Ход канём. Рэпартаж з радзімы тэатраў, аграэкасядзіб і гатычных храмаў

Найпрыгажэйшая Зэльва ўвесну. Стоячы на шляху з Мінска на Гродна, нельга налюбавацца, як іграюць фарбамі зялёныя палі і блакітнае неба з чырвонымі вежамі местачковага касцёла. Здаецца, вось яна — ідылія. Калісьці гэты край быў багаты на помнікі культуры, якія разам з тутэйшай прыродай стваралі непаўторныя краявіды. Чаго варты адзін Дзярэчын! Уласнікі паселішча Сапегі збудавалі тут палац, які аздобілі карцінамі заходнееўрапейскіх класікаў жывапісу, разбілі парк, упрыгожылі яго скульптурамі. Гэтыя багацці ў XIX стагоддзі былі вывезены ў Пецярбург. А яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя магнаты адкрылі ў Дзярэчыне і Зэльве тэатры — адны з першых у краіне. Нямала дайшло і да нашых дзён з велічнай спадчыны краю. Агледзім гэтыя цуды.

Зэльва

Вялікае дзіця рэчкі-невялічкі

1190 гектараў займае найвелізарнейшае на Гродзеншчыне вадасховішча. Досыць кінуць вокам на карту, каб у гэтым пераканацца. Больш за тое, тут яшчэ і выдатная курортная мясціна: у мясцовых лясах “схаваны” не адзін санаторый, дзіцячы лагер. Мясцовае мора нарадзілася ад вытанчанай красуні Зяльвянкі ў 1983 годзе.

Сынкавічы

Нацыянальная, праваслаўная, сусветная

“Вобраз нацыянальнага праваслаўнага храма ўвасоблены ў абрысах царквы Міхаіла Арханёла, помніка беларускай готыкі сусветнага значэння — адной з шэрагу чатырохвежавых праваслаўных храмаў-крэпасцей, пабудаваных на беларускіх землях на пачатку XVI стагоддзя”, — адзначае асаблівае значэнне сынкавіцкага шэдэўра Тамара Габрусь, доктар мастацтвазнаўства. Ёсць падставы лічыць, мяркуе даследчыца, што помнік дойлідства з’явіўся па фундацыі гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага, які таксама быў фундатарам будоўлі Барысаглебскай царквы ў Навагрудку і трох сабораў у Вільні: Мікалаеўскага, Прачысценскага і Траецкага. У тым жа стылі створаны праваслаўныя святыні ў Супраслі, Кодані (цяпер у Польшчы, на самай мяжы з Беларуссю) і Мураванцы Шчучынскага раёна. Усе храмы захаваліся, і ўжо не раз ад імя Міністэрства культуры дэкларавалася аб магчымасці ўключэння іх у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Крамяніца

Антычны шэдэўр

Касцёл Найсвяцейшага Божага Цела і Святога Юрыя стаіць на высокім пагорку, нібы на Галгофе. Вакол — райскі сад, створаны чалавечымі рукамі. Бо для тутэйшых людзей Божы дом — яшчэ і храм культуры. Будынак касцёла вельмі стары — яму ўжо амаль чатырыста гадоў. Усярэдзіне захаваўся рэдкі твор мастацтва — мармуровае надмагілле, выкананае ў 1623 годзе ў выглядзе антычнага арачнага партала. У глыбокай нішы насупраць адна адной размешчаны ўкленчаныя фігуры фундатара Мікалая Вольскага ў рыцарскіх даспехах і яго жонкі Барбары.

Зэльва

Поле цудаў

Яшчэ польска-літоўскі кароль Аўгуст ІІ у 1721 годзе даў дазвол праводзіць у Зэльве з 25 ліпеня да 25 жніўня кірмаш, які стаў такім жа знакамітым, як Лейпцыгскі. З Польшчы, Германіі, з-пад Пецярбурга, Казані, Харкава з’язджаліся сюды купцы. Персідскія шалі, італьянскія аздобы прыбывалі разам з гандлярамі з далёкіх краёў. У XIX стагоддзі падарожнікі, уражаныя мноствам народу і безліччу моў, што гучалі на гандлёвым пляцы, параўноўвалі Зэльву з Вавілонам. А з пункту гледжання сучаснасці мястэчка ўяўляла сабой вялікі гіпермаркет пад адкрытым небам. Галоўную адметнасць кірмашу надавалі коні, бо толькі тут можна было прыдбаць жывёліну найлепшай пароды — скакуноў дастаўлялі ажно з Турцыі. Пры Сапегах гэты бізнес квітнеў, квітнела і мястэчка, якое было не дужа вялікае, але па эканамічным значэнні параўноўвалася з Гроднам. Як сведчыў пісьменнік Юзаф Крашэўскі, пасля забароны ў 1840 годзе ў Парыжы гульні ў рулетку гэту забаву купцы імпартавалі ў Зэльву і назвалі “фартунай”. А колькі тут давалі паказаў жанглёры, фокуснікі, акрабаты! Да 1870-х гадоў, пакуль гандаль не спыніўся, на “полі цудаў” кожны мог ажыццявіць сваю мару, зрабіць самую ўдалую ў жыцці пакупку. Дарэчы, некалькі гадоў таму традыцыя ладзіць кірмашы была адроджана.

Зэльва

Царскі падарунак

У 1867 годзе Аляксандр ІІ, імператар расійскі, падараваў зэльвенскай праваслаўнай царкве некалькі ікон. З таго часу яны захоўваюцца ў храме як найвялікшая святыня. З XIX стагоддзя ацалеў і надпіс на іканастасе, што сведчыць пра дарагі прэзент: “Даръ Государя Императора”. Дарэчы, царква асвечана ў гонар Святой Тройцы, як і суседні касцёл — міжканфесійны дыялог, не іначай.

Елка

У панскі двор дзеля красы

За Сынкавічамі ўказальнік пакажа на вёску з навагодняй назвай Елка, а за ёю трохі збочыце — і трапіце ў “Верас”. Так завецца адна з першых у краіне аграэкасядзіб, якую адкрылі каля трасы Зэльва — Слонім няўрымслівыя фермеры Ірына і Міхаіл Макеі. Паўліны, быкі ды індыкі — якіх толькі дзівосных жывёл тут не разводзяць прадпрымальныя гаспадары. Свой “панскі двор” яны збудавалі на роўным месцы — дзеля красы і дзеля прыбытку. Тут хораша: адпачываць і целам (ежа з уласнага падворка), і душой (адсюль адкрываецца цудоўны краявід зэльвенскіх ніў, якія на даляглядзе вянчаюць вежы сынкавіцкага храма-цуду).

Збляны

Блакітнавокі акадэмік

На пачатку брукаванай вясковай вуліцы стаіць валун, які сведчыць, што тут у 1901 годзе нарадзіўся генетык і селекцыянер, грамадскі дзеяч, акадэмік Антон Раманавіч Жэбрак. У 1918 годзе ён уступіў у рады камуністычнай партыі, пазней скончыў дзве земляробчыя акадэміі. “Гэта быў збіты, каржакаваты, шыракаплечы, блакітнавокі беларус. Здавалася, ён павольна думае, але за гэтай вонкавай праявай хаваўся глыбокі розум, — сведчыў акадэмік Дубінін. — Жэбрак прапанаваў новыя метады хімічнага ўздзеяння на клеткі культурных пшаніц і атрымаў цэлы рад выдатных форм. Можна было гаварыць пра эксперыментальнае стварэнне новых відаў”. Наш суайчыннік быў паслядоўнікам Вавілава, тры гады стажыраваўся ў ЗША. А вось дарога да роднай хаты яму была закрыта да 1939 года, пакуль Збляны знаходзіліся ў складзе Польшчы. Між тым у 1940 годзе маскоўскага беларуса выбіраюць правадзейным членам АН БССР. Пасля вайны Жэбрак падпісвае ў Сан-Францыска Статут ААН як дэлегат ад Беларускай Рэспублікі. У 1946 годзе наш вучоны друкуе ў амерыканскім часопісе Science артыкул пра плённыя напрацоўкі савецкіх генетыкаў. Міжнародная вядомасць, навуковы аўтарытэт у маі 1947 года прыводзяць даследчыка на самую вяршыню Алімпа — пасаду прэзідэнта АН БССР. Але неўзабаве ў СССР пачалося цкаванне паслядоўнікаў Вавілава, і Антона Раманавіча ў кастрычніку пазбавілі амаль усіх пасад. Прыпомнілі і заакіянскую публікацыю, у якой крытыкаваўся лжэвучоны Лысенка, якога, аднак, шанавалі ў Крамлі: маўляў, гэта “антыпатрыятычны ўчынак, праява нізкапаклонства перад рэакцыйнымі амерыканскімі вучонымі”. Толькі ў 1957 годзе Жэбрак атрымаў пасаду ў аддзеле генетыкі і цыталогіі Інстытута біялогіі АН БССР. У 2001 годзе, да стагоддзя з дня нараджэння Жэбрака, на Зэльвеншчыне сабраліся паслядоўнікі даследчыка. У Зблянах з таго часу стаіць вялікі памятны камень — у гонар вялікага чалавека.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter