“Хай прыходзяць у хату госцi i шчасце з вамi будзе!”

Напярэдадні Шчодрага вечара “Народная газета” вырашыла “пакалядаваць” з “Хмелеўскімі валацугамі” – лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі

Напярэдадні Шчодрага вечара “Народная газета” вырашыла “пакалядаваць” з “Хмелеўскімі валацугамі” – лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі

У каго як не ва ўдзельнікаў народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Хмелеўскага сельскага Дома культуры Жабінкаўскага раёна, узнагароджаных за значны ўклад у адраджэнне і развіццё традыцыйнай рэгіянальнай культуры, народнага гумару, песеннага і танцавальнага мастацтва, было нам запытаць пра калядныя і навагоднія традыцыі? Ніводнае значнае свята ні ў раёне, ні ў вобласці не абыходзіцца без гэтых вясёлых хмелеўскіх жанчын. А калядаванне і шчадраванне наогул іх “фішка”. “Хмелеўскія валацугі” на святы не толькі песні аўтэнтычныя спяваюць, але і жартуюць смела і сучасна.

З’явіўся гэты ўнікальны калектыў, як расказваюць сёння яго ўдзельнікі, зусім выпадкова. Дванаццаць гадоў таму артыстаў з вёскі Хмелева запрасілі на першы фестываль гумару ў Спорава.

— Жартовалы, спывалы, нават брэйк-данс в андараках танцовалы, — расказвае на сваім унікальным дыялекце кіраўнік тэатра Наталля Дырман. —  Самы нэ моглы на головэ стояці, так мужыкі ззаду стоялы за ногы держалы, а мы на головэ круцілыся. Дурака валялы, думалы, нічога особеннага нэ робым, а оказалось, усё правыльно зробылы.

Тады і назва калектыву з’явілася. Зноў жа выпадкова. “Долго голову нэ ломалы”, — гаворыць Наталля Аляксееўна. Валацугай называў удзельніцу калектыву, дырэктара Хмелеўскага сельскага Дома культуры Таццяну Грыцук яе муж — за тое, што шмат часу на працы праводзіла. “Од хаты до роботы — тры мынуты ходу / А ідэш ты тры годыны / Як за дальні край / Волоцюгай себэ смела называй”, — зрыфмавала пазней Наталля Дырман.

І закруцілася. Канцэрты, запрашэнні, паездкі. Не толькі па сваім раёне — па ўсёй Беларусі і нават за мяжу. Сёння ў  жанчын і маленькія памочнікі ёсць — узорны дзіцячы калектыў “Дараносіца”, якім кіруе нязменная “валацуга” Таццяна Грыцук. Маленькія хмелеўцы ў першую чаргу аднаўляюць старадаўнія беларускія танцы, пра многія з якіх большасць нават і не чула: “Ночка”, “Абэрак”, “Базар”, “Ой за гаем” і іншыя.

 Кіраўнік народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Наталля Дырман пра атрыманне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта:

— Калі атрымалі прэмію, задумалася: “А за што менавіта мы яе атрымалі?” За аднаўленне традыцый? За развіццё культуры? А можа, проста за тое, што добра весялім народ? Канкрэтнага адказу не знайшла. Але падумала: у жыцці мы робім тое, што нам падабаецца, а таму робім з задавальненнем. А калі робіш з задавальненнем, то вынік атрымліваецца такі, як трэба. І людзям падабаецца тое, што мы робім. А яшчэ, магчыма, нас адзначылі таму, што мы адрозніваемся ад іншых, “шо у нас есць шо свое” — як наша каларытная мова, да прыкладу.

У рэпертуары ж самабытных “Хмелеўскіх валацуг” — аўтэнтычныя і аўтарскія песні, танцы, жарты і прымаўкі. Многае пачута і запісана ад бабуль. Астатняе — падгледжанае ў жыцці ці прыдуманае асабіста. Да прыкладу, на мінулыя абласныя “Дажынкі” жанчыны-”валацугі” добра павесялілі ўсіх перакладзенай песняй “Буранаўскіх бабуль”: “Мы ўстроім крэйзі паці, / Добра погуляем. / Зараз вып’ем, эвры бадзі. / Девкі, зажыгаем!” Да таго ж хмелеўцы — сапраўдныя майстры імправізацыі.  Жарты, анекдоты нараджаюцца ў іх проста на сцэне. І галоўнае, людзі вераць, што ўсе гэтыя жарты адбываліся на самай справе.

— Колісьці поехала в Авцюкі і расказвала анекдоты, як мужык п’е, бабу гоняе, — успамінае Дырман. — Прыехала чэрэз много літ. Анекдоты другія, а тема та жэ. Подыходіть бабка пожылая-пожылая: “Дітіна, я ж цебэ помятаю. І шо, твой мужык не успокоілся, так і п’е?” Я кажу: “Ну, зараза, нэ успокоілся”.

Менавіта гэтая нязмушанасць хмелеўцаў, жывая ігра з гледачом і падабаецца народу больш за ўсё. Таму іх запрашаюць і на тэлебачанне, і ў сталіцу, і на канцэрты ў Польшчу. Летась, да прыкладу, хмелеўскія жанчыны амаль усю Польшчу з абрадам шчадравання абышлі.

— Хадзілі па хатах, шчадравалі. У іх Стары Новы год, ці Шчадрэц (Гагатухай называецца) — гэта ж час, калі можна жартаваць і весяліцца. Па-сапраўднаму шчадравалі, ну і давалі нам па-сапраўднаму, — смяецца Наталля Аляксееўна.

А як жа па-добраму не аддзячыць такім шчадрухам, калі яны так шчыра і ад усяго сэрца віншуюць са святамі, добра адчуваючы, каму што пажадаць на наступны год. Каму — “каб хрумкала і рохкала, а ў пасцелі вохкала”, а каму — “хай вам нэ ломіть косты і не болять вам груды, прыходять у хату госты і шчасце з вамі будэ!”

Вядома, і сваіх вяскоўцаў не абыходзяць увагай “Хмелеўскія валацугі”. Абрад шчадравання, якім штогод радуе Наталля Дырман з сяброўкамі аднавяскоўцаў, у Хмелеве вельмі любяць і чакаюць. Чакаюць і сёлета, калі ўжо на вуліцы пачуюцца радасныя і шчаслівыя галасы іх мясцовых “валацуг”:

А ўчора звэчора
З нэбэснага двора
Прыйшла нам новына —
Родыть Дева сына...

 Не паспелі мы адзначыць Новы год і Каляды, як прыйшоў час яшчэ аднаго свята — Старога Новага года. Свята гэтае, варта сказаць, больш чым загадкавае. Асабліва для замежнікаў. Зразумець, як Новы год можа быць старым ды яшчэ і святкавацца праз два тыдні пасля звычайнага, сапраўды цяжкавата. Але толькі калі не ведаць гісторыі.

Прычына такога непаразумення, аказваецца, хаваецца ў змене летазлічэння. Доўгі час свет жыў па календары, створаным па даручэнні імператара Гая Юлія Цэзара яшчэ ў 46 годзе да нашай эры. Дарэчы, ён так і называўся — юліянскі. Аднак за шматлікія стагоддзі каляндар “адстаў” ад жыцця, і ў XVI стагоддзі папа рымскі Грыгорый XIII зладзіў каляндарную рэформу, у выніку якой у кастрычніку 1582 года пасля чацвёртага чысла наступіла адразу пятнаццатага.

На новы грыгарыянскі каляндар большасць еўрапейскіх краін перайшлі да канца XVII стагоддзя. А вось Расія спакойна працягвала жыць па старым юліянскім календары, пакуль у 1918 годзе рэвалюцыянеры не перавялі яе на новы грыгарыянскі стыль. Здавалася б, нічога страшнага — жыццё ўсяго толькі зрушылася на два тыдні, перайшлі адзін раз і забыліся. Аднак Руская праваслаўная царква працягвала жыць і адзначаць свае святы па старым стылі. У выніку праваслаўныя вернікі сутыкнуліся з невялікай праблемай: Божае Нараджэнне яны святкавалі 7 студзеня, а афіцыйны Новы год прыпадаў на 1 студзеня. Як жа яго адзначаць, калі пост у самым разгары? Хіба толькі па старым стылі. Вось так і з’явілася яшчэ адно свята — Стары Новы год, які сталі адзначаць з 13 на 14 студзеня. Не толькі ў Расіі. Стары Новы год святкуюць сёння ў Латвіі, Малдове, Арменіі, Казахстане, Сербіі, Чарнагорыі, ва Украіне і ў нас, у Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter