Як карэспандэнт «Рэспублікі» палявала на браканьераў падчас нерасту рыбы

Хлопцы на кручку

На тэрыторыі краіны зараз дзейнічае нераставая забарона на лоўлю рыбы. У Гомельскай і Брэсцкай абласцях яна скончыцца 18 мая, у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях — 30 мая, а ў Ві­цебскай працягнецца да 8 чэрвеня. Рыба падчас нерасту становіцца маларухомай, таму ўяўляе сабой лёгкую здабычу. Гэта імкнуцца выкарыстаць браканьеры, але не дрэмлюць і супра­цоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і раслін­нага свету пры Прэзідэнце. Разам з імі карэспандэнт «Рэспублікі» праплыла на лодцы па Свіс­лачы ў пошуках бра­кань­ераў.

Маршрут да апошняга трымаўся ў сакрэце. Выехаўшы з Мінска на машыне, накіроўваемся ў вёску Каралішчавічы, якая стаіць на беразе Свіслачы. Зручных мясцін для рыбалкі там хапае, а вось рыбакоў не відаць — большасць жыхароў завіхаецца на падворках. 

Безгаспадарны «павук» быў канфіскаваны і знішчаны
Фота аўтара

Лодку спускаем на ваду каля вёскі Маставая Пухавіцкага раёна. За намі з цікавасцю назіраюць некалькі рыбакоў. Да іх у інспектараў не ўзнікае пытанняў: рыбу яны ловяць вудамі з берага, а гэта не забаронена нават падчас нерасту.

Рака бліскучай стужкай выгінаецца сярод лугоў і лясоў. Мясціны здаюцца далёкімі ад цывілізацыі, але аматары рыбнай лоўлі трапляюцца праз кожныя дзвесце-трыста метраў. Некаторыя вітаюцца, прыветліва махаюць рукамі: сапраўдныя рыбакі браканьераў не любяць, а вось прыродаахоўнікаў паважаюць. Мікалай Самец, намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, уважліва разглядае берагі ў магутны бінокль. Для вопытнага вока мае значэнне любая палка або пластыкавая бутэлька, што тырчаць з вады. 

Месцы, аблюбаваныя ня­доб­ра­сумленнымі рыбало­вамі, інспектарам вядомы. Н­а­блі­жаю­чыся да іх, ідзём на хіт­расць: глушым матор, і лодка сапраўдным кайманам бясшумна высоўваецца з-за паварота. Каля вёскі Турэц Чэрвеньскага раёна гэта тактыка прыносіць плён:

— Наш! Пайшоў! — раптам камандуе Мікалай Мікалаевіч.

Раве матор. Лодка зрываецца на глісер, толькі пырскі ляцяць у розныя бакі, а на беразе разгублена мітусіцца пажылы дзядзька. Я і заўважыць не паспела, што ў яго руках, а вопытны інспектар, узброены магутнай оптыкай, ужо ўсё ацаніў.

Павесіўшы галаву, дзядзечка за вяроўку выцягвае на бераг тры невялікія сеткі, у якіх трапечуцца бліскучыя рыбкі. 

— Ды я ж ніколі… Першы раз, дзедавы снасці знайшоў… — мармыча ён. 

У дачыненні да мужчыны, які парушыў правілы рыбалоўства, састаўляюць пратакол. Пакаранне яму пагражае сур’ёзнае: штраф у памеры ад 20 базавых велічынь, што складае 500 рублёў.

— Калі сюды, — Мікалай Самец паказвае на снасці, так званыя «тэлевізары», — трапілі 34 плотачкі або 12 шчупакоў ці 6 лінёў  — гэта ўжо падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы!

— Ды не, ніколі зараз столькі не траплялася! — запэўнівае парушальнік, які толькі што кляўся, што паспрабаваў снасці ўпершыню. 

Што ж, больш і не будзе — прылады для лоўлі рыбы мы забіраем, каб знішчыць. Пакуль іх вымяраюць, Вадзім Верабей, старшы дзяржаўны інспектар, тлумачыць:

— Гэта снасць называецца сетка маламерная жаберная: невялікага памеру палатно, да ніжняй часткі якога мацуецца груз, у дадзеным выпадку кавалак арматуры. Верхняя планка драўляная, каб заставалася над вадой. Рыба заблытваецца жабрамі ў вочках сеткі, там і застаецца. Між іншым дастаткова распаўсюджаная ў пэўных колах снасць: маленькая, непрыкметная, яе расстаўленне не патрабуе шмат часу. А рыбы тут хапае: ямы побач. Браканьерству спрыяе нават геаграфічнае становішча вёскі, агароды якой выходзяць на раку. 

Няўдачліваму рыбаку на­па­мінаюць, што зараз не варта нават мець прылады для незаконнай здабычы рыбы: з 31 студзеня за іх захоўванне і збыт пагражае штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

Пакінуўшы дзядзьку на раз’ю­шаную жонку, рушым далей. Каля вёскі Сітнікі маторка раптам рэзка зварочвае да берагу. Вадзім Верабей імгненна выскоквае і знікае ў высокай сухой траве, а мы ціхенька плывем наперад. Аказваецца,  інспектары заўважылі жэрдку, якая знікае ў вадзе, і здагадаліся, што гэта так званы пад’ёмнік, або «павук». А значыць, вялікая верагоднасць, што на беразе хаваецца і яго гаспадар. Вось Вадзім і вырашыў адрэзаць яму шлях да адступлення.

Чарговага браканьера мы не знайшлі.  «Павук» жа быў канфіскаваны як безгаспадарны і знішчаны. 

Падарожжа па рацэ скончылася каля вёскі Шкавілаўка. Разбіраючы лодку, Мікалай Мікалаевіч прызнаецца, што лавіць браканьераў становіцца ўсё больш цяжка: яны абзаводзяцца рацыямі, прыборамі начнога бачання, трымаюць сувязь у месенджарах. Тым не менш прыродаахоўнікі маюць што ім супрацьпаставіць. Толькі за мінулы тыдзень дзяржінспектары краіны правялі 139 палявых кантрольных мерапрыемстваў і выявілі 212 парушэнняў пры­родаахоўнага заканадаўства. Канфіскавана 241 сетка агульнай даўжынёй 4,8 км і 235 кілаграмаў незаконна вылаўленай рыбы.

nevmer@mail.ru 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter