Сезон загонной охоты на исходе: мы вместе с природоохранниками выясняли, на какие хитрости идут браконьеры

Ход ласём

Пасля заканчэння палявання стрэльбы неабходна разрадзіць.
Разам са снежнем закончыцца сезон загоннага палявання на капытных. Ліміты на здабычу жывёл ужо на сыходзе, а вось жадаючых разнастаіць навагодні стол стравамі з дзічыны яшчэ хапае. Каб папярэдзіць браканьерства і іншыя парушэнні, дзяржаўныя інспектары аховы жывёльнага і расліннага свету зараз актыўна правяраюць, як выконваюцца правілы правя­дзення загонных паляванняў. Разам з імі выправілася ў рэйд карэспандэнт «Р».  

Наогул, на мінулых выхадных у краіне працавала 59 рэйдавых груп, якія праверылі 66 паляўнічых брыгад. Выяўлена 13 парушэнняў правілаў палявання, у тым ліку 2 парушэнні, якія маюць прыкметы крымінальнага злачынства. Так, пад Верхнядзвінскам вялося незаконнае паляванне на дзіка, а ў Жыткавіцкім раёне егер перавозіў тушу лася, не закрыўшы працэдуру дазволу.

Між іншым, загоннае паляванне — сур’ёзнае мерапрыемства, якое прадугледжвае шэраг правілаў. Так, усе яго ўдзельнікі абавязкова павінны мець пасведчанні на права палявання і нашэння зброі, сапраўдную квітанцыю аб аплаце дзяржаўнай пошліны. Перад пачаткам палявання ўсе гэтыя дакументы павінен праверыць у кожнага кіраўнік брыгады, якім часцей за ўсё бывае мясцовы егер ці паляўніцтвазнавец. Ён жа клапоціцца аб наяўнасці пуцёўкі, дзе ўказваецца від жывёлы, якую маюць намер сёння ўпаляваць, а таксама асобным бланкам — дазвол на здабычу кожнага экзэмпляра. Гэтыя дакументы строга нумарныя, і лічбы кожнага абавязкова ўносяцца ў пуцёўку.  

— Аб здабычы жывёлы адразу трэба паведаміць кіраўніку палявання, — шматлікія нюансы добра ведае Аляксей Сырцоў, намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі. — На месцы, дзе яна ўпала, праводзяць працэдуру закрыцця дазволу на здабычу: указваюць прозвішча паляўнічага, назву мясцовасці, квартал, від жывёлы і яе кошт па прэйскуранце. Без гэтага паляванне працягвацца не можа, нават калі ёсць дазвол яшчэ на некалькі жывёл. Але ў азарце паляўнічыя часам пра гэта забываюцца. Здараецца, што пры дазволе на адстрэл, скажам, аднаго лася не могуць спыніцца і б’юць некалькіх, а потым спрабуюць нелегальна вывезці тушы — гэта ўжо сапраўднае браканьерства. Бывае, застрэляць дарагога трафейнага лася, а ў дакументах указваюць, што быў ён нетрафейны. Для параўнання: лось-сяголетак каштуе 300 рублёў, дарослы, на рагах якога менш за тры «сукі», — 600, а сталы, магутны, з галінастымі рагамі бывае і даражэйшы за 1000.  

Аляксей Сырцоў правярае пуцёўку, дазвол на здабычу і талоны.
З неба сыплецца снежная крупа, лясныя дарогі раскіслі, але наш магутны джып бадзёра чапляецца шынамі за слізкую гразь. Інспектары-прыродаахоўнікі ведаюць, дзе звычайна праходзяць загонныя паляванні, і ўважліва ўглядаюцца ў дарогу, каб не пра­пусціць сляды машын.

Брыгаду паляўнічых знаходзім у гушчары недалёка ад вёскі Ганчароўка Смалявіцкага раёна. Вакол здабытага лася згуртавалася чалавек дзесяць, большасць з іх у шапках колеру «вырві вока»: салатавых, аранжавых, ружовых. Гэта не мода, а адна з мер бяспекі.   

— Вас вітае мінская абласная інспекцыя! — прадстаўляецца Аляксей Сырцоў. — Хацелася б праверыць законнасць палявання.

Спачатку вывучаюцца дакументы, якія прадастаўляе кіраўнік. Як у іх і заяўлена, сёння здабыты адзін лось — дакладней, ласіха-сяголетак. Асаблівая ўвага — талонам, якія прыкладаюцца да бланка дазволу: яны выдаюцца кожнаму, хто будзе везці мяса. Абсалютна на ўсіх павінны быць прастаўлены сённяшняя дата і подпіс, каб выключыць магчымасць іх выкарыстання ў іншы дзень, пры незаконнай здабычы. Потым паляўнічыя падыходзяць, каб прад’явіць асабістыя дакументы Аляксею Сырцову і старшаму дзяржаўнаму інспектару Аляксандру Гладзілаву. Пасля таго як паляўнічыя сыхо­дзяць з адведзеных ім месцаў, дзе кожны чакае жывёлу, неабходна разрадзіць зброю. Гэта таксама праверым, як і адпаведнасць яе нумароў указаным у дакументах.

Прыўзняты пасля ўдалага палявання настрой не псуецца: і паперы, і стрэльбы ўва ўсіх аказваюцца ў парадку.

— Мы сёння бачылі як мінімум сем ласёў! — эмацыянальна расказвае егер. — Яны нас ледзь не затапталі!  

Паляўнічы Андрэй, якому сёння пашанцавала больш за іншых, расказвае, што палюе з 1983 года, у Забайкаллі даводзілася нават на мядзведзя хадзіць. Дарэчы, здабываць ласіх паляўнічыя не вельмі любяць:

— Няхай жывуць, яны ж для нас будуць цялятак прыносіць! Але сёння не разабраўся, самачка гэта ці малады бязрогі самец, — далекавата бегла.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter