Этнаграфічна-асацыятыўны рэпартаж з берага Індыйскага акіяна

Хаткі пад какосавымі пальмамі

Гэтыя нататкі пісаліся летам у штаце Керала, на аюрведычным рэзорт-курорце Націка. Таму ўключаем фантазію ды перамяшчаемся грэцца бліжэй да экватара — у індыйскую зіму, у сезон цёплых дажджоў.

Beach huts — гэта і ёсць пляжныя хаціны.

Цікава сустрэць у Індыі роднае слоўца, хоць і напісанае на англійскі манер: beach huts. Крыху дасведчаны ў чужой мове беларус распазнае спачатку beach — пляж. А huts я, больш валодаючы мовай нямецкай, пры беглым чытанні прыняў за nuts — арэхі. Ну, арэхі ж, думаў, прама з какосавых пальмаў закочваюцца на пляж. А сябар мой, вучоны-геолаг Уладзімір Шымановіч, прачытаў шыльдачку-ўказальнік пры пляжы належным чынам: хатс. І не было сумненняў, што не “пляжныя арэшкі” тут азначаны, а шэраг зробленых у этнастылі хацін.

Амаль бязлюдны пясчаны пляж на беразе акіяна, бо цяпер тут “зіма”. Калі запісваю гэтыя радкі, дажджу няма і горача пад індыйскім “зімовым” сонцам: прыхоплены з Мінска спружынкавы тэрмометр у цені паказвае +34 градусы па Цэльсіі. Паколькі не “арэхі”, а якраз “хаты” вызначальныя ў шыльдавым словазлучэнні, то звернем на іх увагу. Згадваецца, у “Новай зямлі” Якуб Колас пісаў: “Цяпер разгорнем часаў шаты,/ Бліжэй прыгледзімся да хаты”.

Нібы цацачных лялечак упрыгожваюць малых дзетак у індыйскіх сем’ях.

Седзячы ў цяньку, разглядваю. Хатка пад пальмамі — лёгкая пабудова. Пад ёй невялічкі столік і два лежакі. Каркас даху зроблены з бамбукавых жэрдак: іх у Беларусі называюць кроквамі. Над зямлёй кроквы прыўзняты, можа, на метр і замацаваныя, здаецца, вяроўкамі з валакна кунжутнага, на крыху больш тоўстых, укапаных у пясок бамбукавых стойках. Вось калі б дах беларускай хаты прыўзняць на шасці бакавых слупах, а пад канёк па цэнтры ззаду і спераду паставіць яшчэ два даўжэйшыя, метры па тры, то і будуць акурат гэтыя beach huts. Крокваў на страсе налічыў па сем з кожнага боку. Як прыгледзецца, то бачым: акрамя вяровак, пры вязцы стрэх скарыстана яшчэ нейкае лыка. Праўда, паблізу экватара, ва ўмовах трапічнай вільготнасці (тут каля 10 градусаў паўночнай шыраты, а ў Мінска прыкладна 53,9 градуса) лыкі ўжо месцамі струхлелі, рассыпаліся. А кроквы, хоць і ўнутры, пад страхою, часткова ў зялёнай цвілі. Як, дарэчы, і покрыўны матэрыял — пальмавыя лісты.

Індыйцы, як і беларусы, у традыцыйным будаўніцтве скарыстоўваюць мясцовыя расліны. Зараснікі бамбукавыя тут паўсюль, і какосавых пальмаў у паселішчы Націка ды вакол яго велізарныя гаі. Менавіта вялізнае лісце такіх пальмаў пайшло на стрэшкі ўсіх пляжных хацінак, якіх на рэзорт-курорце больш за дваццаць. Праўда, у стрэхавую канструкцыю кожны ліст адпаведным чынам прыстасаваны. З ліста атрымліваецца пляскатая пляцёнка, даўжынёй метры тры і сантыметраў трыццаць у шырыню. Пляцёнкамі замошчваюць страху па кроквах, пачынаючы ад нізу хаткі. Мацуюць “коскі-какоскі” ўжо згаданым лыкам. І, натуральна, кожная наступная мосціцца з заходам — каб шчыльней было ды вада не працякала. Гэтак жа робяць і нашы страхары, паслойна кладучы ў страху салому ці чарот.

Рамонт страхі Цэнтра ёгі.

Выгляд стрэшкі знутры хаціны.

Да верху на адным з бакоў страхі я налічыў 17 слаёў — па дзве пляцёнкі з нахлёстам у кожным. Яшчэ два слаі ляжаць зверху, на каньку. Плюс па тры лісты, пакладзеныя ўнахлёст, умацаваны на кожным баку стрэшкі звонку. Так што на адну хаціну майстры скарысталі 76 пальмавых лістоў. І гэта зусім не пляжная паказуха, як часам бывае ў прыморскіх гатэлях, а сапраўдная аўтэнтыка.

Мы ведаем, што раней вясковыя хаты ў Беларусі пакрывалі саломай, пераважна жытняй, бо яна найбольш моцная і доўгая. У некаторых мясцовасцях, прыазёрна-прырэчных ды прыбалотных, у справу ішоў і чарот. Як кажа мой вясковы досвед, стрэхі рабілі з такою ж, як у Індыі, сістэмай крокваў, з такою ж больш моцнаю бэлькай-каньком (часам іх было і дзве) уверсе ды меншымі па баках унізе, да якіх кроквы мацуюцца.

Мастакі распісваюць сцяну-агароджу каля крышнаіцкага храма.

На жаль, распытаць, як называецца той ці іншы элемент хаціна-стрэхавай канструкцыі ў індыйскіх пабудовах, мне не ўдалося. Ёсць моўны бар’ер. Нават англійскую мову мясцовы “просты люд” не надта ведае: вельмі “глыбокая глыбінка”. Самалётам ад Кочына (куды мы прыляцелі) да сталіцы Дэлі звыш 2000 кіламетраў. У штаце Керала жывуць, дарэчы, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, больш  за ўсё прадстаўнікоў народа малаялам, і мова ў іх малаялам: адна з 23 афіцыйных моў Індыі. На ёй, падказвае інтэрнэт, гаворыць звыш 35 мільёнаў чалавек, найбольш якраз у штаце Керала. На малаялам, дарэчы, запушчаны нават раздзел Вікіпедыі ў інтэрнэце. Даследчыкі адносяць мову да сям’і дравіцкіх, і ёсць нават “пераканальная гіпотэза” пра роднасць гэтай сям’і з мовамі ўральскімі...

Распытваць жа на курорце Націка пра “індыйскія хата-тэхналогіі” ёсць у каго — побач з нашым катэджам рамантуецца мясцовы Цэнтр ёгі. Будынак салідны: метраў 50 у даўжыню, з 30 у шырыню і пад 15 у вышыню. Канструкцыя падобная да вялікага беларускага гумна. Покрыўны матэрыял — тыя ж пляцёнкі-какоскі, а паміж кроквамі там яшчэ ёсць латы. Я недзе чытаў: слова “лата” на адной з індыйскіх моў — гэта палка-дубінка паліцэйскага. І ў беларусаў лата па сутнасці палка! Днямі я назіраў, як у самую гарачыню (на сонцы пад 40!) двое страхароў, падставіўшы доўгія драбіны, рамантавалі страху. Пэўна, стала працякаць у сезон дажджоў.

Вось такою вялізнаю матыкай карыстаюцца ў Індыі.

Што да кунжутных вяровак, то іх памятаю з дзяцінства. Нейкім чынам вялікія мяшкі з грубага, колкага на вобмацак палатна з Індыі траплялі ў наш калгас, у вясковыя магазіны — думаю, можа, у іх везлі ў СССР трысняговы цукар. І пакуль не прыйшла сінтэтыка, то ў нашай вёсцы часта выкарыстоўваліся побач з ільнянымі вяровачкамі і завязкі вось такія, што бачу ў канструкцыі хаціны.

На тэрыторыі рэзорта Націка, дзе мы ўмацоўвалі здароўе ў адпаведнасці са старажытнай сістэмай аюрведа, ёсць іншыя будынкі, узведзеныя з выкарыстаннем старажытных тэхналогій. Вунь там, непадалёк, дзве зручныя альтанкі-лаўнжы для адпачынку. За басейнам, побач з акіянам, пад пальмамі ёсць гаспадарчы блок, сцены ў якім — з пляцёнак, з іх жа сцены і дах у прыбасейнавых туалетах.

Тут, у Індыі, слова “хатс” мяне грэе, як кажуць, знутры. Бо мова беларуская — з усходнеславянскіх і  належыць да больш вялікай супольнасці індаеўрапейскіх. Гэта, дарэчы, самая пашыраная ў свеце моўная сям’я, у якую ўваходзіць і англійская. Лічыцца, што прарадзімай індаеўрапейцаў былі тэрыторыі на поўнач ад Чорнага мора.

Мова цяперашняй аюрведы — санскрыт, старажытная літаратурная мова Індыі. На ёй напісаны і  Веды, зборнікі найстаражытных пісанняў. І назва гэтая ўсім беларусам зразумелая без перакладу: веды ёсць веды. Як ні дзіўна, у нашай мове ёсць яшчэ сотні слоў іншых, сугучных з санскрытам. Дарэчы, два гады таму ў Мінску прэзентаваўся падручнік “Уводзіны ў традыцыйны санскрыт” Міхаіла Баярына. У імпрэзе ўдзельнічалі аўтар, паэт і перакладчык з санскрыту Ігар Кулікоў, выкладчыца курсаў гэтай індыйскай мовы Наталля Уласава.

Стрэхі беларускіх вясковых хат падобныя да тых, што пакрываюць хаткі на пляжы ў Паўднёвай Індыі, бліжэй да ўскраіны “індыйскага рога”, на картах скіраванага да экватара. І санскрыт мясцовай аюрведы перагукваецца многімі словамі з нашай мовай. Можаце лічыць гэта цікавымі супадзеннямі. Як і наяўнасць шматлікіх сімвалаў сонца на даўніх беларускіх вышыўках-арнаментах — а такія ж ёсць і ў Індыі. Аднак жа для дапытлівых — добрая нагода паразважаць: як цесна ўсё ў гэтым свеце спалучана. Ну нешта ж сваё, роднае прыцягвае беларусаў да індыйскай экзотыкі.

ivan1960@источник

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter