Хлебнае месца

У той час, як у Оршы ўручалі ўзнагароды лепшым працаўнікам палёў, у Мінску прайшла міжнародная выстава “Хлебная і кандытарская справа — 2008”
На выставе ўсіх частавалі смачным свежым хлебамУ той час, як у Оршы ўручалі ўзнагароды лепшым працаўнікам палёў, у Мінску прайшла міжнародная выстава “Хлебная і кандытарская справа — 2008”.

Галоўны герой гэтых абедзвюх падзей, вядома, хлеб. І калі ўдзельнікі “Дажынак-2008” яго напружанай працай здабывалі, то менавіта хлебапёкі дапамагаюць караваям прыйсці на нашы сталы. Самым розным, на любы густ.

Такіх эксперыментаў з цестам, дарэчы, на мінскай выставе ў
“БЕЛЭКСПА” было вельмі шмат. Гэта і караблі з макароны, і хлебныя дрэвы, і пашакаладжаныя лімузіны і нават… нявеста ў вясельным убранні.

Стваральніца цудоўнай паненкі ў салодкім адзенні і шакаладнай спадніцы — таленавіты мінскі кандытар Таццяна Ваўчкова. Яна прызналася мне, што цэлы тыдзень стварала “салодкую дзяўчыну”. Аказалася, у аснове твора — суфле і цукраная пудра. А спецыяльны дадатак робіць усю гэтую прыгажосць вельмі цвёрдай, не даючы ёй разбурыцца або сапсавацца.

Шматлікіх наведвальнікаў кандытары частавалі свежымі французскімі (але з беларускім смакам!) булачкамі і новымі незвычайнымі пірагамі ды пірожнымі.

А тым, хто патрапіў на выставу ў конкурсны дзень, пашчасціла паспрабаваць і арыгінальныя кандытарскія ласункі маладых хлебапёкаў з Мінска, Баранавічаў і Маладзечна, якія спаборнічалі за званне лепшага па прафесіі.

На хлебнай выставе было цікава як наведвальнікам, так і самім удзельнікам, якія прадставілі новыя тэхналогіі для хлебапячэння, спецыяльнае абсталяванне для кандытарскіх цахоў і пякарань. Такія выставы, безумоўна, натхняюць кандытараў і хлебапёкаў на творчасць. Можна чакаць, што ў хуткім часе на гандлёвых прылаўках Мінска з’явіцца яшчэ больш смачных вырабаў. Цяпер ужо з мукі новага ўраджаю.

Дарэчы, сярод апошніх навінак мінскіх кандытараў можна назваць
новыя віды вафельных тартоў “Гармонія густу” — малочна-кававы, з фундуком, халвічны. Гэтыя смачныя вырабы карыстаюцца павышаным попытам як у Мінску, так і экспартуюцца ў іншыя краіны — Расію, ЗША, Германію і Ізраіль.

Уладзімір Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter