У Днепрапятроўскім Доме мастацтваў стартаваў вялікі праект “Масты дружбы”, скіраваны на ўмацаванне ўкраінска-беларускага сяброўства

Хлеб ды соль на вышываным ручніку

У Днепрапятроўскім Доме мастацтваў стартаваў вялікі праект “Масты дружбы”, скіраваны на ўмацаванне ўкраінска-беларускага сяброўства


Сярод удзельнікаў імпрэзы ў Днепрапятроўску было шмат сяброў Беларусі

Стасункі добрасуседства, нават братэрства здаўна звязваюць народы Украіны і Беларусі. А вядомы ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра нават назваў Беларусь “сінявокай сястрой Украіны”. У плыні сяброўства і новы мастацкі праект. Асноваю, каб распачаць яго, сталі выставы: карцін Міхайлы Кубліка “Гістарычныя і сакральныя мясціны Беларусі ды Украіны” і выстава ўкраінскай вышыўкі майстрыхі Святланы Макаранкі. “Мы задумалі праект, каб мастакі розных краін маглі абменьвацца думкамі, надзеямі, планамі, дзяліцца плёнам сваёй працы, — гаварыла на прэзентацыі выстаў дырэктар Днепрапятроўскага гарадскога Дома мастацтваў Валянціна Слабада. — Бо мастакі, як вядома, гэта прадстаўнікі народнай дыпламатыі. Большасць мастацкіх жанраў не мае патрэбы ў перакладзе: людзі розных нацыянальнасцяў адчуваюць душу і сэрца мастака. На гэты раз у цэнтры ўвагі праекта апынуліся Украіна і Беларусь — дзве брацкія краіны”.


Мастак Міхайла Кублік
Мастакі Прыдняпроўя, з мясцовай суполкі “Мастацкі квартал”, ужо чацвёрты год дапамагаюць  развіццю міжнародных культурных сувязяў. Аднак у горадзе пакуль мала ведаюць пра ўклад Беларусі ў развіццё мастацтва Украіны, і праект “Масты дружбы” — гэта спроба вывучаць, развіваць, узбагачаць агульную духоўную спадчыну, традыцыі братніх народаў. Да праекта падключылася і суполка “Беларусы Прыдняпроўя”, ёй кіруе Валеры Каралёў. Арганізатары — за тое, каб мастакі Украіны ды Беларусі ездзілі ў госці адзін да аднаго, абменьваліся выставамі. Дарэчы, пасланцы Днепрапятроўшчыны пабывалі ўжо на “Славянскім базары ў Віцебску”, у Белавежскай пушчы, на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” на Віцебшчыне. А ў цэнтры Мінска ёсць мемарыял “Востраў слёз”, да стварэння якога мае дачыненне і днепрапятроўскі скульптар Юры Паўлаў.

На вернісажы начальнік Днепрапят­роўскага гарадскога ўпраўлення культуры і мастацтваў Яўген Харашылаў нагадаў: Дом мастацтваў становіцца значным цэнтрам культурнага жыцця горада. Ён выказаў надзею, што “моцная дыяспара беларусаў Прыдняпроўя зробіць усё, каб “Мост дружбы” ўсталяваўся, стаяў надзейна, меў двухбаковы рух”. А гарадскія ўлады маюць намер заахвочваць культурны абмен паміж двума брацкімі народамі: мастакамі, дзеячамі культуры, майстрамі народнага мастацтва. “З беларускім народам нам няма чаго дзяліць, няма пра што спрачацца. У нас агульныя карані, традыцыі гасціннасці, ветлівасць, ёсць і ўзаемнае імкненне да супрацы”, — адзначыў Яўген Харашылаў.

Цікава расказваў пра гісторыю з’яўлення беларусаў у цэнтры Украіны, на днепрапятроўскай зямлі, пра іх уклад у развіццё рэгіёну старшыня суполкі “Беларусы Прыдняпроўя” Валеры Каралёў. Яшчэ 220 гадоў таму па загадзе расійскай імператрыцы Кацярыны II больш за 1200 беларускіх ткачоў з Дуброўна (цяпер Віцебская вобласць) былі накіраваныя ў Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), дзе адкрывалася суконная мануфактура. Так што прамысловасць горада распачыналі беларусы. Можа,  і мемарыяльны знак пра тое зрабіць на будынак сучаснага хлебакамбіната, ля вакзала: якраз там была суконная фабрыка. Нашы супляменнікі нямала папрацавалі на карысць рэгіёна і пазней. У прыватнасці, інжынеры, прафесары, дактары навук, высокакваліфікаваныя рабочыя працавалі ды працуюць з ракетнай тэхнікай. Вядучы днепрапятроўскі афтальмолаг прафесар Васіль Саковіч — родам з Беларусі. Антаніна Гаркуша (у дзявоцтве Гіль, родам з вёскі Валокі Карэліцкага раёна) была вядучай салісткай Днепрапятроўскай оперы, цяпер выкладае ў Днепрапятроўскай кансерваторыі.


М. Кублік. Мінск зімою. Чырвоны касцёл. 2014

У свой час днепра­пятроўскі мастак Міхай­ла Кублік пабываў у Бе­ларусі, на карцінах адлюстраўваў яе прыгожыя мясціны: Гродна і Мінск, Мірскі замак і Пінск, Белавежская пушча... Выставу тых палотнаў у Доме мастацтваў ініцыявалі “Беларусы Прыдняпроўя”. Плануецца паказаць яе і ў Мінску, а беларускіх мастакоў з іх творамі запрасіць у Днепрапятроўск. Украінска-беларускія творчыя сувязі, па словах Валерыя Каралёва, варта пашырыць, узмацняць, развіваць. Ён зачытаў прывітанне на беларускай мове, якое накіраваў удзельнікам урачыстасці Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка з нагоды выставы Міхайлы Кубліка.

Культуры ўкраінцаў і беларусаў вельмі блізкія, шмат агульнага ў нашым фальклоры. Вось на сцэне гурт “Здравушка” з беларускага сяла Сурска-Літоўскае, што пад Днепрапятроўскам. Ужо 220 гадоў жывуць там беларусы, зберагаюць узоры свайго фальклору. “Хлеб ды соль, вышыты абрус…” — з гэтай песняй прыйшлі на свята самадзейныя артысты. Былы сельскі галава Сурска-Літоўскага Вольга Цярэнцьева ўручыла гаспадарам свята ад Беларусі хлеб-соль на вышываным ручніку. Яна душэўна распавяла пра паездку гурта ў 2012 годзе на песенны фэст у Дуброўна, на гістарычную радзіму артыстаў. А цяперашні сельскі галава Рыгор Андрэеў падзякаваў за само запрашэнне: паўдзельнічаць у праекце “Масты дружбы”. Ён запрасіў Міхайлу Кубліка паказаць сваю выставу і ў Сурска-Літоўскім, у музеі знакамітага земляка-мастака Фёдара Рашэтнікава. Цёплым словам сельскі галава згадаў 80-гадовую спявачку Сафію Савітчанку: яна ведае шмат старадаўніх беларускіх песень, “па стане здароўя не змагла прыехаць на свята, але ўсёй душою з намі”. Спявачцы перададзены сертыфікат аб тым, што яе імя занесена ў Банк дадзеных носьбітаў фальклору Днепрапятроўскай вобласці.


М. Кублік. Беларусь. Азімыя ўзышлі. 2012

Краязнаўца Аляксандр Салавей, аўтар кнігі пра гісторыю сяла Сурска-Літоўскае ды яго жыхароў, падзякаваў арганізатарам праекта “Масты дружбы” за выдатную ідэю, пажадаў плёну яго ўдзельнікам. Сярод гасцей свята быў і заслужаны мастак Украіны Юры Паўлавіч Паўлаў. У 1989-м ён адкрыў помнік афганцам у Днепрапятроўску. І тады ж госці з Беларусі, што былі на свяце, запрасілі яго прыняць удзел у конкурсе на помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску. Так і пачалася “беларуская гісторыя” Юрыя Паўлава, пра што падрабязна распавяла яго жонка. У 1996-м помнік работы днепрапятроўца адкрылі ў гістарычнай частцы Мінска: на Востраве слёз. Потым былі заказы і з іншых гарадоў Беларусі, і Юры Паўлаў на многія з іх адгукнуўся.

Днепрапятроўскі паэт Сяргей Асначоў распавёў пра свае пераклады беларускіх паэтаў. У свой час Сяргей Раманавіч узначальваў абласную пісьменніцкую арганізацыю, выступіў з ідэяй кнігі “Чалом табе, Славуцічу!” на беларускай, украінскай і рускай мовах. Трэцяе выданне пабачыла свет яшчэ ў 1982 годзе. “Мне пашчасціла ездзіць да беларускіх братоў, — успамінае паэт, — дамаўляцца, каб яны паспрыялі перастварэнню на беларускую мову твораў для зборніка. Тады былі яшчэ жывыя класікі беларускай літаратуры Іван Чыгрынаў, Рыгор Барадулін. Дарэчы, у свой час беларускія плытагоны сплаўлялі лес па Дняпры ажно ў Екацярынаслаў-Днепрапятроўск. Пра тое і верш беларускага паэта Аляксея Зарыцкага “Зарачанцы”. Яго прачытаў у сваім перакладзе Сяргей Асначоў.

Народная майстрыха Людміла Сяргееўна Дварнічэнка з сяла Калінаўка, што на Днепрапятроўшчыне, падзялілася ўспамінамі пра сваю паездку ў Беларусь, на фэст “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Яна цёпла ўзгадала гасціннасць беларускай зямлі, чысціню і ахайнасць беларусаў, іх адкрытасць і дабрыню.


М. Кублік. Асенні дзень. Гродна. 2013

Мастак Міхайла Кублік зноў быў у Беларусі мінулым летам два тыдні: наведаў Мінск, Полацк ды іншыя гарады. Яго карціны ў жанры архітэктурнага пейзажу дэманстраваліся ў днепрапятроўскім Доме мастацтваў. Мастак распавёў пра вёсачку ў Белавежскай пушчы, дзе ўсё пабудавана з дрэва. Яна такая маляўнічая-размаляваная, што мастак хоча паехаць туды і зімой: каб убачыць каляровыя хаты на белым пухнатым снезе. Цішыня і спакой беларускіх вёсак і гарадоў натхняюць майстра на новыя творы.

Выкладчыца Днепра-пятроўскай кансерваторыі Антаніна Гаркуша з Гродзеншчыны родам, закончыла Адэскую кансерваторыю. Цяпер яна — актывістка таварыства “Беларусы Прыдняпроўя”. Працуе ў сферы культуры разам з мужам, іх шляхамі пайшлі і сыны-музыканты. Адзін з іх запрошаны працаваць у Мінск. Штогод бывае на роднай зямлі і сама Антаніна Сцяпанаўна: “Чэрпаю там натхненне для працы са сваімі студэнтамі ды ўсюды ў Беларусі гавару на роднай мове. Ганаруся тым, што я беларуска, і тым, што жыву ва Украіне, якая стала маёй другою радзімай”. Антаніна Сцяпанаўна падзякавала мастакам Юрыю Паўлаву і Міхайлу Кубліку за адладжванне творчых сувязяў паміж Украінай і Беларуссю. Апошняму падзякавала і за тое, што адлюстраваў на палотнах і краявіды яе роднай Гродзеншчыны: “Для мяне гэта вялікая радасць. Сапраўды, беларусы добрыя, прыязныя людзі, і хочацца, каб украінцы і беларусы як славяне заўсёды былі разам”. Антаніна Гаркуша прачытала знакамітую байку Кандрата Крапівы: “Ехаў Дзедка на кірмаш...” Упрыгожылі вечар і беларускія песні ў выкананні выхаванкі Антаніны Гаркушы, студэнткі Днепрапятроўскай кансерваторыі Вольгі Сіняковай (канцэртмайстар Ларыса Грабка) — яна спявала народную песню “Кацілася чорна галка” ды “Расцвітай, Беларусь!” Юрыя Семянякі.

Мікола Чабан, г. Днепрапятроўск, Украіна

Голас Радзімы № 11 (3467), чацвер, 31 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter