Павел Масленников был необычно талантливым и колоритным художником

Хэмінгуэй з эцюднікам

Масленікаў, 105-годдзе з дня нараджэння якога адзначым у лютым наступнага года, быў не толькі жывапісцам. Доўгія гады працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Вялікім тэатры оперы і балета, афармляў спектаклі ў Купалаўскім тэатры, кіраваў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытутам. Акрамя таго, ён стаў адным з ініцыятараў адкрыцця ў гэтым інстытуце кафедры мастацкага афармлення тканін і вырабаў з іх і Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву (цяпер гэта гімназія-каледж мастацтваў імя І.А. Ахрэмчыка). Нездарма яшчэ пры жыцці Паўла Масленікава яго імя было прысвоена Магілёўскаму абласному мастацкаму музею.


Цікава, што яшчэ ў дзяцінстве Паўка, як яго называлі родныя, ведаў, што хоча займацца творчасцю. Ён любіў кнігі, спрабаваў маляваць, іграў на балалайцы. Пасля чатырох класаў у роднай вёсцы Кніжыцы Магілёўскага раёна паступіў у школу ў Магілёве. Потым былі Магілёўскі педагагічны тэхнікум, Віцебскае мастацкае вучылішча і размеркаванне ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета. Праўда, папрацаваць у тэатры доўга не ўдалося. Творчасць перапыніла вайна. З фронту Павел Васільевіч вярнуўся ўжо з жонкай Нінай -- прыгажуняй-сувязісткай родам з Пензы. Вярнуўся ў той жа тэатр. У пасляваенныя гады складана было пахваліцца дастаткам, таму першы час Масленікавы жылі ў адгароджанай фанернай перагародкай частцы макетнай майстэрні тэатра. З мэблі -- адзін ложак ды вялікі драўляны франтавы чамадан, у які Павел з Нінай укладвалі нованароджаную дачку Веру.

Павел Масленікаў ствараў дэкарацыі да спектакляў, займаўся афармленнем урадавых канцэртаў, рабіў эскізы касцюмаў да кінафільмаў. Паралельна вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Ён лічыў, што вучыцца ніколі не позна -- у сорак гадоў нават стаў аспірантам Акадэміі навук БССР. Пасля тэатра Масленікаў перайшоў на выкладчыцкую працу ў тэатральна-мастацкі інстытут. А калі вызваліўся ад службовых абавязкаў, працягваў працаваць дома.


Масленікаў быў не толькі таленавітым, але і вельмі каларытным мастаком. Яго вучань Сямён Свістуновіч пісаў: “Павел Васільевіч быў бачным мужчынам і знешне меў вельмі шмат агульнага з Хэмінгуэем ці вядомым акцёрам Шонам Конэры. І, як ні дзіўна, з гадамі Масленікаў станавіўся ўсё больш абаяльным. Срэбная барада і чорны бярэт дапаўнялі вобраз гэтага чалавека”.

mila@sb.by


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter