва ўзаемным паляпшэнні магчымасцей супрацоўніцтва зацікаўлены абодва бакі, таму ў будучыні паміж раёнамі-партнёрамі будуць арганізаваны сустрэчы і абмен вопытам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter