Хелена, акрыленая песняй: наша юная зорачка заўтра пастараецца ўзляцець у ТОП-3 конкурса дзiцячае "Еўрабачанне"

14-гадовая Хелена Мерааі выйдзе на сцэну Алімпійскага палаца ў Тбілісі пад пятым нумарам. Яе песня называецца «Я самая». Мы згодныя: наша дзяўчынка самая лепшая. Але што скажуць гледачы і журы?

У Хелены будзе цікавы сцэнічны нумар
Фота  БЕЛТА

Хелене можна пазайздросціць і паспачуваць адначасова. Асаблівая ўвага ёй забяспечана, бо ў наступным годзе менавіта наша краіна будзе прымаць гэты конкурс. Але школьніца ўпэўненая ў сваіх сілах. Яна прайшла праз сур’ёзны адбор. Прад­стаўляць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» сёлета жадалі каля сарака салістаў і калектываў. Але адзінагалосна вылучылі Мерааі.

На працягу чатырох месяцаў Хелена плённа папрацавала над голасам і нумарам. На некаторы час ёй нават прыйшлося забыць пра школьныя заняткі. Яе педагог па вакале Вольга Драздова мае вялікі вопыт удзелу ў падобных конкурсах: «Голас. Дзеці», «Дзіцячая Новая хваля». Яе выхаванцы Руслан Асланаў і Саша Мінёнак няблага выступілі на папярэдніх дзіцячых конкурсах «Еўрабачання». Дарэчы, займалася яна і з NaviBand. Словам, Хелена ў надзейных руках.

Гэта датычыцца не толькі педагога. Уся каманда, якую ў Грузіі ўзначальвае намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, добра ведае сваю справу. Спецыялісты прыдумалі цікавы сцэнічны нумар. Рэжысёр Глеб Шапо расказаў, што ён будзе мець містычны настрой. Фішка — паветраныя рукавы касцюма юнай артысткі стануць адным цэлым з ружовымі крыламі, якія з’явяцца ў графіцы сцэны. Графіка сапраўды вельмі відовішчная: выканаўца быццам бы знаходзіцца ў цэнтры нейкага сусвету. І яна цалкам адпавядае сэнсу песні: маўляў, кожны з нас — маленькі сусвет, і калі верыць у сябе, усе мары спраўдзяцца.

Грузінскі конкурс па фармаце амаль нічым не будзе адрознівацца ад папярэдніх. На сцэну адзін за адным выйдуць выканаўцы з шаснаццаці краін. Адзінае сур’ёзнае змяненне датычыцца галасавання. Сёлета ўпершыню за больш чым дваццацігадовую гісторыю дзіцячага «Еўрабачання» свае сімпатыі да таго ці іншага ўдзельніка можна аддаць на сайце конкурсу www.junioreurovision.tv. Там размешчаны выступленні ўсіх канкурсантаў. Галасаванне адкрылася яшчэ ўчора, скончыцца яно заўтра а 18-й гадзіне, якраз перад трансляцыяй канцэрта, а пасля яго заканчэння адновіцца яшчэ на 15 хвiлiн. Каштоўнасць новаўвядзення ў тым, што такім чынам гледачы могуць аддаць свой голас за прадстаўніка сваёй краіны, чаго яны пазбаўлены падчас тэлефоннага галасавання. Таму, шаноўныя беларусы, не чакайце эфіру, заходзьце ў інтэрнэт прама зараз і выбірайце сваіх фаварытаў. Пераможца будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў: палова ад адных і палова ад другіх.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter