Хочаце дзіця? З’ешце гарохавай кашы!

Гарох. Сімволіка пладаноснасці і ўраджайнасці гароху дае магчымасць зразумець, чаму славяне вельмі часта выкарыстоўвалі гарох у сямейных абрадах і абрадах святаў на працягу года. Часта ў песнях гарох звалі золатам. У казках гарохавая сцябліна часта расце да неба, а тых, хто здолее па ёй ўзлезці на неба чакае незлічонае багацце.

Для забеспячэння дабрабыту і багацця на працягу новага года ў славян гарох быў абавязковай ежай на Святкі і асабліва на Раство. У гэтыя святочныя дні ў хлебе запякалі некалькі гарошын. Лічылася, каму трапіць кавалак хлеба з гарохам, той будзе шчаслівым і багатым увесь год. Тая гаспадыня, якая на Раство з’есць некалькі гарошын, захавае сваіх курэй, яны не будуць хадзіць несціся па чужых падворках. Тыя, хто трымаў у гаспадарцы коней, павінны былі на Каляды з’есці па лыжцы гароху, каб коні былі здаровыя і рухавыя. На Каляды гаспадар абсыпаў вуллі і сад гарохам, які застаўся ад вячэры, каб забяспечыць пладаноснасць і ўраджай. Каб увесь год быць з грашыма, трэба было за каляднай вячэрай кінуць лыжку недаваранага гароху ў кут. У некаторых рэгіёнах з гэтай мэтай гарох закопвалі ў зямлю там, дзе з даху капае вада, г.зн. з паўднёвага боку.
На некаторыя святы забаранялася ўжываць гарох у ежу. Лічылася, калі з’есці гарох на Масленку, то будуць моцна балець зубы. У некаторых рэгіёнах забаранялася ўжываць гарох новага ўраджаю да Іллі (2 жніўня).
Пасля вянчання маладую абсыпалі гарохам. А па колькасці гарошын, якія застануцца на адзенні, прадказвалі колькасць будучых дзяцей. Вараны гарох быў адной з галоўных вясельных страў.
У абрадавых песнях дзяўчатам раілі з’есці гарохавай кашы, каб зацяжарыць.
Гарох прысутнічае і ў пахавальнай абраднасці. На Раство гаспадар раскідваў гарох для душ памерлых, глядзеў у бок могілак і клікаў бацькоў за пачастункам. Часам куццю на жалобны стол рыхтавалі з гароху. 
У асяродзі ўсходніх славян адзін са святых, які ўшаноўваецца 6 мая, -- Іоў -- атрымаў мянушку Гарошнік. Лічылася, што з гэтага дня можна сеяць гарох. Сяўбу гароху пачыналі ў пэўныя дні. Найбольш спрыяльнымі лічыўся аўторак на Страсным тыдні: «хто сее ў Вялікі аўторак, той з гаршчка атрымае мех». Акрамя гэтага, спрыяльнымі для пасеваў гароху лічыліся Страсная пятніца і Лазарава субота.
Спрыяльным для будучага ўраджаю гароху быў сеў у першыя дні маладзіка; таксама час да ўзыходу сонца; у час дажджу і ў поўнай маўклівасці.
Прыкмячалі: «Калі алешына ў час цвету дае шмат “завушніц”, то будзе многа гароху».


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter