Без уліку асабістых інтарэсаў гаспадара немагчыма рэфармаванне АПК, упэўнены патрыях старшынёўскага корпуса Брэстчыны Вячаслаў Каштальян

Хлеб, грошы i медныя трубы

Без уліку асабістых інтарэсаў гаспадара немагчыма рэфармаванне АПК, упэўнены патрыях старшынёўскага корпуса Брэстчыны  Вячаслаў Каштальян
Без уліку асабістых інтарэсаў гаспадара немагчыма рэфармаванне АПК, упэўнены патрыях старшынёўскага корпуса Брэстчыны  Вячаслаў Каштальян



ІВАНАЎСКІ аграгарадок Моталь па колькасці вясковых жыхароў уступае ў Беларусі толькі столінскім Альшанам. Мясцовыя калгасы мелі аднолькавую назву — “40 гадоў Кастрычніка” і славіліся працавітымі і кемлівымі людзьмі. 

Чвэрць стагоддзя таму ААТ “Агра-Моталь” узначаліў выпускнік Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Вячаслаў КАШТАЛЬЯН. За працоўныя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё гаспадаркі ганараваны ордэнам Айчыны III ступені, званнем “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, тытулаваны “Чалавекам года” на Брэстчыне і  “Ганаровым грамадзянінам горада Іванава і Іванаўскага раёна”. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў.

ЧАРОДЫ гусей і качак на ясельдзянскіх затоках, гурт свойскіх кароў і статны, быццам з пастамента, конь на прыбярэжным лузе, да якога падступаюць мотальскія агароды. На цэнтральных доўгіх вуліцах цесна ад дамоў. Тут яшчэ захаваліся драўляныя даваенныя яўрэйскія пабудовы, побач з якімі паўсталі сучасныя гасцініца, кафэ, магазіны, Палац культуры з адміністрацыйным будынкам ААТ “Агра- Моталь”. 

Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці элітнага насення бульбы. Акрамя пяці вытворчых брыгад з агульнай плошчай сельгасугоддзяў звыш васьмі тысяч гектараў, тут прыбыткова працуюць архітэктурна-праектнае бюро, хлебапякарня і мясаперапрацоўчы цэх. Сумесна са сталічным батанічным садам ствараецца біятэхналагічны комплекс, у якім неўзабаве пачнуць вырошчваць рэдкія расліны.

Кіраваць разнапланавай гаспадаркай не так і проста. Мясцовы народ тут працавіты, але і наравісты. Па волі сялян не ўтрымаліся ў старшынёўскім крэсле два даволі вопытных кіраўнікі. Узначаліў калектыў старшыня суседняга калгаса Вячаслаў Каштальян.

— З першых дзён кіраўніцтва гаспадаркай імкнуўся адчуць, што калгаснікі чакаюць ад мяне і як больш эфектыўна выкарыстаць фінансы, якія гаспадарка мела на банкаўскіх рахунках, — адзначае дырэктар ААТ “Агра-Моталь” Вячаслаў Каштальян. — Грашыма трэба ўмець кіраваць, а не служыць ім. Заняліся мадэрнізацыяй жывёлагадоўчых ферм. Гэта былі першыя гады перабудовы, і з’явілася магчымасць пагля- дзець, як працуюць нашы калегі за мяжой. У Ізраілі месяц вывучаў у кібуцах арганізацыю вытворчасці малака. Біялогія кароў аднолькавая і корм той жа самы, а вынікі былі розныя. 

— Што новага там вы ўбачылі?

— Сістэму даення і ўтрымання жывёлы. Дасканала вывучалі асаблівасці, аналізавалі, як лепш адаптаваць новае ў сябе. Падбіралі найбольш спрыяльныя даільныя сістэмы, выпрабоўвалі нямецкай, шведскай, чэшскай вытворчасці. Выязджалі на жывёлагадоўчыя комплексы Падмаскоўя. На аграрнай выставе ў Гановеры пазнаёміўся з прадстаўніком амерыканскай фірмы па вытворчасці жывёлагадоўчага абсталявання, які арганізаваў паездку ў ЗША. З кіраўніком вядомай астрамечаўскай гаспадаркі Аляксеем Скакуном адправіліся за акіян і тыдзень знаёміліся з дзейнасцю жывёлагадоўчых ферм у раёне Вялікіх Азёр, што ў штаце Вісконсін. Прыродныя ўмовы там абсалютна ідэнтычныя нашым. Такія ж балоты ў перамежку з дробналессем. Набылі для гаспадаркі дзве амерыканскія даільныя ўстаноўкі, якія паспяхова і зараз дояць звыш 1300 кароў. У Мінсельгасхарчы Беларусі адобрылі набыццё гэтага абсталявання. Цяпер надой малака ад каровы па гаспадарцы даходзіць да васьмі тысяч кілаграмаў.

Для прымянення новай тэхналогіі стваралі адпаведную кармавую базу і рыхтавалі жывёлу. Пасля ацёлаў цяляткам сталі выдаляць рогі. Бязрогая карова не агрэсіўная, што станоўча ўплывае на яе прадукцыйнасць. На ізраільскіх фермах не ўбачыш рагатую карову, і тым больш прывязаную на ланцуг у стойле. І мы перавялі ўсе фермы на вольнае ўтрыманне кароў.

— Робаты ў вас дояць кароў?

— Яны патрэбны там, дзе дарагая рабочая сіла, ці няма каму працаваць. Для нашай гаспадаркі гэта не характэрна, бо няма праблемы з кадрамі. Акрамя дойнага зтатка яшчэ ўтрымліваем 550 мясных кароў. Стабільна трымаецца рэнтабельнасць малака на ўзроўні 30—40 працэнтаў.

— І ў раслінаводстве такія ж высокія паказчыкі?

— Рэнтабельнасць бульбы летась выйшла амаль у два разы большай пры ўраджайнасці звыш 340 цэнтнераў клубняў з гектара. Штогод пад гэту культуру адводзім да паўтысячы гектараў. У спецыялізаванай лабараторыі вырошчваем у прабірках бязвірусны насенны матэрыял.

Спецыялізуемся на вырошчванні элітнай бульбы, і тут важна не валавая вытворчасць, а якасная таварная прадукцыя. Толькі вучымся гэтаму. Спачатку на расійскім рынку не верылі, што ў нас так высока арганізавана работа па адборы стандартнай бульбы. Цяпер ужо маем пастаянных пакупнікоў на таварную бульбу, і гэта папаўняе казну гаспадаркі.

— А што яшчэ дае значны прыбытак?

— Гародніна, пад якую сёлета адведзена 54 гектары. Вырошчваем так званы “баршчавы набор”: буракі, цыбулю, моркву, капусту. Найлепш родзяць на нашых не надта ўрадлівых землях морква і капуста — амаль тысячу цэнтнераў з гектара. Цыбулі атрымліваем па 500 цэнтнераў і стандартных буракоў да 300 цэнтнераў з гектара. 

— Куды гародніну рэалізуеце?

— Забяспечваем дзяржаўныя ўстановы раёна. Пастаўляем ім і яблыкі. У перспектыве плануем пашырыць наш сад. Цяпер ён займае 68 гектараў і дае толькі першыя ўраджаі.

Для захоўвання садавіны і гародніны збудавалі сучаснае сховішча на 1810 тон. Пачалі ўзводзіць спецыялізаванае сховішча для цыбулі. Плануем сёлета ўвесці ў эксплуатацыю бульбасховішча. Маем і невялікае сховішча для агародніны на 3 тысячы тон, якое запоўнім морквай і капустай. На абслугоўванні гэтых сховішчаў круглы год заняты вяскоўцы. І пенсіянерам там ёсць занятак для папаўнення свайго бюджэту.

— А моладзь мае магчымасць зарабляць, каб забяспечваць свае патрэбы?

— Большая частка механізатараў і жывёлаводаў маладога ўзросту. Наш машынна-трактарны парк вялікі. Пасяўны клін сёлета перавысіў 5 тысяч гектараў, а ўсяго сельгасугоддзяў стала больш як 8 тысяч гектараў пасля далучэння суседняга калгаса “Савецкі”, у якім пачынаў працаваць старшынёю. Калі прымаў гэту гаспадарку, мала хто спадзяваўся, што нешта змагу зрабіць.

— Атрымалася?

— Змяніў трынаццатага старшыню і атрымаў мянушку Людовік Чатырнаццаты. Выраслі эканамічныя паказчыкі. Умовы працы палепшыліся. Праз чатыры гады, калі ў Моталі з`явілася неабходнасць у кіраўніку, пераходзіў туды з мянушкай Генрых Чацвёрты, які любіў парадак. 

Дарэчы, мяне з маленства выхоўвалі так, каб трымаўся парадку. Продкі мае так жылі. Дзядуля Сымон з братам Пятром і стрыечным братам Янкам на пачатку мінулага стагоддзя італьянскім лайнерам праз Атлантычны акіян рашуча адправіліся на заробкі ў Амерыку. Больш як месяц кожную раніцу ўглядаліся ў водную прастору, ці хутка пакажацца зямля Амерыкі. Цяжкім было гэта выпрабаванне. У раёне Вялікіх Азер, што на мяжы Злучаных Штатаў і Канады, будавалі чыгуначныя масты. Зарабілі грошай і вярнуліся, набылі зямлю, але вайна перашкодзіла здзейсніцца мірным планам. Маіх бабуль Ганну і Марыю зажыва спалілі фашысты ў драгічынскай вёсцы Хомск. Дзед Сымон цудам застаўся ў жывых. У час калектывізацыі са свайго хутара прывёў каня ў калгас, а сам застаўся аднаасобнікам. Скупа распавядаў мне дзед пра свае жыццёвыя выпрабаванні. Казаў, што давялося яму прайсці праз агонь і ваду… Узгадваў чыкагскія хмарачосы, якія я ніяк не мог уявіць. Праз дзесяцігоддзі давялося па службовых справах пабываць у гэтым мегаполісе, быццам дзед са мной крочыў каля тых самых хмарачосаў, ад якіх шырокія вуліцы падаюцца вузкімі.

— Вячаслаў Мікалаевіч, дзедава рашучасць вам перадалася?

— З гадамі яна крышталізуецца. Збіраўся ў медыцынскі інстытут пасля школы паступаць, але суседскі сын вучыўся на інжынера ў Мінску і так заахвоціў мяне, што рашуча падаўся туды на вучобу. Пасля заканчэння з адзнакай інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі мне прапанавалі застацца ў аспірантуры, але бацька сказаў, каб ішоў працаваць і дапамагаў падымаць двух меншых братоў і сястру. Вярнуўся ў свой раён і ўзначаліў інжынерную службу ў калгасе “Шлях Леніна”. Падтрымліваў  малодшых братоў Уладзіміра і Міхаіла ў гады іх студэнцтва. І сястры Таісе чым мог дапамагаў. Бацькі былі давольныя гэтым. А калі паведаміў ім, што буду жаніцца, катэгарычна запярэчылі. Напэўна, упершыню не паслухаў бацькоў. Распісаліся з Марыяй у сельсавеце і вяселля не рабілі. Яе сынок ад першага шлюбу Эдуард стаў зваць мяне бацькам. Сям’ю папоўнілі яшчэ і дачушкі Маргарыта і Ала. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Ужо і ўнука маем, які хутка стане юрыстам. Дочкі жывуць у Брэсце, а Эдуард застаўся ў Моталі і працуе маім першым намеснікам. А Марыя Рыгораўна дома ўпраўляецца.

— Вы кіруеце мотальскай гаспадаркай, а жонка — хатняй?

— Каб гэта было так! Прыкупілі суседні падворак у старэнькай  бабулі і трымаем там авечак. Люблю іх даглядаць. А яшчэ купілі ліндаўскіх гусей. Па нашым падворку, што побач з рэчкай Ясельдай, важна ходзяць індыкі, корпаюцца куры. Некалькі гадоў таму здалі карову, якую я даіў апаратам. У нас спадчыннае — быць занятымі справай.

— На Іванаўшчыне вы аксакал старшынёўскага корпуса?

— З кіраўніком дастоеўскай гаспадаркі Паўлам Мельнікам у адзін год пасля заканчэння інстытута прыйшлі працаваць у раён. Калі той час праляцеў? Пяты год атрымліваю пенсію, але ж адарвацца ад працы ніяк не магу. 

— Па адукацыі вы — інжынер-механік, а ці спатрэбілася спасцігаць іншыя сельскагаспадарчыя прафесіі?

— Усе гады шмат чытаю. Дасканала засвоіў нямецкую мову і выпісваю  аграрныя часопісы з Германіі і адтуль чэрпаю карысную інфармацыю для гаспадарчай дзейнасці. 

— Вячаслаў Мікалаевіч, якімі вам бачацца перспектывы гаспадаркі?

— Як у старажытным Егіпце вырошчвалі ячмень, так і нашы нашчадкі будуць на гэтай зямлі вырошчваць хлеб і іншыя харчовыя культуры. Гэта святая справа. І жывёлагадоўля будзе далей развівацца. Напэўна, зменяцца адносіны да ўласнасці. Вытворчасць пастаянна развіваецца, мадэрнізуецца. Пры ўсім гэтым для развіцця гаспадаркі варта ўлічваць у першую чаргу асабістыя інтарэсы. Павінен быць гаспадар. Без гэтага рэфармаванне аграпрамысловага комплексу немагчыма. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя вялікі рэфарматар Пётр Аркадзьевіч Сталыпін імкнуўся стварыць на зямлі ўласніка. Але не ўсе ад прыроды могуць быць гаспадарамі, тым больш — кіраўнікамі. Для гэтага трэба мець асаблівыя рысы характару і прыродную кемлівасць. Толькі дзясятая частка людзей можа творча весці іншых за сабою і рэгуляваць адносіны, а астатняя маса інертная, якая падпарадкоўваецца лідару. Бывае, што тэрмінова на ферму патрэбен жывёлавод, і ўгаворваю, заробак высокі, прапаную, карысць для сям’і будзе, а ў адказ чую, што гэта ж трэба штодня рана ўставаць. І адмаўляюцца ад больш заможнага жыцця, толькі б паспаць болей. З такімі людзьмі ў будучым нам не па шляху. Асноўны касцяк наш — механізатары і жывёлаводы, на якіх трымаецца гаспадарка. Людзі зарабляюць добра, будуюцца, дзяцей выхоўваюць сабе на замену. У нашых дзвюх мотальскіх сярэдніх школах падрастае замена сённяшнім працаўнікам гаспадаркі.

— Хто ў жыцці для вас эталон?

— Цікавае пытанне. Дзядоў і бацькоў паважаў, а па службовай лініі для мяне прыкладам быў старшыня Іван Іванавіч Савенка, які прадстаўляў раён у Вярхоўным Савеце БССР. Ён умеў прадбачыць, разлічыць, прыняць дакладнае рашэнне. Кіраваў калгасам “Зара камунізму”. Мы з ім сябравалі, многае ад яго пераняў. Мо таму і затрымаўся на чвэрць стагоддзя кіраўніком мотальскай гаспадаркі.

— Што найбольш хвалюе вас у гаспадарчай дзейнасці?

— Фінансы. Складана стала з-за пастаянных сюрпрызаў, нестабільнасці на фінансавым рынку. Нядаўна на выставе “Белагра” шмат тэхнікі сучаснай бачыў, але не ўсё даступна. І гэта пры нашай стабільнай рэнтабельнасці. 

Па кліматычных умовах Беларусі рэкорды па збожжы мы не можам ставіць. Побач расійскія і ўкраінскія чарназёмы, дзе без асаблівай напругі можна атрымліваць рэкордныя ўраджаі. Трэба шукаць найбольш эфектыўныя нішы, дзе мы можам зарабіць. Варта больш увагі звярнуць на авечкагадоўлю, з рэалізацыяй прадукцыі якой няма ў свеце праблем. Трэба вучыцца вырошчваць халяльныя, кашэрныя віды мяса. Пераходзіць на найбольш складаныя тэхналогіі ў садоўніцтве, смялей  прымяняць біятэхналогіі, тое, што патрабуе інтэлекту. Мы зараз актывізавалі супрацоўніцтва з польскімі калегамі па садоўніцтве. Наладжваем кантакты, удзельнічаем з імі ў семінарах. На выставе “Белагра” палякі прапанавалі семінар па захоўванні гародніны, садавіны і закладцы садовых гадавальнікаў. Ва ўсім трэба трымацца лідараў.

— Вячаслаў Мікалаевіч, што для вас значыць праца?

— Яна мой стан жыцця, маё асяроддзе.

— А сям’я для вас – гэта…

— …месца, дзе маё гняздо.  

— Сённяшні кіраўнік сельгаспрадпрыемства…

— …гэта менеджар, які разлічвае ўсё, арганізоўвае. Ён павінен быць і паўнацэнным гаспадаром.

А чаму вы ў мяне не спыталі, што ў нас ёсць такое, чаго ў іншых няма? 

— А сапраўды, што?

— Духавы аркестр. У святы гучаць яго фанфары, аж на маім падворку, што на ўскрайку Моталя, чуваць. Мы, як янычары, без музыкі не ідзём у бой. Усе нашы вясковыя музыкі атрымліваюць зарплату ў гаспадарцы. Яны залічаны ў штат, таму што музыка духавога аркестра павінна пастаянна трэніраваць дыханне, каб добра іграць. Трэніруюцца штодзённа, а ў святы цешаць нас.

— Адкуль інструменты?

— Некалі аркестры былі ў кожнай гаспадарцы. Мы свае медныя трубы збераглі і яшчэ ў суседзяў сабралі, вычысцілі іх. Пасля жніва ў Іванаве адбудуцца абласныя дажынкі, і гучаць там будуць фанфары мотальскага духавога аркестра.

Уладзiмiр СУБАТ

Іванаўскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter