Хатынi кроўная сястра

Журботны мартыралог Мемарыяльнага комплексу “Хатынь” змяшчае звесткі і пра палескую вёску Тонеж, таксама, як і Хатынь, датла спаленую фашыстамі. Колішні буйны цэнтр воласці і праваслаўнага Мазырскага прыходу, што раскінуўся ў паўсотні кіламетрах ад райцэнтра Лельчыцы, ён і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў адным са шматнаселеных у раёне. Каля 1300 жыхароў жылі тут сваімі вясковымі клопатамі. Шчыравалі на палетках мясцовага калгаса “Праца”, збіралі журавіны, якіх процьма ў тутэйшых лясах. Ад душы жадалі маладым шчасця і багацця на вяселлях, гэтак жа шчыра і непадробна смуткавалі аб аднавяскоўцах, што сыходзілі ў нябыт... Звыклую хаду жыцця раптоўна парушыла вайна.
Маладзейшыя з мужчын пайшлі на фронт, нехта (далей ад бяды) падаўся ў лес. Астатнія ж, у большасці сваёй састарэлыя, жанчыны з дзецьмі, што засталіся ў вёсцы, неўзабаве адчулі на сабе, што такое новы “нямецкі парадак”. Выгнанне вяскоўцаў з родных хат, перыядычныя рабаванні іх жытла значыліся ў пераліку праяў гэтага “парадку”, бадай, самымі бяскрыўднымі ўчынкамі. Не менш за сваіх новых гаспадароў стараліся трымаць тонежцаў “у чорным целе” мясцовыя прыслугачы фашыстаў – паліцаі, адзін з іх – Маркевіч – вылучаўся асаблівай жорсткасцю. Менавіта па даносах здраднікаў акупанты расстралялі некалькі сем’яў чырвонаармейцаў і партызан. Да слова, не адзін чалавек у Тонежы меў сувязі з народнымі мсціўцамі са славацкага атрада Яна Налепкі і партызанамі лельчыцкай брыгады, што ў сорак другім – пачатку сорак трэцяга актыўна дзейнічалі на тэрыторыі Лельчыцкага, Ельскага і іншых палескіх раёнаў. Партызанскія рэйды наводзілі жах на фашыстаў, наносілі ім немалыя страты. Пасля налётаў партызан гітлераўцы хавалі дзесяткі сваіх “слаўных ваяк”. У сваю чаргу, не маючы магчымасці нешта супрацьпаставіць дзёрзкім вылазкам лясных мсціўцаў, фашысты спаганялі лютую злосць на мірных жыхарах. ...Ранкам 6 студзеня 1943 года карнікі на некалькіх машынах прыехалі ў Тонеж і акружылі вёску. Яны ўрываліся ў хаты і з воклічамі “Аусвайс умтаушен!” выганялі людзей на вуліцу. Быццам бы для абмену дакументаў тонежцаў пад дуламі аўтаматаў пачалі зганяць да цвінтара, невялікага захавання каля мясцовай царквы. Тых жа, хто супраціўляўся або адмаўляўся ісці, забівалі без роздуму. Не спыняючыся ні перад старымі, ні перад малымі. Нямоглага Несцера Астравіка, што меў векавы ўзрост, карнікі застрэлілі прама на печы, а яго хату падпалілі. Дзевяцігадовага Аляксея Акуліча, што праз агароды кінуўся ўцякаць да лесу, дагналі і закалолі штыкамі. Калі немцы загадалі сагнаным людзям распранацца да бялізны і заходзіць у царкву, а ў вокнах святога храма пачалі ўстанаўліваць кулямёты, сумненні вяскоўцаў у сапраўдных намерах гітлераўцаў развея-ліся як дым. Загаласілі, мацней прыціскаючы да сябе дзяцей, жанчыны. Нехта са старэйшых упаў на калені і з ма-літвай пачаў прасіць у Бога і немцаў збавення ад блізкай бяды для бязвінных людзей. Але Усявышні быў занадта высока, а звярам у мышына-балотных шынялях пачуццё літасці не было вядома. Вось ужо фашысцкі афіцэр ускінуў руку ў чорнай скураной пальчатцы, шчоўкнулі затворы кулямётаў. Усе, хто быў у царкве, разам суцішыліся. Нават дзеці, якія толькі што голасна плакалі. Прагучала адрывістая каманда афіцэра “Фойер!”, і пад аглушальны трэск кулямётных стрэлаў крайнія з натоўпу паваліліся на падлогу. Стогны параненых і пракляцці забойцам з вуснаў яшчэ жывых зліліся ў адно. Натоўп кінуўся да супрацьлеглай сцяны, дзе, як падалося, страля-ніна была меншай. Але і адтуль па людзях паласнулі свінцовыя ліўні. Мінула яшчэ колькі мінут, пакуль гарачыя чмялі зрынулі долу апошняга з тонежцаў і пад святымі абразамі завяршылася крывавая вакханалія. Урэшце, казаць “завяршылася” наўрад ці правільна. Карнікам не патрэбны былі сведкі ўчыненага, і яны пайшлі па яшчэ цёплых чалавечых целах, дабіваючы з пісталетаў тых, хто падаваў хоць нейкія прыкметы жыцця... Але схаваць сляды злачынства фашыстам не ўдалося: адной са сведак крывавай тонежскай трагедыі, як і ўцалеламу жыхару Хатыні Іосіфу Камінскаму, наканавана было застацца ў жывых. Маці чатырох дзяцей (меншаму з іх было адзінаццаць) Таццяна Бароўская разам са сваімі нашчадкамі тады таксама апынулася ў створаным карнікамі пекле. Фашысцкія кулі не пашкадавалі ніводнага з дзяцей, усе яны загінулі ў царкве. Маці ж была паранена ў нагу і, упаўшы, апынулася пад целамі забітых аднавяскоўцаў. Другая куля – ужо выпушчаная з нагана фашыста – агнём апякла руку, і жанчына страціла прытомнасць. Ачуняла, калі гітлераўскія ваякі, пакінуўшы месца жудаснай бойні, ужо шасталі па хатах тонежцаў, выцягваючы адтуль усё, што траплялася пад руку. Неўзабаве адзін, а за ім другі будынак заняліся агнём. Прыцемкам, калі Таццяна Бароўская знайшла ў сабе сілы выбрацца з-пад трупаў і выпаўзці з напоўненай пахам чалавечай крыві і парахавым смуродам царквы, Тонеж ужо нагадваў адзін вялізны факел. Перамагаючы страшны боль ад раненняў, напаўапранутая жанчына дабралася па гэтай палаючай Галгофе да лесу, дзе яе, знясіленую, потым падабралі і адправілі да партызан добрыя людзі. Ранкам наступнага дня фашысты вярнуліся ў Тонеж і падпалілі драўляную царкву, нават не падазраючы, што страшная праўда пра напярэдадні здзейсненае імі ўжо вядома многім. ...Толькі праз некалькі месяцаў жыхары Тонежа, што пазбегнулі крывавай расправы, схаваўшыся ў лесе, змаглі сабраць і пахаваць абгарэлыя астанкі сваіх былых землякоў. Быў там і попел 108 тонежскіх дзяцей да 15-гадовага ўзросту, якія так мала паспелі пабачыць за свае кароткія жыццi. Пасля вайны на месцы фашысцкай расправы быў узведзены помнік. Бываючы ў Тонежы, кожны, хто праходзіць ля цвінтара, абавязкова прыпыніцца, каб прачытаць надпіс на мемарыяльнай дошцы абеліска: “Здесь похоронены 262 жителя деревни Тонеж, зверски замученные немецко-фашистскими захватчиками 6 января 1943 года”. Таццяна Бароўская якраз і была той дзвесце шэсцьдзесят другой, памылкова ўключанай у спісы загінуўшых. Насуперак усяму яна выжыла ў тыя студзеньскія дні, каб расказаць людзям праўду аб страшнай трагедыі. Бог падараваў ёй доўгае жыццё. Мужная жанчына пражыла ў адноўленым пасля вайны Тонежы да лютага 2001-га і па-кінула гэты свет у 95-гадовым узросце... Выказваем шчырую ўдзячнасць намесніку старшыні Лельчыцкага райвыканкама Вользе Гаўрылавец, намесніку дырэктара раённай бібліятэкі Веры Лукашэвіч і супрацоўнікам раённага музея за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter