Хлапчына гомельскiх вулiц

Сярога   даражыць   сваiм   «я», нашым   «мы»   i   роднымi   мясцiнамi

Сярога   даражыць   сваiм   «я», нашым   «мы»   i   роднымi   мясцiнамi

Вядомы выканаўца Сярога даволi часта наведваецца ў Бабруйск. На гэты раз яго канцэртнаму выступленню папярэднiчала сустрэча з журналiстамi. На сцэне ён – гэткi развясёлы хлопец, а тут – зусiм iншы, разважлiвы, са сваiм адметным «я».

— Я родам з Гомеля, — адзначыў Сярога, — з аддаленага рабочага раёна. Мае бацькi – iнжынеры на адным з мясцовых прадпрыемстваў. Пэўнае выхаванне далi, а болей уплывала вулiца, хлапечыя кампанii, давялося перажыць нялёгкiя дзевяностыя мiнулага стагоддзя... Музыка, якой захапiўся, была для мяне добрай падтрымкай. Сам пiшу песнi, сам i выконваю. Стварыў на сцэне вобраз гэткага хлопца з рабочага асяроддзя. Гэта мой стыль, мая знаходка, ад чаго адмаўляцца не збiраюся. Калi лепш атрымлiваецца, калi не надта... Аднак заўжды старанна працую над сваiмi творамi: выходзiш на сцэну – паважай гледача!

— А як удалося прабiцца на маскоўскую сцэну?

— Адразу прызнаюся, маскоўскi шоу-бiзнес не надта вiтаю. Там свае законы, перабудоўваюць на свой капыл, ламаюць... Гэтага не люблю. Я хачу заставацца самiм сабой, са сваiм поглядам на мастацтва, выкананне сваёй ролi на сцэне. Тым больш у мяне нiколi не было нi прадзюсераў, нi iмiджмейкераў, усе рашэннi адносна  творчай i канцэртнай дзейнасцi я прымаў сам. I буду прымаць. Гэта, калi хочаце, мой прынцып. Вось такое маё «я». Пра гэтыя мае «дзiвацтвы» ведаюць у Белакаменнай i таксама не ў захапленнi ад мяне... Аднак, якiя б супярэчнасцi мiж намi нi былi, музыка, творы нярэдка ўздымаюцца над усiм гэтым. Вось так атрымалася i ў дадзеным выпадку: мая песня «Чорны бумер» i заклiкала на маскоўскую сцэну. Iмкнулiся не падкачаць, бо i мы, «перыферыйныя», чагосьцi ды вартыя!

— Вы нямала пабывалi i ў блiзкiм, i ў далёкiм замежжы. Якi галоўны вывад зрабiлi?

— Мы павiнны вучыцца паважаць самiх сябе, ганарыцца тым, што ёсць такая самабытная нацыя, як беларусы. Не палiчыце мяне за нейкага там апантанага нацыяналiста, я не заўсёды нават на беларускай мове размаўляю, але я стаю за сваё нацыянальнае. Мы не перыферыйныя, а ў цэнтры Еўропы, гартавалiся агнём i мячом, але засталiся самiмi сабой. Паглядзiце, сярод беларусаў – касманаўты, лаўрэат Нобелеўскай прэмii, вядомыя навукоўцы, пiсьменнiкi, артысты. Трэба, каб iмёны нашых знакамiтых землякоў былi пастаянна на слыху. Гэта ўзвысiць не толькi iх, але i ўсiх нас. Што ж да ролi правiнцыялаў, то я з ёю не згаджаюся. I наўрад цi згаджуся.

— Цi часта даводзiцца бываць на радзiме, у тым жа Гомелi?

— Як толькi зручны момант – я ў горадзе свайго маленства. Мяне нiбыта хто туды клiкае, прыцягвае: прайдуся знаёмымi вулачкамi, абуджуся ўспамiнамi, надыхаюся – iншы настрой, тварыць хочацца! Радзiма для мяне – маленькi рай, тым больш горад на Сожы апошнiм часам папрыгажэў, зрабiўся больш камфартабельным, утульным.

— I вяртаючыся да галоўнай сферы вашай дзейнасцi – музыкi. Што тут новенькага, чым можаце парадаваць прыхiльнiкаў?

— Як быццам справы iдуць някепска. Заседжвацца сабе не даём. Трэцi альбом выйшаў — пад назвай «Хронiка хлапчыны гомельскiх вулiц». Выношваем новыя планы. Хоць, адзначу, наўрад цi доўга яшчэ буду заставацца ў шоу-бiзнесе, бо мне ўжо трыццаць адзiн год... Iншая справа, чым займацца потым. Магчыма, гэта будзе якаясьцi выкладчыцкая праца, мо паспрабую сябе ў кiно, цi яшчэ нешта падкажа жыццё.

На здымку: Сярога ў час сустрэчы.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter