Як жывуць пастаяльцы прытулку для абяздоленых, якi заснаваў былы палкоўнiк Iваныч

Хэпі-энды на фазэндзе

Сюды звяртаюцца людзі з рознымi лёсамi. Самаму маладому — 20 гадоў. Старэйшаму — за 80. Адны застаюцца перакантавацца на ноч, іншыя затрымліваюцца на гады. Сярод пастаяльцаў слесары, сталяры, электрыкі, гітарысты, баяністы, інжынеры, дырэктары... На жаль, у большасці сваёй былыя. Умоўна гэтае месца называецца «фазэндай». Жыхароў аб’ядноўвае адзіная рыса: ім няма куды пайсці. За дванаццаць гадоў тут атрымалi прытулак некалькі сотняў чалавек. А колькасць усіх тых, каму дапамог яго гаспадар Іваныч, складае тысячы. Карэспандэнт «Р» пазнаёмілася з 56-гадовым ініцыятарам руху «Дабрачыннасць і міласэрнасць кругласутачна» і наведала прытулак для бяздомных.

Прытулак для бяздомных Юрый Іванавіч стварыў 12 гадоў таму.

Каго тут толькі няма

З былым вайскоўцам сустракаемся каля мясцовага гіпермаркета ў мiнскiм мiкрараёне Сухарава. Затаварваемся ўсім неабходным: цукар, крупы, хлеб, чай — і рушым на Школьную, 12. Менавіта тут размясцілася пабудова для дзясяткаў абяздоленых. 

Ажыццявіць даўнюю ідэю спецыфічнага прытулку Юрый Мельнік, якога ўсе клічуць проста Iванычам, адважыўся толькі пасля трагічнай жыццёвай падзеі. У 1990-я гады па волі службы ён апынуўся сам-насам з шаснаццаццю бандытамі. Быў збіты настолькі, што ўрачы з цяжкасцю адшукалі вочы на яго твары. Кароткачасовая клінічная смерць прымусіла Іваныча перагледзець жыццёвыя прыярытэты.

— Вось гэта так званая фазэнда, — падыходзім да заняпалай хаціны ў прыватным сектары. — Сёння тут хлопцы пастараліся, печ адрамантавалі. Людзі сюды прыходзяць кругласутачна, асабліва калі халаднее. Гэта так званы пункт абагравання. 

Сёння ў прытулку Іваныча каля дваццаці чалавек. Але гэта далёка да максімуму: зімой некалькі гадоў таму тут сабралася амаль сорак жыхароў. 

Самаму малодшаму пастаяльцу Аляксандру 20 гадоў. Два гады таму ён атрымаў кватэру, бо рос без бацькоў у інтэрнатах. У Іваныча хлопец жыве амаль год: уласную кватэру загнаў у даўгі.   

— Сёння ў маёй кватэры жывуць кватаранты. Тады ў мяне вецер у галаве гуляў: алкаголь, дзяўчаты. Канешне, хочацца вярнуцца ў кватэру, — шчыра прызнаецца хлопец. — Я магу працаваць спецыялістам па рамонце абутку ці слесарам-рамонтнікам, аднак асаблівага жадання няма. Мне больш падабаюцца вольны графік, падпрацоўкі. 

Часта людзі, якія трапляюць у прытулак, не ўмеюць распараджацца прыбыткам. Некаторых даводзіцца браць па стане здароўя. Аднойчы бізнесмены папрасілі Іваныча даглядаць іх сябра, у мінулым генеральнага дырэктара, бо родзічы ад яго адмовіліся. Яго даводзілася пакропельна карміць праз трубачку. 

— Сюды не аднойчы траплялі наркаманы. Яны, як правіла, сыходзяць з дому, бо моцна пасварыліся з роднымі. У такіх выпадках доўга размаўляем. Праз гадзіну гаворкі, як правіла, відаць пазітыўны вынік, — нотка радасці прамільгвае ў голасе Юрыя Іванавіча. — Потым імкнуся перадаць людзей у спецыялізаваныя ўстановы. Падтрымліваю сувязі з цэнтрамі сацабслугоўвання, бальніцамі, манастырамі.

Ежу пастаяльцы прытулку рыхтуюць сумесна: звычайна гэта каша ці суп на 30 порцый.

Строгі рэжым

Дзень на «фазэндзе» пачынаецца ў 7.30 з духоўна-маральнай планёркі. Тут пастаяльцы чытаюць Біблію, абмяркоўваюць надзённыя пытанні і скідваюцца дробяззю на прадукты. Потым пачынаецца нарыхтоўка дроў, хтосьці ідзе ў магазін ці адпраўляецца на падпрацоўку. Ёсць хлопцы, якія ўстанаўліваюць вокны, кладуць плітку.  

Пасля абеду ў часова абяздоленых вольны час. Ежу пастаяльцы прытулку Іваныча гатуюць сумесна. Звычайна гэта каша ці суп на 30 порцый. Адбой звычайна ў 23 гадзіны. 

Мікалай Юр’евіч прыехаў у сталіцу з Гродна год таму. Каля трынаццаці гадоў ён хварэў на туберкулёз. Пастаянную працу з такой хваробай знайсці было немагчыма. Ад каханай 40-гадовы Мікалай амовіўся: «Навошта ёй жывы труп?» Але раптам урач шакіраваў неспадзяванай навіной: шкодная палачка знікла.  

Кампанію абяздоленым у прытулку складаюць каты. Іх тут больш за дзясятак. Муська сядзіць на калене гаспадара, пакуль ён прыгадвае сваіх найбольш «каларытных» пастаяльцаў. 

Найбольш цяжка, па словах Юрыя Мельніка, «аднаўляць» людзей, схільных да суіцыду. Аднойчы да яго звярнулася 30-гадовая жанчына, якая вельмі цяжка перажывала смерць маці. Ёй здавалася, што маці яе кліча, бачыла яе ў снах. Сумеснымі намаганнямі жанчына прадала бацькоўскую кватэру і знайшла сэнс у жыцці. 

Узрост жыхароў «фазэнды» розны: ад 20 да 80 гадоў.

Пазітыўна Іваныч успамінае Пілігрыма. Яму далі такую мянушку за доўгія валасы і вольнасць ва ўчынках: мог спантанна сесці на таварны цягнік і паехаць у пячору ў Крыме. Пілігрым быў даволі забяспечаным чалавекам, пакуль не перапісаў кватэру на жонку з дачкой пасля здрады. Іваныч пакрокава вучыў мужчыну збіраць макулатуру, каб той здолеў зарабляць на бохан хлеба. Цяпер ён сябе выдатна адчувае і ўжо восьмы год працуе на хлебазаводзе. 

Праходзяць праз «фазэнду» і жанчыны, хоць іх і няшмат. Вера 45 год пражыла тут месяц з паловай з 5-гадовай дачкой. Таццяна таксама часцяком бывае ў прытулку, дапамагае па гаспадарцы. Яе жыццё перамянілася пасля страшэннага дыягназу — СНІД.   

Прытулак у Іваныча становіцца апошнім месцам, на якое спадзяюцца людзі. Пабудова ў любую хвіліну можа пайсці пад знос як старое жыллё. З апошніх ахвяраванняў Іваныч плануе паставіць шклопакеты і абкласці дом, каб стала цяплей. Юрыя Мельніка запрашаюць распачаць падобную справу ў Расіі, аднак ён пакуль адмаўляецца: хоча давесці да ладу справу на радзіме. У ідэале бескарысны рух «Дабрачыннасць і міласэрнасць кругласутачна» з часам ахопіць усе раёны нашай краіны. 

veronulas@sb.by

Фота Антаніны ХАТЭНКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter